Грамадства77

«Адзін малады чалавек спачатку прыходзіў да нас, а праз нейкі час прыехаў на «Вольва». Як працуе і выжывае сталоўка для бяздомных 

У мінулыя выхадныя карэспандэнт «Народнай волі» наведаўся ў сталічную сталовую для бяздомных і расказаў, што ён там пабачыў.

Сацыяльны праект «Дапамога бяздомным». Фота: сацсеткi

Адрас вуліца Рыбалкі, 26 для многіх людзей, вымушаных жыць на вуліцы, добра знаёмы. Менавіта ў гэтым месцы яны могуць бясплатна паесці, атрымаць адзенне і лекі.

Сталовая працуе тры разы на тыдзень — бяздомных кормяць у пятніцу ў 18.00, у суботу ў 13.00, у нядзелю — пачынаючы з 11.00. У будныя дні тут харчуюцца рабочыя, якія працуюць у гэтым індустрыяльным раёне, а ў выхадныя работнікі сталовай за асобную плату гатуюць для бяздомных.

У суботу каля 13.00 народу на другім паверсе будынка, дзе месціцца пункт харчавання, ужо даволі шмат. У асноўным гэта мужчыны сярэдняга і жанчыны нявызначанага веку. Хапае і сталых людзей.

Прысутныя займаюць месцы за сталамі, але ўсім не хапае, таму некаторыя стаяць ля ўвахода. Перад абедам стваральнік сацыяльнага праекта «Дапамога бяздомным» і ініцыятар з’яўлення сацыяльнай сталовай Аляксандр Чарніцкі праводзіць паўгадзінны біблейскі ўрок.

Аляксандр Чарніцкі. Фота: сацсеткi

«Тое, што нам сёння трэба захаваць, каб увайсці ў Царства Божае, — гэта вера і нашы добрыя справы, — распавядае Аляксандр тым, хто прыйшоў у сталовую. — Нашы добрыя справы і міласэрнасць, нашы маленькія дзеянні нават у гэтай сталовай.

У нас быў адзін чалавек, які аднойчы прыйшоў нападпітку, а затым пад сталом пакінуў пустыя бутэлькі ад алкагольных напояў. Я яго ў галаве пра сябе запомніў, але, думаю, паназіраю, як ён далей будзе сябе паводзіць. І, відаць, той мужчына нешта адчуў. Ён яшчэ раз прыйшоў, сеў за сталом, але пасунуўся, каб змог сесці і іншы чалавек, які стаяў побач. Мне гэта спадабалася. Таму што гэта маленькі, але вельмі добры ўчынак. Гэта тыя рэчы, які прывучаюць нас рабіць дабро. Вось вы зробіце добрую справу — і адчуеце радасць, бо ў вашым сэрцы будзе жыць дабрыня. У вас як быццам маленькія крылы вырастуць за спінай. Вось таму ў Евангеллі і напісана: «Навучыцеся рабіць дабро!»

За той час, калі праходзіць біблейскі ўрок, бяздомным раздаюць талоны. На ўсіх прысутных не хапае, але можна атрымаць у другой чарзе не комплексны абед, а кашу з тушонкай, малако і хлеб.

Фота Алеся Сiвага

Комплексны абед у гэты дзень — суп, каша з мясной падлівай, кампот, некалькі кавалкаў белага і чорнага хлеба, сасіска. Людзі стаяць у чарзе, атрымліваюць на падносах ежу, якую раздаюць валанцёры, і садзяцца за сталы. Многія нават не распранаюцца, тым больш што асобнага гардэроба для бяздомных няма.

Пасля абеду некаторыя займаюць яшчэ адну чаргу — там, дзе раздаюць кашу з малаком, якія можна ўзяць з сабой. Як кажуць, пра запас. Хтосьці падыходзіць да валанцёраў, каб абнавіць гардэроб — ёсць курткі, джынсы, цёплыя швэдры і шкарпэткі. Затым разыходзяцца па дамах, калі камусьці ёсць куды ісці…

«Першы раз сюды прыйшла, — кажа пенсіянерка Алена Мікалаеўна. — На вуліцы не жыву, але ў мяне свая сітуацыя. Узяла кашу і малако, лішнімі не будуць».

62-гадовы Мікалай прыходзіць у сталовую з таго часу, як згубіў працу. Скардзіцца, што няма ні працы, ні грошай, жыць няма за што. Але жыллё ёсць.

— Была б сям’я, сюды б не прыходзіў, — распавядае ён сваю гісторыю. — У мяне двое дзяцей, але са мной сувязь не падтрымліваюць. Дачка наогул ад мяне адмовілася.

Я працаваў раней машыністам-экскаватаршчыкам, амаль 42 гады стажу. Кантракт скончыўся, яго не працягнулі. А мне 62 гады, у перадпенсійным узросце ніхто браць на працу не хоча. Чытаеш аб’яву, што тэрмінова патрабуецца экскаватаршчык, а прыйдзеш уладкоўвацца — ад варот паварот, як толькі даведваюцца, колькі табе гадоў.

— За якія сродкі ў такім выпадку жывяце?

— У пятніцу, суботу і нядзелю сюды прыходжу — паем ды яшчэ і з сабой вазьму. У астатнія дні неяк таксама перабіваюся, але становішча безвыходнае. Асабліва зімой. А летам езджу ў калгас працаваць — там можна рублёў 20—25 зарабіць за дзень ды яшчэ з сабой дадуць садавіны і гародніны. Я летам сюды нават не наведваюся.

А вось 45-гадовая Марына ўжо каля паўтара года жыве ў пад’ездзе аднаго з дамоў.

— Так склалася жыццё, — уздыхае жанчына. — Пяць з паловай гадоў адсядзела ў Гомельскай калоніі за ненаўмыснае забойства. Пакуль сядзела, айчым і мама памерлі, а дом у вёсцы ў Магілёўскай вобласці перайшоў да братоў і сясцёр. Родныя не захацелі мяне бачыць. Раней працавала ў вёсцы даяркай, але які сэнс быў ехаць дадому, калі не было жылля? Пазнаёмілася з мужчынам, пераехала да яго ў Мінск, але з ім таксама жыццё не склалася.

— А як вы перажылі моцныя маразы, бо начаваць жа даводзіцца практычна на вуліцы?

— Я на вуліцы не начую. У пад’ездзе батарэя ёсць, таму там не вельмі холадна. Сплю на лесвіцы. Прыходжу прыкладна каля дванаццатай ночы, каб не перашкаджаць жыхарам пад’езда. Ды яны, мяне, шчыра кажучы, і не праганяюць, ведаюць маю сітуацыю. Некаторыя нават ежу раз-пораз даюць ці нейкае адзенне. А сюды жыццё прымусіла прыходзіць. Я ўсё-такі чалавек, і есці хочацца…

«Я прапісаны ў Слуцкім раёне, але прыязджаю сюды да сяброў, тут і жыву, — дадае яшчэ адзін наведвальнік сталовай. — У бясплатную сталовую прыходжу з сябрам».

«Я раней быў індывідуальнікам прадпрымальнікам, а зараз працую па найме, — далучаецца да размовы яшчэ адзін мужчына. — Прыязджаю сюды на выхадныя паесці, і я б сказаў, што кормяць тут проста цудоўна».

— Нашаму сацыяльнаму праекту пайшоў 26-ты год, — распавядае Аляксандр Чарніцкі. — Пачыналася з таго, што напрыканцы 1990-х гадоў мы вырашылі карміць бяздомных дзяцей. З 1997 года па 2010 гады працавала сталовая для дзяцей з вуліцы.

Але з часам змянялася краіна, змяняліся і розныя сацыяльныя інстытуты. З’явіліся сем’і, якія бралі сабе прыёмных дзяцей, дамы сямейнага тыпу… Зразумела, што бяздомных дзяцей колькасць зменшылася, і мы пачалі карміць усіх астатніх бяздомных.

Быў перыяд, калі кармілі асобна дарослых бяздомных і асобна дзяцей, а дзеці прыводзілі яшчэ і сваіх п’яных бацькоў. Дзеці з’ядалі палову порцыі, а астатняе неслі ў калідор сваёй п’янай маці.

З 2010 года сталовая пачала працаваць толькі для дарослых бяздомных. Адным словам, гэты сацыяльны праект, які пачаўся 1 снежня 1997 года, працягваецца. Хаця раней мы кармілі бяздомных штодзень, акрамя суботы і нядзелі, а цяпер толькі тры разы на тыдзень.

— З чым гэта звязана?

— Зыходзім з таго, колькі ў нас фінансаў. Мы пастаянна робім публікацыі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, просім дапамогу, і некаторыя адгукаюцца. У сваю чаргу мы робім відэасправаздачы з кожнага кармлення бяздомных, а таму ў нас усё досыць празрыста.

Фота Алеся Сiвага

Таму, як ужо казаў, мінчане. Хтосьці прыносіць грошы, нехта прадукты, адзенне, медыкаменты. Такім чынам і фарміруецца наш невялікі бюджэт.

Трэба адзначыць, што адна сталічная царква нам таксама добра дапамагае. У сваю чаргу і мы, як вы бачылі, не толькі збіраем людзей, каб іх пакарміць, але і даём ім біблейскія ўрокі.

Увогуле гэты праект — ён хрысціянскі, бо дабрачыннасць ідзе менавіта ад хрысціянскай ідэі. Таму бяздомным мы стараемся даць не толькі ежу, але яшчэ і духоўны фундамент, каб людзі маглі не толькі паесці ды наладзіць сваё жыццё, але каб у іх з’явіўся і нейкі ўнутраны стрыжань, каб працягваць жыццё і разумець, што над намі ёсць Бог, які дапаможа ў любой сітуацыі.

— Ці змяняюцца тыя, хто да вас прыходзіць?

— Безумоўна. Некаторыя знаходзяць працу, здымаюць пакоі, каб не начаваць пад адкрытым небам, наладжваюць жыццё. Хтосьці прыходзіць у царкву і прымае хрышчэнне.

— Які ў вас бюджэт на тыдзень?

— Каб пакарміць бяздомных адзін дзень, нам патрэбна 140—150 даляраў. Суадносна, на тры дні неабходна каля 450 даляраў.

На 150 даляраў заказваем 50 комплексных абедаў, якія гатуюць работнікі сталовай. З імі разлічваемся асобна. Акрамя таго, дома асабіста я гатую яшчэ дадаткова каля 40 літраў кашы з тушонкай. Звычайна на гэта патрэбна 8 кілаграмаў рысу ці грэчкі і 12 банак тушонкі. Гэтай кашай можна яшчэ 50 чалавек накарміць, бо комплесных абедаў на ўсіх не хапае, а кожны раз сталовую наведваюць каля 100 чалавек.

Мінчане нам, здараецца, яшчэ нейкія гуркі салёныя прыносяць, сасіскі, малако, таму стараемся накарміць як мага больш людзей.

Дарэчы, былі часы, калі ежа танней каштавала. Я неяк пагартаў старую дакументацыю 1997 года і заўважыў, што тады на 27 даляраў мы маглі 100 дзяцей накарміць. Раней комплексны абед абыходзіўся ў некалькі дзясяткаў цэнтаў, а зараз ён каштуе каля 2 даляраў.

Увогуле, за 25 гадоў мы пабывалі ў розных месцах. Пачыналі каля Акадэміі навук на вулiцы Петруся Броўкi (сталовая «Амкадора»), затым працавалі ў іншых гарадскіх пунктах харчавання, адзін час кармілі людзей нават у царкве.

— Можа, ёсць багатыя мецэнаты, якія гатовы ахвяраваць грошы на такі дабрачынны праект?

— Такіх адзінкі. Здараецца, калі людзі з’язджаюць жыць ці працаваць за мяжу, то прыносяць нам адзенне. Але ўвогуле сітуацыя такая, што грамадства стала больш бедным, таму дапамогі паступае ўсё менш і менш.

Хаця нам зімой і на самай справе патрэбна шмат адзення, абутку, бо былі выпадкі, што чалавек прыходзіў да нас у мароз ледзь не ў лапцях — абутак у яго быў ізалентай перавязаны, каб зусім не разваліцца.

— Колькі ў сярэднім прыходзіць на такі абед?

— Прыкладна сто чалавек. А калі на вуліцы моцныя марозы, то каля 130 наведваецца. Летам, зразумела, наведвальнасць зніжаецца да 70—80 чалавек.

— Я заўважыў, што паесці ў сталовую прыходзяць не толькі бяздомныя…

— Кантынгент і насамрэч вельмі розны. Каля 60 працэнтаў — гэта бяздомныя, а астатнія — тыя, хто мае сваё жыллё, але грошай не хапае на ежу. Гэта інваліды, людзі з малой пенсіяй… Мы не адвярнуліся ад іх, таму кормім таксама.

Але асноўная маса, з якой мы працуем, гэта, натуральна, людзі, якія па тых ці іншых прычынах вымушаныя жыць на вуліцы. Суадносна, гэтыя людзі ў нас у прыярытэце. Таму, калі мы раздаём адзенне, якога на ўсіх не хапае, то ў першую чаргу апранаем бяздомных. Тое самае і з лекамі.

— Адзенне мінчане прыносяць?

— Працяглы час мы працавалі са шведамі, таму атрымлівалі адтуль гуманітарную дапамогу. Дарэчы, менавіта яны і дапамаглі мне стварыць сацыяльную сталовую, а ў 1999 годзе мы адкрылі яшчэ і невялікі дзіцячы прытулак.

Да 2010 года ў нас была чатырохпакаёвая кватэра, у якой жылі каля 20 дзяцей, але той праект завяршыўся з-за таго, што ў гэтым кірунку пачаліся розныя дзяржаўныя праграмы і дубляваць іх не было сэнсу.

— Сярод тых, хто прыходзіць у вашую сталовую, ёсць пастаянныя наведвальнікі ці людзі пастаянна розныя?

— І пастаянныя кліенты ёсць, і новыя прыходзяць. Вось, напрыклад, выйшаў чалавек з турмы, не аднавіў свае дакументы, на працу не ўладкаваўся. Прыходзіць да нас месяц, а то і тры месяцы. І мы такім шчыра кажам: «Хлопцы, вы маладыя, таму, як толькі зрабілі дакументы і знайшлі працу, карміце сябе самі». Адна рэч, калі сталы чалавек, у якога няма ні сям’і, ні блізкіх, не можа сябе пракарміць, і зусім іншая, калі моладзь можа, але не хоча працаваць.

Памятаю, адзін малады чалавек спачатку прыходзіў да нас, а пасля знік і ўжо праз нейкі час прыязджае на «Вольва». Працаўладкаваўся, атрымаў пакой у інтэрнаце, узяў у лізінг машыну… Андрэй затым нават на біблейскім уроку выступіў перад бяздомнымі, распавёў, як ён змяніў сваё жыццё.

Сёння прыходзіў хлопец, які слесарам на СТА ўладкаваўся. Праўда, жылля пакуль няма, таму спіць у гаражы, дзе і рамантуе машыны.

Пад Мінскам у нас ёсць прыватны хрысціянскі Дом састарэлых, які зрабілі ў былой школе, таму адвёз туды аднаго бяздомнага, які спіць на вакзале, і яго пастаянна забірае міліцыя. І раней некалькі бяздомных туды адвозілі, але не ўсе там прыжываліся. Бяздомныя любяць свабоду, нярэдка злоўжываюць алкаголем, а ў Доме састарэлых усё-такі свае правілы, якім трэба падпарадкоўвацца. І людзі ўцякаюць, якое б ні было надвор’е. Бяздомныя — гэта спецыфічная катэгорыя людзей, якія нават у добрых умовах прагнуць свабоды.

— Я бачыў, што і зараз да вас прыходзіў нейкі мужчына нападпітку…

— Тыя, хто любіць выпіць, гэта наша бяда, але ў нас з гэтай нагоды строгія правілы. Калі чалавек выпіў, але адэкватны, ён галодны, то мы яшчэ пакормім. Але ж ёсць і такія, хто прыходзіць п’яны ды пачанае лаяцца. Яны на вуліцы п’юць, а сюды заходзяць закусваць. Такім мы паказваем на дзверы.

— Вы многіх, напэўна, ужо ведаеце асабіста?

— Безумоўна. Напрыклад, самы сталы наведвальнік нашай сталовай — 82-гадовы дзядуля, які практычна ўсё жыццё адпрацаваў вартаўніком у сталічнай царкве на вуліцы Казлова. Размаўляе выключна на беларускай мове. У яго ёсць свая кватэра, але чалавеку не хапае на жыццё, таму прыходзіць да нас.

Шмат людзей, у многіх няпростыя лёсы, таму для мяне яны як блізкія. За кожнага перажываю, радуюся, калі чалавеку ўдаецца дапамагчы.

Я — мастак, зарабляю сабе на хлеб жывапісам. Езджу з выставамі карцін у Швецыю, Еўропу, Амерыку, хаця апошнім часам лагістыка крыху парушылася.

А дапамога бяздомным — гэта для мяне ідэя. І, думаю, не самая дрэнная…

Каментары7

  • Ноўнэйм 2
    20.01.2023
    Ноўнэйм, Я лічу ён кажа пра свае матывы, а не пра тое як рабіць вам асабіста 
  • Хмарачос
    20.01.2023
    Светлы чалавек. Можа трэба было б даць спасылку, каб дапамагчы?)
  • Максим Дизайнер
    21.01.2023
    В Италии местные ставят машину а углом, идут в церковь, набирают бесплатных продуктов, загружают багажник, и дальше чилить на пляж с украинскими беженками.

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Усе навіны →
Усе навіны

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

У нямецкім Магдэбургу аўтамабіль тараніў людзей на калядным кірмашы13

Сталі вядомыя імёны пяці вызваленых палітвязняў — іх прымусілі зачытаць у фільме АНТ палітычную заяву7

Стрыжак пра правакацыю з палітвязнямі: Яны ахвяры тэрору і могуць рабіць любыя заявы8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў14

Спынілася прапампоўка нафты праз нафтаправод «Дружба»3

У Расіі масава падпальваюць банкаматы і паліцэйскія машыны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Галоўнае
Усе навіны →