«Калі б вы да мяне прыйшлі раней, я б не прызнаўся да бацькі». Як сыны драматурга Аляхновіча вярталіся да каранёў
Журналіст Дзмітрый Гурневіч расказаў у сябе ў фэйсбуку гісторыю сыноў вядомага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча. Гэты чалавек мала таго, што сам пражыў вельмі трагічнае жыццё, дык і пасля смерці ягоным нашчадкам доўга даводзілася хаваць нават сам факт свайго сваяцтва з ім. Але ўрэшце ўсё стала на свае месцы.
Паўгода таму я рабіў гутарку з праўнучкай Францішка Аляхновіча. Яна тады расказала сумную гісторыю, што нават яе дзед з братам, то-бок сыны «бацькі беларускай драматургіі» (яму сёння 140 год) не ведалі насамрэч, кім быў Аляхновіч. Як часта бывае з маладымі, праўнучка наблытала ці не ведала ўсёй праўды. А праўда яшчэ больш драматычная, чым простае няведанне.
Гісторык з Гданьска, беларуска Алена Глагоўская, ведае пра гэта больш дэталяў. Менавіта яна 20 год таму адшукала сыноў Аляхновіча ў Польшчы. Усе дэталі яна расказала ў інтэрв'ю.
На сыноў Аляхновіча (старэйшага Юрку і меншага Казіка) Глагоўская выйшла выпадкова ў 2003 годзе. Яна звярнула ўвагу, што кнігу «У капцюрох ГПУ» (пра зняволенне ў ГУЛАГу) Аляхновіч прысвяціў віленчуку Адольфу Наркевічу.
У Гданьску, дзе жыве Глагоўская, працаваў тады прафесар Альгерд Наркевіч. Яна пазваніла і спытала, ці Адольф Наркевіч мае нешта супольнае з ім і ці ведае, хто такі Аляхновіч? «Так, гэта мой бацька, Аляхновіч быў ягоным сябрам», — адказаў доктар Наркевіч. Ён быў знаёмы з сынамі Францішка і даў ёй іх нумары.
Глагоўская пазваніла старэйшаму сыну, і яны дамовіліся аб сустрэчы. Юрка сказаў так: «Калі б вы да мяне прыйшлі раней, я б не прызнаўся да бацькі».
Шмат гадоў Юры Аляхновіч хаваў праўду пра свайго бацьку, бо ў камуністычнай Польшчы гэта магло б кепска скончыцца. Ён расказаў Глагоўскай, як яму ў 1990 годзе пазваніла дачка, якая пабачыла ў кнігарні кнігу «нейкага Францішка Аляхновіча». Яна спытала бацьку, ці гэта не сваяк які. Юрка Аляхновіч тады адказаў, што ён не ведае такога чалавека. Гэта быў не пусты страх, у яго былі сурʼёзныя падставы.
Пасля вайны Юрка працаваў на суднаверфі. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, ён уступіў у шэрагі кампартыі, выступаў на мітынгах, прапагандаваў камунізм. Канечне, ён не быў камуністам, але ведаў, што толькі так можа выжыць.
Аднойчы Юрыя Аляхновіча выклікалі ў ваяводскі камітэт партыі і паказалі дзве ягоныя біяграфіі. Адну, якую напісаў ён сам, што ён з рабочай сям’і, і іншую, як сказалі, — «сапраўдную».
«Ён расказваў, што калі пабачыў сапраўдную, то ў яго зямля ўцякла з-пад ног. Першы сказ: «Ежы Аляхновіч — сын беларускага нацыяналіста Францішка Аляхновіча». Далей ён ужо нічога не бачыў, у яго затрэсліся ногі. Яму пашанцавала, яго проста выгналі з партыі. А магло быць па-рознаму, гэта ж яшчэ было пры Сталіну», — тлумачыць гісторык.
Усе гады камуністычнай улады ў Польшчы сын Францішка Аляхновіча не прызнаваўся не толькі ў сувязі з бацькам, але і ў беларускасці. Усё змянілася толькі на пачатку 2000-х, калі яго знайшла Глагоўская.
У выніку Юрка Аляхновіч стаў актыўным сябрам беларускага таварыства «Хатка» ў Гданьску. Калі ў 2005 годзе ў Мінску выйшаў зборнік бацькавых твораў, то сыны замовілі па 10 асобнікаў, каб кожнаму ў сям’і дасталося. Алена Глагоўская кажа, што трымае сувязь з усёй сям’ёй Аляхновіча, і большасць сваякоў захапляюцца продкам.
Старэйшы сын Аляхновіча Юры марыў, што падчас рамонту свайго дома зробіць выяву «Пагоні» ў муры дома. Але не паспеў, памёр. Але на пахаванні «Пагоня» віднела на ягоным пінжаку.
Каментары