Выбраннікам спявачкі-беларускі стаў прадзюсар, кліпмэйкер і «гуру ў медытацыі» Фёдар Белагай.
Спявачка Маргарыта Герасімовіч, якая выступае пад псеўданімам Рыта Дакота, абвясціла, што выходзіць замуж. Такую заяву артыстка зрабіла ў сваім інстаграме, заўважыла tochka.by.
На фота ўсмешлівая Рыта з вялікім букетам чырвоных руж паказвае заручальны пярсцёнак. У подпісе яна прызнаецца: «Я сказала «так» (але… не адразу)».
Выбраннікам Дакоты стаў прадзюсар, кліпмэйкер і заснавальнік школы медытацыі Фёдар Белагай.
Разам пара ўжо больш за два гады. Як прызнаваліся самі Дакота і Белагай, спачатку яны прыглядаліся адно да аднаго. Іскра паміж імі прабегла на здымках кліпа спявачкі «Электрычнасць».
Новы хлопец добра прыняў дачку Рыты і яе былога мужа Улада Сакалоўскага — Мію. Зрэшты, не абыходзілася ў пары і без цяжкасцяў — на фоне пандэміі і каранціну яны нават прымалі рашэнне расстацца, аднак пасля зноў сышліся.
Доўгі час Рыта і Фёдар жылі на Балі, аднак нядаўна з'ехалі з вострава. Дзе менавіта і ў якім фармаце пройдзе вяселле, артыстка і яе выбраннік пакуль не раскрываюць.
Хто такая Рыта Дакота
Рыта Дакота (сапраўднае імя — Маргарыта Герасімовіч) — 33-гадовая беларуская спявачка і кампазітар, нарадзілася ў Мінску. У 2007 годзе ўдзельнічала ў праекце «Фабрыка зорак», там яна пазнаёмілася са сваім будучым першым мужам Уладам Сакалоўскім і заявіла пра сябе хітом «Запалкі».
Пасля Рыта на некаторы час знікла з экранаў, аднак здолела перазапусціць музычную кар'еру. Акрамя таго, Дакота напісала песні для Ёлкі, Зары і Святланы Лабады.
У Маргарыты ёсць дачка Мія ад першага шлюбу, якая нарадзілася ў 2017 годзе.
Каментары