Гісторыя1414

Немаршанскі сад. Адкуль такая незвычайная назва ў новай станцыі метро?

Незвычайны шляхецка-савецкі сінтэз у сталічнай тапаніміцы.

Немаршанскі Сад. Калаж: Наша Ніва

У Мінску адкрыліся тры новыя станцыі трэцяй лініі метро — «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец», якія будавалі са жніўня 2017 года.

Назвы «Аэрадромная» і «Слуцкі гасцінец» асаблівых пытанняў не выклікаюць, адна адсылае да нядаўна зніклага аэрапорта Мінск-1, дзе цяпер будуюць «Мінск-Свет», другая — да дарогі ў бок Слуцка. А вось што за «Немаршанскі сад» многія, відавочна, і не здагадваюцца, бо сёння саду з такой назвай у горадзе не існуе. Не існавала і раней.

Дзве Лошыцы

Паселішчы ў гэтай частцы Мінска існуюць здаўна, пра што сведчаць археалагічныя помнікі. У часы Вялікага Княства Літоўскага тут, на рацэ Лошыца, існавала Лошыцкая воласць, якая з часам раздрабілася на шэраг маёнткаў. Некаторыя паселішчы захавалі назву Лошыца. Адну Лошыцу, каля ўпадзення аднайменнай ракі ў Свіслач, усе добра ведаюць, а вось другая страціла сваю назву і цяпер пра яе ведаюць толькі тыя, хто цікавяцца мінскай даўніной. Менавіта з ёю і звязаная назва новай станцыі метро.

Пад Мінскам было прынамсі дзве Лошыцы — Лошыца Адзінцоўская, якая знікла з картаў, і больш вядомая сёння Лошыца Гарнастаеўская, якую ў пачатку XIX ст. намаляваў Юзаф Пешка. Фота: Wikimedia Commons

Спачатку Лошыцай валодалі Хадкевічы. У сярэдзіне XVI стагоддзя праз шлюб яна дасталася князю Багдану Заслаўскаму, які быў менскім намеснікам. У Багдана было чатыры дачкі, прынамсі дзве з іх, Марыя і Фядора, атрымалі ў спадчыну долі ў Лошыцкім маёнтку. Ад іх яны перайшлі да мужоў, князёў Талачынскага і Адзінцэвіча. Частка маёнтка, якая дасталася Фядоры, каб адрозніваць яе ад іншай, стала па мужы звацца Лошыцай Адзінцоўскай. А вось Марыя другі раз выйшла замуж за прадстаўніка роду Гарнастаяў, таму яе частка атрымала назву Лошыца Гарнастаеўская. 

Зрэшты, Марыя, Фядора, а таксама іхняя сястра Ганна памерлі бяздзетнымі, маёнтак цалкам успадкавала чацвёртая сястра Таміла, жонка князя Друцкага-Горскага. Друцкія-Горскія валодалі Лошыцай Адзінцоўскай да канца XVII стагоддзя, калі яе набылі Кастравіцкія, у канцы XVIII стагоддзя яна трапіла ва ўладанні Радзівілаў.

Адкуль Немаршанскія?

У пачатку 1790-х гадоў маёнтак пры «вялікай дарозе пінскай» выкупіў Юзаф Немаршанскі, які паступіў на расійскую дзяржаўную службу, працуючы асэсарам Мінскай казённай палаты, якая кіравала дзяржаўнай маёмасцю і будаўніцтвам у губерні. Не будзем сцвярджаць, але выглядае, быццам нехта скарыстаўся сваім становішчам для ўласнага ўзбагачэння.

Можна здагадацца, што па даўняй традыцыі мясцовасць займела ў сваёй назве імя новага ўладальніка — Лошыца Немаршанская. 

У публікацыях можна часта прачытаць, што Немаршанскіх называюць «вядомым у мінскім рэгіёне родам». Насамрэч пра гэты род на сёння амаль нічога не вядома. Пытанне выклікае нават тое, адкуль ён узяўся на Міншчыне.

Сляды Немаршанскіх адшукваюцца ў Ковенскай губерні, у самым сэрцы Жамойці. Тут жа, у Расіенскім павеце, недалёка ад павятовага цэнтра, знаходзілася аколіца Немаршаны (пол. Niemorszany, літ. Nemaršioniai). Падобна, што менавіта яна і дала назву ўсяму роду.

Можна таксама адшукаць Акт аб замене баярскіх зямель на землі каралеўскіх сялян Відуклеўскай воласці за 1571 г. (Відуклі — блізкае да Немаршанаў мястэчка), дзе згадваюцца прадстаўнікі роду Пацэвічаў і валокі Немаршанскія. 

Герб роду Немаршанскіх з Мінскай губерні. 12-я частка Агульнага гербоўніка дваранскіх радоў Усерасійскай імперыі. 1882 г.

У кнізе польска-літоўскага даследчыка Яна Цехановіча «Рыцарскія роды Вялікага Княства Літоўскага» згадваецца род Пацэвічаў-Немаршанскіх, які ад веку жыў у Ашмянскім павеце і карыстаўся гербам «Палова Арла».

Апісанне герба не даецца, але ў 12-ю частку Агульнага гербоўніка дваранскіх радоў Усерасійскай імперыі, зацверджанага імператарам у 1882 годзе, унесены герб Немаршанскіх з Мінскай губерні, які можна было б назваць менавіта «Паловай Арла»:

«Шчыт рассечаны. Правая частка блакітная. У левай частцы ў сярэбраным полі палова чорнага двухгаловага арла з чырвонымі вачамі, языком і залатой дзюбай, увянчанага чырвонай княжацкай каронай».

Здаецца, нейкі след з хлебных крошак можна прасачыць, але даследаванне паходжання Немаршанскіх ужо справа навукоўцаў. 

Аўтарпартрэт Яна Тысевіча, які нарадзіўся ў сям'і беларускіх дваран Невяровічаў і Немаршанскіх пад Мінскам. Фота: Wikimedia Commons

Дарэчы адзін заўважны след у беларускай культуры загадкавы род Немаршанскіх усё ж пакінуў — таленавітага мастака Уладзіслава Невяровіча, больш вядомага пад псеўданімам Ян Тысевіч. Доўгі час літоўскія мастацтвазнаўцы пісалі, што ён нарадзіўся на тэрыторыі Літвы, а ўкраінскія, што ў Станіслававе (цяпер гэта Івана-Франкоўск). Як часта бывае ў такім выпадку, праўда знайшлася пасярэдзіне — бацькі мастака ажаніліся ў Лошыцы, а сам ён нарадзіўся ў Марцыбелішках каля Смілавічаў. Яго маці была Тэкля з Немаршанскіх, дачка таго самага Юзафа Немаршанскага і Кацярыны Шышкі. 

Лошыца Немаршанскіх

Нет описания фото.
Лошыца Немаршанскіх на фрагменце плана губернскага Мінска 1911 года

А што ж з Лошыцай Немаршанскіх? У XIX стагоддзі яна складаецца з дзвюх частак: уласна вёска, дзе мелася карчма, размяшчалася на паўночным беразе Лошыцы, праз якую быў перакінуты мост, а маёнтак — на паўднёвым беразе. Лошыца Немаршанская была цэнтрам уладанняў роду, які па стане на пачатак XX стагоддзя валодаў вялікімі абшарамі на поўдзень ад Мінска.

Сядзібны дом Немаршанскіх у Лошыцы. Фота з франтавой газеты 10-й нямецкай арміі. 1918 г.
Перадпакой у сядзібе Немаршанскіх у Лошыцы. Фота з франтавой газеты 10-й нямецкай арміі. 1918 г.

Над ракой месцілася сядзіба з двухпавярховым домам, флігелямі, гаспадарчымі пабудовамі, атачоная вялікім паркам з садам.

Сядзіба была пабудаваная ў звыклым для XIX стагоддзя стылі класіцызму. Яе выгляд дайшоў да нас толькі дзякуючы Першай сусветнай вайне. Сядзібны дом з калонным порцікам на галоўным фасадзе і ягоныя шляхецкія інтэр’еры трапілі ў франтавую газету 10-й нямецкай арміі.

Працоўны кабінет у сядзібе Немаршанскіх у Лошыцы. Фота з франтавой газеты 10-й нямецкай арміі. 1918 г.
Гасцёўня ў сядзібе Немаршанскіх у Лошыцы. Фота з франтавой газеты 10-й нямецкай арміі. 1918 г.

Але здымак з надворку не зусім дакладны, бо бачна, што дах дамаляваны рэтушорам і неяк дзіўна падразае вокны другога паверху. Тым не менш гэта добрая крыніца, каб калі-небудзь адбудаваць сядзібу, бо савецкія часы яна перажыць не змагла.

Побач з сядзібай быў Немаршанскі гай (можа, так было б лепш назваць станцыю метро?), які разам з велізарным Ляхаўскім гаем, славіўся сваімі маёўкамі.

Савецкі сад

Пасля рэвалюцыі маёмасць Немаршанскіх была нацыяналізавана, а імя эксплуататараў выкінута з назвы вёскі. Каб адрозніваць ад іншай Лошыцы, гэтую сталі называць Лошыца 2-я.

Менавіта з гэтым перыядам звязанае ўзнікненне вядомага саду. Так, пры сядзібе, натуральна, быў свой сад, але ні ў якае параўнанне з тым велізарным садам уздоўж слуцкай шашы, які разбілі тут першыя дзесяцігоддзі савецкай улады, ён не ідзе. Будынкі самой сядзібы прыстасаваны пад склады гародніны і садавіны плодаагародніннага саўгаса «Лошыца». У адным з флігеляў адкрыта крама, у будынках гаспадарчых пабудоў — майстэрні. На гаспадарчым двары пабудаваны драўляныя будынкі і школа.

Кантора саўгаса «Лошыца» размяшчалася ў былой сядзібе Немаршанскіх. На большай ранняй савецкай карце-вярстоўцы вялікага пладовага саду яшчэ няма, а на больш позняй перадваеннай 250-мятроўцы ўжо ёсць. 

У час Другой сусветнай вайны Лошыца выгарэла, мясцовыя жыхары разабралі рэшткі сядзібных пабудоў на цэглу. Але сядзіба не знікла. На амерыканскіх аэрафотаздымках Мінска выдатна прасочваецца і былая гаспода (відаць, толькі цокальная яе частка, бо цені занадта кароткія), і так званае «кола гонару» — традыцыйны пад’езд да шляхецкіх сядзіб, і два аднолькавыя флігелі, сіметрычна размешчаныя па баках кола.

Сад і сядзіба (правы верхні вугал) на амерыканскім спадарожнікавым здымку 1972 года (поўнач справа, здымак павернуты для зручнасці). Фота: тэлеграм-канал Исторические спутниковые снимки

На здымку 1972 года побач з былой сядзібай усё яшчэ велізарны па памерах пладовы сад, якія цягнецца далёка на поўдзень, аж да праезду за цяперашнім гандлёвым цэнтрам «Карона» па вуліцы Каржанеўскага. Але такой ідылічнай карціне заставалася быць нядоўга.

Гібель саду і сядзібы

Ужо ў наступныя гады амаль увесь пладовы сад быў высечаны пад будаўніцтва буйнога жылога раёна Курасоўшчына і клінічнага гарадка Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і Дзіцячай бальніцы №3.

Знішчэнне саду для будаўніцтва жылога раёна і клінічнага гарадка на амерыканскім спадарожнікавым здымку 1976 года (поўнач справа). Фота: тэлеграм-канал Исторические спутниковые снимки
Сядзіба Немаршанскіх на спадарожнікавых здымках 1972, 1976 і 1979 гадоў (поўнач справа). Фота: тэлеграм-канал Исторические спутниковые снимки

Пры гэтым сам сядзібны комплекс будаўніцтва спачатку не закранула, паўночнай мяжой клінічнага гарадка стала дарога, якая ішла ад былой слуцкай шашы да сядзібнага дома. Дарога гэтая, пашыраная і заасфальтаваная, засталася дагэтуль. 

Адным з апошніх у той час быў пабудаваны шматпавярховы бальнічны корпус, у якім сёння размяшчаецца РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Ён ушчыльную прылягаў з поўдня да былой сядзібы, але сядзібныя пабудовы ніяк не заміналі савецкім будаўнікам. Затое заміналі праекціроўшчыкам.

Раён былога саду на амерыканскім спадарожнікавым здымку 1984 года (поўнач справа). Фота: тэлеграм-канал Исторические спутниковые снимки

Як толькі корпус быў скончаны, флігелі па левы бок ад сядзібнага дома знеслі, каб зрабіць зігзагападобны праезд. Аж да сярэдзіны 2000-х гадоў, калі тут была створана паркоўка, ніхто ніколі не карыстаўся гэтым праездам — на здымках бачна, што ён проста зарос.

Сядзіба Немаршанскіх на спадарожнікавых здымках 1984, 2009 і 2015 гадоў (поўнач справа). Ад былой сядзібы не засталося нічога, акрамя пад'езда і кола гонару. Фота: тэлеграм-канал Исторические спутниковые снимки, Google Earth

У той жа час знік і флігель па правы бок — праз яго нехта праклаў гаспадарчы праезд, які сёння вядзе да гаражнага кааператыву, што, як ракавая пухліна, захоплівалі сабе кавалкі зямлі дзе толькі маглі.

Да пачатку 2000-х гадоў тэрыторыя былой сядзібы была цалкам занядбаная, частка крыцця сядзібнага дома абвалілася. Руіны аблюбавалі маргіналы, праз якіх ледзь не кожным год там гарэла смецце. У жніўні 2015 года, пасля чарговага пажару, мясцовыя чыноўнікі вырашылі знесці сутарэнні сядзібы і засыпаць іх зямлёй. 

Рэшткі сядзібы ў 2014 годзе. Фота: Глобус Беларусі
Рэшткі сядзібы ў 2014 годзе. Фота: Глобус Беларусі
Месца сядзібы пасля зносу ў 2015 годзе. Фота: Радыё Свабода

Сёння пра былую сядзібу нагадвае толькі пад’езд да яе ды сляды кола гонару пасярод зарасляў.

Не нашмат больш засталося і ад савецкага саду, амаль цалкам ён быў высечаны пры будаўніцтве бальніц і жылога раёна. Некалькі фрагментаў засталося каля самой сядзібы, яшчэ частка былога саду стала бальнічным скверам дзіцячай бальніцы. Да сярэдзіны 2000-х рэшткі саду займалі пляц на рагу вуліц Каржанеўскага і Лейтэнанта Кіжаватава, але да вясны 2009 года ўсе пладовыя дрэвы там высеклі.

Шляхецка-савецкі сінтэз

Бальнічны сквер — усё, што засталося ад вялікага пладовага саду. Фота: Яндэкс Карты
Бальнічны сквер — усё, што засталося ад вялікага пладовага саду. Фота: Яндэкс Карты

Калі ў 2012 годзе Тапанімічная камісія выбірала назвы для новых станцый метро, то, кіруючыся жаданнем адлюстраваць забытыя за савецкім часам гістарычныя назвы, яна, відавочна, сутыкнулася з праблемай. Нават нягледзячы на тое, што станцыя размешчана не зусім каля сядзібы, Лошыца Немаршанская, відавочна, была адзіным значным гістарычным аб’ектам у гэтым месцы. 

Але «Лошыца Немаршанская» блыталася б з іншай Лошыцай, размешчанай у іншай частцы горада. Назваць «Садовай» у гонар савецкага саду, ад якога таксама амаль нічога не засталося, было б прымітыўна. У выніку нарадзіўся шляхецка-савецкі сімбіёз «Немаршанскі Сад», камбінаваная назва, якая аб’ядноўвае ў сабе розныя перыяды гісторыі гэтага раёна. 

Дэкаратыўныя кампазіцыі на станцыі «Немаршанскі Сад» сімвалізуюць дрэвы ў колішнім садзе. Фота: БелТА

Можна спадзявацца, што гэтая назва зверне ўвагу жыхароў раёна на яго гісторыю, паспрыяе таму, што ўсё часцей будуць казаць пра неабходнасць адбудовы былой сядзібы і ператварэння даліны Лошыцы ў гарадскі парк. Акрамя бальнічнага плота і ржавых гаражоў гэтаму нічога не замінае — месца дагэтуль вольнае, а як выглядала сядзіба, мы ведаем дзякуючы нямецкім фотаздымкам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Жвір
    30.12.2024
    Ніхто тую сядзібу аднаўляць ня возьмецца. Пры любой уладзе. Некамерцыйны гэта занятак. Вось шматузроўневую аўтастаянку ўзьвесьці - гэта іншая справа. Там і шпіталі, і маркеты, і жылыя раёны, і станцыя метро, а машыну чалавеку кінуць няма дзе, татальна бракуе аўтамесцаў!
  • Франак
    31.12.2024
    [Рэд. выдалена]
  • мясцовы
    31.12.2024
    Интересные подробности про наши окраины. Одна маленькая неточность - неморшанский сад все таки был, и он отчётливо виден на карте 1911 года. А руины снесли напрасно. (Сейчас они уже заросли кустарником). Ещё 25 лет назад там было также интересно тусоваться как в Лошицком парке-усадьбе возле Свислочи. Но ей повезло больше (на территории не было гаражного кооператива).

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова14

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Усе навіны →
Усе навіны

«Столькі найлепшых мы не гублялі з 2022 года». Z-блогеры перажываюць пра два збітыя Мі-83

Расследавальнікі назвалі імёны 90 тысяч расіян, якія загінулі на вайне з Украінай1

Саннікаў: Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя, я буду першым, хто скажа, каб здымалі ўсе санкцыі19

Сям'ю будуць ставіць на ўлік як «сацыяльна небяспечную», калі ў бацькоў была палітычная адміністратыўка11

«Забойствы ў адным будынку», «Рыплі», «Сёгун». Топ серыялаў, якія выйшлі ў гэтым годзе

Топ-5 валют, якія былі самымі прыбытковымі ў 2024 годзе2

Памёр экс-прэзідэнт Эстоніі, пры якім краіна здабыла незалежнасць1

Год беларускай мовы ад Крутога адкладваецца. Будзе Год добраўпарадкавання краіны6

Выбарчая праграма Канапацкай: парламенцкая рэспубліка, забарона люстрацыі, а жанчынам браць шлюб можна з 17 гадоў20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова14

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Галоўнае
Усе навіны →