Сення неабыякавыя беларусы Варшавы, пад чулым кіраўніцтвам прадстаўнікоў Беларускай Нацыянальнай Памяці, наведалі могілкі выбітных беларусаў, якія знайшлі спачын у сталіцы Польшчы.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі праваслаўныя могілкі на Волі, а таксама каталіцкія Павонскія могілкі, запальвалі знічы і чыталі малітвы над магіламі нашых зкамітых землякоў, а Анатоль Міхнавец (БНП) распавядаў кароткія гісторыі іх жыцця.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць Яна Жамойціна — беларускага настаўніка і актывіста беларускага руху, які дабіўся прызнання Беларускай Незалежніцкай Партыі як асобнага ваюючага боку падчас Другой Сусветнай вайны. Таксама наведалі магілу беларуса Міхаіла Будзько, які больш вядомы як Ігумен Мітрафан і быў праваслаўным дзеячам у часы Польскай Народнай Рэспублікі.

На каталіцкіх могілках беларусы наведалі магілу Марыі Ямант — той самай каханай Марыські Кастуся Каліноўскага, якая потым пераехала ў Варшаву і выйшла замуж за іншага паўстанца, была шчырай каталічкай і дапамагала ў адным кляштароў. Наведалі таксама і магілу нашага земляка Яна Булгака, які стаў заснавальнікам польскай фатаграфіі і , паводле словаў Анатоля Міхнаўца, быў сябрам братоў Луцкевічаў і вялікім сымпатыкам беларускай справы. Не абыйшлі ўвагай і магілу Адама Плуга (Антося Пяткевіча) — літаратара і сябра Сыракомлі, які дапамагаў паўстанцам 1863, быў галоўным рэдактарам газеты «Życie Warszawy», адным з заснавальнікаў польскай энцыклапедыі, шмат прапагандаваў беларускую літаратуру, культуру і фальклор. Таксама удзельнікі вандроўкі наведалі магілу Тадэўша Даленга‑Мастовіча — літаратара які шмат сваіх твораў будаваў на падставе беларускага фальклору, менавіта ён быў аўтарам вядомай аповесці «Знахар» па якой потым быў зняты папулярны фільм. Апошняй наведалі магілу славутага кампазітара і заснавальніка польскай оперы Станіслава Манюшкі.

Таксама беларусы памаліліся ў царкве і касцёле за ўсіх землякоў якія знайшлі апошні прытулак на чужыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?