Навука і тэхналогіі99

Уяўленне, якое робіць нас людзьмі, уласціва не толькі чалавеку

Наша ўнікальная здольнасць бачыць тое, чаго не існуе, мае доўгую эвалюцыйную гісторыю.

Жывёлы таксама маюць уяўленне. Фота: сацыяльныя сеткі

Вы можаце лёгка ўявіць, як вы ляціце па небе не горш за Супермена альбо што вы жывяце ў вялізным доме на Валдаі з пазалочанай сталовай і аквадыскатэкай. З развіццём навукі стала магчымым вызначыць, якія менавіта структуры і сувязі ў мозгу неабходныя для разумовай канструкцыі новых (і нават неіснуючых) аб'ектаў і сцэн. А ведаючы гэта, нейрабіёлагі маюць мажлівасць азірнуцца на ход эвалюцыі, каб убачыць, калі з'явіліся гэтыя вобласці мозга і, магчыма, спарадзілі першыя віды ўяўлення.

Ад бактэрый да млекакормячых

Згодна з апошнімі звесткамі навукоўцаў, жыццё на Зямлі ўзнікла 3,4 млрд гадоў таму. Каля 700 мільёнаў гадоў таму нейроны арганізаваліся ў простыя нейронавыя сеткі, якія паступова ператварыліся ў галаўны і спінны мозг каля 525 мільёнаў гадоў таму.

Дыназаўры, якія дакладна прысутнічалі на Зямлі ўжо 240 млн гадоў таму, у працэсе эвалюцыі навучыліся вельмі добра паляваць на дробных пухнатых млекакормячых, якія з’явіліся значна пазней — праз некалькі мільёнаў гадоў. 

Дыназаўры, будучы халоднакроўнымі істотамі (як і сучасныя рэптыліі), маглі эфектыўна перасоўвацца і паляваць толькі ўдзень, калі было дастаткова цёпла. Млекакормячыя ж знайшлі відавочнае рашэнне: хавацца днём пад зямлёй. Аднак пад зямлёй можна знайсці не так шмат ежы, таму эвалюцыя для цеплакроўных азначала ў першую чаргу магчымасць перасоўвацца і харчавацца ўначы.

Аднак гэтае эвалюцыйнае рашэнне выглядае як кампраміс: млекакормячыя падчас свайго кароткага няспання павінны былі з'ядаць нашмат больш ежы на адзінку вагі, чым дыназаўры. Гэта было неабходна, каб падтрымліваць высокі метабалізм і пастаянную ўнутраную тэмпературу цела каля 37°C.

Каб аптымізаваць пошук ежы, у млекакормячых з'явілася новая сістэма для эфектыўнага запамінання месцаў, дзе яны гэтую ежу знаходзілі, звязваючы аддзел мозга, які запісвае сэнсарныя аспекты ландшафту — тое, як месца выглядае ці пахне, — з участкам мозга, які адказвае за навігацыю. Асаблівасці ландшафту кадаваліся ў неакортэксе (самым вонкавым пласце мозга), а навігацыя, у сваю чаргу, кадавалася ў энтарынальнай кары. І ўся гэтая сістэма была звязана паміж сабой структурай мозга, якая называецца гіпакампам. Людзі ўсё яшчэ выкарыстоўваюць гэтую сістэму для запамінання, напрыклад, таго, дзе вы прыпаркавалі ваша аўто.

Фота: pixabay

Групы нейронаў у кары галаўнога мозга кадуюць успаміны аб прадметах і мінулых падзеях. І верагодна ўсе млекакормячыя могуць успамінаць і перажываць раней закадаваныя аб'екты ды падзеі, рэактывуючы гэтыя самыя групы нейронаў. Такім чынам, сістэма памяці на аснове неакортэкса і гіпакампа, якая развілася прыкладна 200 мільёнаў гадоў таму, стала першым значным крокам да ўяўлення і фантазіі.

Наступным будаўнічым блокам з'яўляецца здольнасць ствараць «памяць», якой насамрэч не было.

Міжвольныя выдуманыя «ўспаміны»

Самая простая форма ўяўлення новых аб'ектаў і сцэн адбываецца ў снах. Гэтыя яркія міжвольныя фантазіі звязаныя ў людзей з хуткай стадыяй сну, ці REM-стадыяй cну (так званая стадыя хуткага руху вачэй (rapid eye movement).

Навукоўцы мяркуюць, што жывёлы, чый адпачынак уключае REM-стадыі, таксама здольныя бачыць сны. Існуюць даследаванні, якія фактычна прадэманстравалі, што млекакормячыя, у цыкле сну якіх прысутнічае стадыя хуткага сну, могуць «марыць» пра тое, каб пабываць у месцах, якія яны ніколі раней не наведвалі.

Фота: pixabay

У людзей рашэнні, знойдзеныя падчас сну, могуць дапамагаць вырашаць разнастайныя праблемы. Ёсць мноства прыкладаў навуковых і інжынерных адкрыццяў, якія спантанна візуалізаваліся падчас сну.

Так, неўролаг Ота Лёві ўбачыў сон пра эксперымент, які даказваў, што нервовыя імпульсы перадаюцца хімічным шляхам — пазней ён атрымаў за гэтае адкрыццё Нобелеўскую прэмію. А Эліяс Хоу, вынаходнік першай швейнай машынкі, сцвярджаў, што галоўнае новаўвядзенне — размяшчэнне адтуліны для ніткі каля кончыка іголкі — прыйшло яму менавіта ў сне.

Гэтыя адкрыцці былі зробленыя дзякуючы таму ж механізму міжвольнага ўяўлення, які ўпершыню набылі млекакормячыя 140 мільёнаў гадоў таму.

Уяўляючы знарок

Розніца паміж адвольным уяўленнем і міжвольным уяўленнем аналагічная розніцы паміж адвольным кантролем цягліц і цяглічным спазмам. Добраахвотны кантроль цягліц дазваляе людзям наўмысна камбінаваць рухі цягліц. Спазм узнікае спантанна і не паддаецца кантролю.

Сапраўды, гэтак жа добраахвотнае ўяўленне дазваляе людзям наўмысна аб'ядноўваць думкі. Калі вас просяць у думках аб'яднаць два аднолькавыя прамавугольныя трохвугольнікі ўздоўж іх гіпатэнуз, то вы ўяўляеце квадрат. А калі вас просяць у думках разрэзаць круглую піцу дзвюма перпендыкулярнымі лініямі, то вы ўяўляеце чатыры аднолькавыя кавалкі.

Гэтая наўмысная, хутка рэагуючая і надзейная здольнасць камбінаваць і рэкамбінаваць разумовыя аб'екты называецца прэфрантальным сінтэзам, які абапіраецца на здольнасць прэфрантальнай кары кантраляваць астатнюю частку кары галаўнога мозга.

Калі ж наш від набыў здольнасць да прэфрантальнага сінтэзу? Самыя старажытныя знойдзеныя артэфакты сведчаць аб яго дакладнай прысутнасці прыкладна 70 000 гадоў таму: гэта разнастайныя фігуркі кшталту чалавека-льва; касцяныя іголкі з вушкам; лукі і стрэлы; музычныя інструменты; пабудаваныя жылыя памяшканні; упрыгожаныя пахаванні, якія паказваюць на веру ў замагільнае жыццё, і многае іншае.

Фота: pixabay

Некалькі тыпаў археалагічных артэфактаў, адназначна звязаных з прэфрантальным сінтэзам, з'явіліся адначасова каля 65 000 гадоў таму ў розных геаграфічных месцах. Гэтую рэзкую змену ва ўяўленні гісторык Юваль Харары ахарактарызаваў як «кагнітыўную рэвалюцыю». Характэрна, што гэта прыкладна супадае з найбуйнейшай міграцыяй Homo sapiens з Афрыкі.

Генетычныя аналізы дазваляюць выказаць здагадку, што некалькі асобін набылі гэтую здольнасць да прэфрантальнага сінтэзу, а затым распаўсюдзілі свае гены, ліквідаваўшы іншых тагачасных мужчын пры дапамозе стратэгіі ўяўлення і новай, распрацаванай дзякуючы ёй, зброі.

Такім чынам, спатрэбілася шмат мільёнаў гадоў эвалюцыі, каб узнікла ўяўленне. Большасць млекакормячых мае магчымасць уявіць тое, чаго не існуе ці што не адбылося, міжвольна падчас хуткага сну, але толькі людзі могуць спецыяльна выклікаць новыя аб'екты і падзеі ў сваёй свядомасці з дапамогай прэфрантальнага сінтэзу.

Каментары9

  • Федзя
    09.03.2023
    Ну как кот ориентируется? Посмотрел на часы и пайшоу.)))
  • Жвір
    09.03.2023
    Федзя, не, я не ў адзін і той жа час вяртаюся. Ніколі шчэ не было, каб у адзін і той жа час вяртаўся, а ён ведае, калі ўжо час сустракаць !
  • Jahor
    09.03.2023
    Па-беларуску не "млекакормячыя", а "сысуны".

Лукашэнка стаў прадзедам14

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам14

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →