Грамадства4646

«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»

Вадзім Ермашук aka блогер Vadimati — вядомая асоба ў родным Гродне. Да жніўня 2021 года за яго інстаграмам сачыла 50 тысяч чалавек, ён хадзіў на прыёмы да мэра і дамагаўся, каб у горадзе з’явілася роварная дарожка. Пакуль яго не асудзілі на тры гады зняволення за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў.

У калоніі Вадзім адбываў тэрмін у «нізкім статусе», якім яго «адарылі» сілавікі, паказаўшы грамадскасці відэа сэксуальнага кантакту блогера з іншым мужчынам. «Мы там былі як самыя кончаныя, дно, рабы», — апісвае становішча людзей у такім статусе Вадзім.

«Наша Ніва» пагутарыла з Vadimati пра тое, што дапамагло яму перажыць здзекі ў зняволенні. Пра атрыманыя на фоне стрэсаў анкалогію, прастатыт, грыжу, псарыяз і астэахандроз. Пра Эдуарда Бабарыку, які апынуўся з ім у ШІЗА па суседстве, смерць маці, калі яму было 11 гадоў, асэнсаванне сваёй арыентацыі і планы на новае эмігранцкае жыццё без любімага Гродна.

Вадзім Ермашук — папулярны гродзенскі блогер, вядомы як Vadimati. Праславіўся дзякуючы свайму блогу, у якім публікаваў як сацыяльныя ролікі, так і жартаўлівыя — напрыклад, з крамы адзення на рынку, дзе нейкі час працаваў. Не даваў спакойна спаць чыноўнікам, звяртаючы ўвагу на такія праблемы як адсутнасць роварных сцежак ці пляцоўкі для скейтараў.

У 2020-м падтрымаў пратэст і пачаў публікаваць у тым ліку палітычны кантэнт, наведваў суды. У жніўні 2021 года быў затрыманы ў Шчучыне, куды ехаў здымаць чарговы ролік. Пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзве крымінальныя справы паводле артыкулаў 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Ермашук быў прысуджаны да трох год зняволення, адбываў тэрмін у Бабруйскай калоніі. Выйшаў на свабоду 28 чэрвеня 2024-га, праз паўгода вымушана з’ехаў з Беларусі: яго інстаграм прызналі экстрэмісцкім і, па яго словах, працягвалі за ім сачыць. Сябра Вадзіма моцна збілі, патрабуючы, каб той зліваў інфармацыю пра блогера.

BYSOL адкрыў збор на аднаўленне і лячэнне пасля турмы для Вадзіма

«Сярод міліцыянераў шмат геяў»

«НН»: Яшчэ калі ты сядзеў на сутках, сілавікі апублічылі відэа твайго сэксу з партнёрам. Ты расказваў, што пры гэтым начальнік шчучынскай міліцыі спачатку прапаноўваў табе пайсці на супрацоўніцтва, стаць «гродзенскім Пратасевічам». І тады хоўм-відэа, маўляў, не з’явіцца на прасторах інтэрнэту. Ты тады адмовіўся, хоць і баяўся наступстваў. Атрымалася, што твой аўтынг (публічнае разгалошванне інфармацыі аб прыналежнасці чалавека да ЛГБТ-супольнасці без яго згоды на тое — НН) адбыўся гвалтоўна. Раней ты хаваў арыентацыю, таму што перажываў за рэакцыю блізкіх ці грамадства агулам?

ВЕ: Мае сваякі, можа, і самі падазравалі, хто я. З дзяцінства я любіў гуляцца ў лялькі, абуваў мамчыны туфлі.

Пры гэтым у мяне былі і дзяўчаты. Я нават жаніцца збіраўся ў гадоў 25, але спыніўся, не змог падманваць. І добра, што так. Бо вельмі шмат сямей такіх, дзе геі жэняцца толькі дзеля таго, каб выглядаць «нармальнымі», а потым здраджваюць сваім жонкам.

@nashaniva Тры яго гады ў калоніі былі пеклам, бо ён сядзеў у «нізкім статусе» #протесты #выборы #2020 #бчб #политика #новости #беларусь ♬ Mysterious and sad BGM(1120058) - S and N

Мяне больш грамадскасць трымала. Трымала папулярнасць: усё ж многія ў горадзе мяне ведаюць, я не разумеў, як гэта лепш падаць. А мне шмат разоў хацелася адкрыцца.

Міліцыя зрабіла гэта брудна, тады, калі я маўчу і не магу гаварыць у адказ, парыраваць. Тое, што яны зрабілі, паказвае толькі іх слабасць. Але галоўнае, што ў выніку праз гэта ад мяне ніхто не адвярнуўся, як яны, можа, хацелі б.

«НН»: Ты казаў, што тое відэа з партнёрам знялі схаванай у тваёй кватэры камерай. Але да таго, як гэта магло адбыцца, шмат пытанняў. У цябе самога на сёння якая версія асноўная?

ВЕ: На мянтоў працуе шмат людзей. Нямала, думаю, якраз геяў, бо ў нашай краіне такіх лёгка шантажаваць. Думаю, арганізаваць усё мог нехта з партнёраў. А я не заўважыў, калі там камера з’явілася, бо нават не прыбіраўся дома сам — выклікаў клінінг. У мяне агулам дом быў, каб пераночыць: раніцай я выходзіў на працу, прыходзіў апоўначы.

«НН»: Ты згадваў, што сярод тваіх партнёраў былі і супрацоўнікі міліцыі, можа, наўпрост нехта з іх?

ВЕ: З імі гэта было даўно. Але сапраўды магу сказаць, што сярод міліцыянераў шмат геяў.

«НН»: Па адукацыі ты юрыст, як увогуле занесла ў юрыспрудэнцыю?

ВЕ: Як маці, відаць, хацеў быць. Але першапачаткова я ведаеце куды паступаў? У Акадэмію МУС. Былі ж думкі, што добры расклад будзе — чын, пенсія рана, на якой бы далі пасаду начальнікам у заапарку ці дырэктарам філармоніі, як у нас любяць. Але я не паступіў, пайшоў на юрфак.

Хаця калі зусім назад адмотваць, то спачатку я марыў пра тэатральны. Але ніколі не позна.

«НН»: Хоць дзень юрыстам пасля ўнівера адпрацаваў?

ВЕ: Яшчэ калі я вучыўся, пайшоў працаваць грузчыкам, пасля — загадчыкам склада. У адвакатуру была магчымасць уладкавацца, але там я зарабляў бы менш. Ну і юрыстам у нашай краіне, здаецца, я ніколі б не змог доўга працаваць.

«Мэр выклікаў да сябе на прыём і нават запрашаў працаваць у выканкам»

«НН»: Як у жыццё прыйшла палітыка і актывізм?

ВЕ: Мая родненькая бабулечка Лілія Эдуардаўна была настаўніцай. Найразумнейшы чалавек! Яна ўсё жыццё выпісвала «Народную волю», і я з дзяцінства чытаў адтуль выразкі — яна найбольш цікавае адтуль выразала.

Бабуля галасавала за Зянона Пазняка, і я сам даўно разумеў, што ў нас у краіне нешта не так. У 2011 годзе мяне забралі на маўклівай акцыі — у аўтазаку праехаўся. Тады шэсць гадзін пратрымалі чалавек сто — не ведалі, што з намі рабіць на той момант. З хлопцам, з якім пазнаёміліся тады ў аўтазаку, мы сябруем дагэтуль. Карацей, я выплыў не з 2020 года.

Актывізм жа пачаўся з жадання найперш зрабіць навокал сябе лепш. З мэрам Гродна Мячыславам Гоем я пазнаёміўся яшчэ падчас пратэстаў іпэшнікаў. А потым неяк ва «УКантакце» апублікаваў фотаздымкі мэраў еўрапейскіх краін і сябе на роварах і задаў пытанне: калі і наш мэр будзе ездзіць на працу на ровары? І ён мяне тады выклікаў да сябе на прыём. Нават запрашаў працаваць да іх у выканкам!

Я прасіў дарожку ажно да мяжы з Літвой зрабіць — можна было б аб’яднаць гарады, які б турызм быў! Але зрабілі там толькі да Зарыцы дарожку па выніку. Яшчэ мы краму адстаялі ў вёсцы Баранава. Яе хацелі закрыць, а ўсё ж вёска вялікая, катэджы там будаваліся, то якая аўталаўка? Па маёй заяўцы таксама пачалі рабіць скейт-ролер пляцоўку.

«Мяне найбольш абражала само вызначэнне — нізкі сацыяльны статус. Як гэта нават асэнсоўваць, што ты вось чалавек на самым нізе?»

«НН»: Давай па пунктах, што за сабой павалок прыпісаны табе нізкі статус у калоніі? (Нізкі сацыяльны статус (НСС) — гэта асобная «каста» падследных і асуджаных у СІЗА і калоніях, якая займаецца самай зневажальнай працай — НН).

ВЕ: Агулам калі казаць, то з такім статусам ты — кончаны чалавек. Ты заўсёды як не ў сваёй талерцы, ты проста на дне. Раніцай толькі падымаешся — на цябе ўжо пачынаюць гыркаць. У нашым пакоі было 22 чалавекі, з іх 14 высокага статусу і 8 нізкага, якія спалі збоку. Не дай бог каго з тых 14 мне выпадкова зачапіць — адразу рык пачынаецца, штуршкі.

Часам у мяне ўсё выбухала і я крычаў — хоць таго нельга было рабіць: «Я чалавек, што вы робіце!» Пісаў скаргі, якія, канечне, далей за адміністрацыю не ішлі, але да іх я свае думкі пра тое, што нельга так з людзьмі, даносіў.

Мяне, дзякуй Богу, не збівалі. Слова «певень» у адносінах да нас таксама было забаронена, але ўсё роўна часам праскоквала ці яно ці «грэбень».

Ва ўсёй жа калоніі было каля 100 чалавек нізкага статусу, каля 5%. Там трымаюць «норму», каб не перавысіць гэтую колькасць.

У нас быў асобны рукамыйнік, у некаторых атрадах у людзей і асобны туалет. У сталовай — асобны стол (прычым там была дадатковая іерархія — тры асобныя сталы для рознага ўзроўню нізкага статусу, я быў на вышэйшым з гэтых трох нізкіх). З намі нельга было вітацца, падаваць нам руку, браць ад нас нешта.

У маім атрадзе я заўсёды мыў туалеты, рабіў вечаровыя прыборкі — адмываў гаўно з унітазаў. У маладосці я неяк працаваў прыбіральшчыкам, і гэта нармальна. Але на зоне такая праца лічыцца нізкай, гэта прычына для кпінаў. Хаця ў той жа турме ўсе самі заўсёды прыбіраюць туалеты ў сваёй камеры.

Мяне найбольш абражала само вызначэнне — нізкі сацыяльны статус. Як гэта нават асэнсоўваць — што ты вось чалавек на самым нізе? Прытым што ў многіх гвалтаўнікоў не было такога статусу: яны вельмі добра злівалі інфармацыю, былі добрымі інфарматарамі. І вось асуджаны, які адкусіў смочкі дзяўчыне, той, хто ў закладніках трымаў маленькую дзяўчынку, гвалтаваў яе, бычкі гасіў аб яе — ён хадзіў у высокім статусе, паважаны, а мянты яго прыкрывалі.

Адзін раз у мяне на ўсёй гэтай глебе здарыўся зрыў, калі я сам папрасіўся ў ШІЗА. Каб сябе ў тым ліку выратаваць і не здзейсніць суіцыд (планаваў скокнуць з акна туалета, з трэцяга паверха). Я даведаўся пра смерць брата тады, а я з ім правёў усё дзяцінства, ён мне быў вельмі блізкім чалавекам. Плюс я нечага чакаў, што, можа, мне дадуць умоўна-датэрміновае вызваленне, усё ж у мяне не цяжкія артыкулы… Але тады якраз да мяне пачаў заходжваць намеснік начальніка калоніі, псіхатэрапеўт — аказваецца, у іх іншы інцыдэнт здарыўся акурат — наркаман скончыў жыццё самагубствам, яны не хацелі яшчэ адзін інцыдэнт.

У ШІЗА я ў суме правёў больш за 40 дзён, але там, на дошках і ў холадзе, мне было лепш — я ўвогуле б пагадзіўся ў памяшканні камернага тыпу адзін сядзець, бо не хацеў з людзьмі жыць, свалатой, якая імкнецца цябе прынізіць.

Але на мяне не было, відаць, такой разнарадкі. Праўда, апошні раз у ШІЗА мне было вельмі дрэнна фізічна, я ўвесь пакрыўся коркай якраз тады і ледзь вытрымаў.

«На зоне расчараваўся ў праваслаўі: людзей з нашым статусам у царкву не пускалі»

«НН»: Што цябе ўвесь гэты час трымала, не давала канчаткова звар’яцець?

ВЕ: Я верыў, што нас выратуюць, калі шчыра. Чакаў гэтага. Падтрымлівала яшчэ, што некаторыя людзі, палітычныя і не, падтрымлівалі (былі тыя, канечне, хто і баяўся гэта рабіць). Але і паштоўку мне неяк падарылі. І ў шахматы навучылі гуляць. І нават прыбірацца дапамагалі часам.

Трымацца яшчэ дапамагалі сваякі, мая цётка — супермоцная жанчына. А вось у царкву нізкаму статусу хадзіць было нельга. Я там расчараваўся ў праваслаўі: бацюшка прыходзіў і ксёндз, а нас да іх не пускалі. А я вельмі хацеў у царкву, калі брат памёр — каб свечку за яго паставіць.

Хадзіў з баптыстамі, ім у клубе давалі памяшканне. Яны мяне прымалі, але на іх усе коса глядзелі за гэта.

«Эдуарда Бабарыку схілялі ў нізкі статус»

«НН»: Што табе вядома пра Эдуарда Бабарыку, з якім вы паспелі перасекчыся ў калоніі?

ВЕ: Я ведаю, што яго схілялі тады ў нізкі статус. Ён месяц адсядзіць у ШІЗА — яго выводзілі і казалі: кладзіся на шконку нізкага статусу. Ён адмаўляўся, трымаўся. Пры гэтым калі любы іншы зэк сядаў на наша месца, усе б зрабілі выгляд, што не заўважылі гэта. А вось калі чалавек публічны ці на яго заданне, то гэта будзе рабіцца.

Супрацоўнікі там — твае гвалтаўнікі, твае каты.

Менавіта мент — гэта надглядчык на зоне, іншых там няма.

Я хацеў з Эдзікам пагаварыць, калі мы абодва сядзелі ў ШІЗА. Мы маглі, але не хацеў яго падстаўляць, калі ў мяне статус. Я проста слухаў, калі ён з кімсьці іншым перагаворваўся, і мне было радасна. А калі я вызваляўся, то спецыяльна песні спяваў — «Воіны святла» і «Грай», каб палітычныя чулі, і ён у тым ліку.

«НН»: Пасля вызвалення ты адразу пачаў пісаць скаргі на абыходжанне з табой у СІЗА і калоніі, звяртаўся да дэпутатаў і нават пазваніў у калонію, каб перадаць галоўнай доктарцы, што яна «сука». Ты разумеў, што нават у параўнанні з 2021-м рэпрэсіі ў краіне яшчэ больш узмацніліся, душаць любую нязгоду і такое табе не даруюць?

ВЕ: Я думаў, што мяне не крануць — у мяне заставалася вера ў людзей. Верыў, што і сярод кадэбістаў ёсць людзі, і нават губазікаўцаў. Ды і агулам, здаецца, мне ўжо было нястрашна. Так, я спужаўся, калі быў там першы год, тым больш калі мне сказалі, што ўсё — ты будзеш у калоніі ў нізкім статусе праз тое відэа. Тады я не ведаў, як працуе сістэма. Калі б мяне зноў пасадзілі, што б яны мне [яшчэ] зрабілі? Я раней казаў усім, хто з мяне здзекаваўся: вам застаецца толькі мне язык адрэзаць, каб я замоўк, ці забіць мяне.

Агулам, мне здаецца, мяне пасадзілі акурат таму, што я ўмеў аб’ядноўваць людзей. Прычым розных поглядаў. Хто да мяне толькі раней не звяртаўся — і асабіста, і ў блог пісалі. А аб’яднанне для іх — небяспечная рэч.

«Прасіў начальніцу санчасці праверыць радзімку, але чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры»»

«Наша Ніва»: Ты казаў, што да турмы быў амаль здаровым. З якім наборам дыягназаў жывеш цяпер?

Вадзім Ермашук: На нервовай глебе ў мяне, напрыклад, з’явіўся псарыяз. Пачаўся ён яшчэ ў ІЧУ ў Шчучыне. Спачатку не мог зразумець, што гэта за корка ў мяне з’явілася. А цяпер заўсёды як пачынаю нервавацца, у мяне ў плямах нос, лоб, галава, спіна.

У Гродзенскай турме, дарэчы, ва ўсіх былі вошы: людзей кусалі да крыві, белыя гніды былі ў адзенні, у швах там. Хадзілі на прасмажванні, каб пазбавіцца.

А на зоне ў мяне ад мясцовай гігіены быў лішай. Прычым проста там, дзе машонка — было сорамна нават казаць пра гэта. Ледзь вылечылі — далі мазь, таблеткі.

Яшчэ ў мяне цяпер хранічны прастатыт (запаленчае захворванне прадсталёвай залозы — НН). Думаю, праз тое, што ў мяне ў Шчучыне была такая камера, што калі размаўляў там, то з рота ішоў пар — настолькі холадна было.

Мяне ў адзіночцы цягам амаль двух месяцаў трымаў толькі мой багаты ўнутраны свет, мае думкі — я сам сабе нешта расказваў.

Таксама ў мяне выявілася двухбаковая пахвінная грыжа. Мне яшчэ ў Беларусі зрабілі аперацыю адразу на два бакі, але ў мяне здарыўся рэцыдыў. Усё ад цяжараў — мы вазілі там тачкі з ломам, якім пасля бетанавалі тэрыторыю. Праз тое, што мы былі ў нізкім статусе, нас прымушалі рабіць найбольш цяжкую і брудную працу. Мы для іх былі смецце, проста як рабы.

Акрамя таго, я другі тыдзень п’ю антыдэпрэсанты, у мяне астэахандроз, гастрыт і імавернасць язвы. У мяне такая пякотка была на зоне! Я соду тонамі там еў, бо не ведаў, што яшчэ рабіць. Там ледзь не ўся зона сядзіць на содзе праз ежу, якой там кормяць.

Яшчэ ў 2021-м я пайшоў паказаць свае радзімкі анколагам — павінен быў выдаліць іх, абследаваць, але мяне пасадзілі. Я згубіў тры гады! Я ім казаў і ў турме, і ў Шчучыне на ІЧУ: калі ласка, праверце, я адчуваю, што нешта не так. А ўжо на зоне, калі мне сапраўды было дрэнна, прасіў начальніцу санчасткі Дар’ю Ласкаўнёву праверыць радзімку. Сваякі мае таксама пісалі і прасілі, каб праверылі. Усё, што я чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры».

А больш за ўсё мяне абурыла выказванне: «Найперш я афіцэр, а потым ужо доктар». Цяпер мне трэба прайсці абследаванні, бо меланома — вельмі небяспечная і непрадказальная рэч. А ў Беларусі ж мне проста выразалі радзімкі, а што там у маім арганізме дзеецца, ніхто не ведае.

«НН»: Якраз анкалогія забрала тваю маці?

ВЕ: У мамы быў рак лёгкіх. Яна памерла, калі мне было 11 гадоў. Бацька ж кінуў маці, калі я яшчэ не нарадзіўся, у мяне нават яго фатаграфіі няма, я не ведаю, як ён выглядае. У выніку мае цётка і дзядзька цалкам замянілі мне бацькоў. Я ім вельмі ўдзячны:

яны мяне выхавалі чалавекам са сваёй пазіцыяй, самастойным — у 11 гадоў цётка мяне ўжо аднаго ў паліклініку адпраўляла. Магчыма, з маці я быў бы зусім іншым, гэткай цяплічнай раслінай.

Цяпер моцна перажываю, што не магу хадзіць на могілкі — раней я ездзіў туды раз на месяц.

«У мяне ёсць крыўда за тое, што са мной рабілі. І гэта дазволіў рабіць кожны беларус»

«НН»: У тваім першым вялікім інтэрв’ю з моманту вызвалення гучала шмат крыўды ў бок беларусаў, маўляў, табе здрадзілі, беларусы здаліся. А што ты прапаноўваеш?

ВЕ: У мяне ёсць крыўда за тое, што са мной рабілі. І гэта дазволіў рабіць з намі кожны беларус, які выходзіў раней на пратэсты і не выходзіў. Нас не адстаялі. Канечне, нікога нельга абвінавачваць, але сапраўднай салідарнасці ў нас, на жаль, не атрымалася. Плюс, калі я выйшаў з турмы, то пачуў ад многіх, што сам быў вінаваты. Гэта расчароўвае…

Трэба было ў свой час закрыцца дома і не выходзіць, затарыцца прадуктамі і не хадзіць больш на працу. З’ехаць у вёску і на лецішчы. У амапаўцаў не хапіла б сілаў узломваць кватэры па ўсёй краіне.

«НН»: Што далей? Ты завёў новы інстаграм, плануеш працягваць блогерскую кар’еру ўжо ў эміграцыі?

ВЕ: Найперш хачу разабрацца са здароўем. Калі я буду ведаць, што са здароўем добра ўсё: я жыву!

Пайду падмятаць двары, калі трэба будзе, бо пакуль што мне шмат чаго фізічнага забаронена, нават спортам нельга займацца. Ну і блог здымаць хочацца, але вось трэба тэлефон купіць, камп’ютар — у мяне ж тэхніку канфіскавалі.

Калі вярнуцца ў Беларусь, не выключаю, што рэалізую сваё памкненне стаць сапраўдным дэпутатам — працы будзе хапаць. З той жа Гродзенскай турмы ў цэнтры зробім гасцініцу, напрыклад.

BYSOL адкрыў збор на аднаўленне і лячэнне пасля турмы для Вадзіма

Каментары46

  • Я
    10.01.2025
    Павага такім людзям, што гучна гавораць пра свой "нізкі сацыяльны статус" і што яны шчыра перажылі. Трэба змагацца з гэтай заганнай турэмнай "культурай".
  • Виталь
    10.01.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Навошта?
    10.01.2025
    даведка, навошта глядзеу́? Цікавішся мужчынскім сэксам?)....
    Я, напрыклад, такого не гляджу.
    Дык чым ты адрозніваешся?)

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць35

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе прапагандысты здымалі Ігара Лосіка і іншых палітвязняў?2

«Трэба думаць, як аднавіць працаздольнасць фірмы». Сахашчык пракаментаваў узлом свайго сайта1

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах64

Аўтобусны сэрвіс «Атлас» будзе прадаваць квіткі па прынцыпе авіякампаній5

Прапагандысты зноў пахваліліся разгромленай лаўкай Клінтана ў Курапатах8

Абяцаных Трампам хуткіх мірных перамоў па Украіне не атрымаецца15

У Аўстрыі 15-гадовага сірыйца абвінавачвалі ў згвалтаванні 12-гадовай. Прымусовы сэкс быў, але яго апраўдалі. Як так?22

Беларусы могуць застацца без шэнгена, нават калі яго атрымалі. З'явілася новая тэндэнцыя анулявання віз6

«Раней была смярдзючая, розніца каласальная». Цяпер усе мінчукі жывуць з артэзіянскай вадой — якія ўражанні?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць35

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць

Галоўнае
Усе навіны →