boss

Фота: Pixabay

Надышоў час, калі няпроста здагадацца, дасціпныя заўвагі і змястоўныя пункты ў прэзентацыях напраўду прыдумаў ваш начальнік ці іх стварыў штучны інтэлект.

Журналіст Калум Борчэрс у артыкуле для WSJ апісвае, як папрасіў чат GPT напісаць электронны ліст супрацоўнікам ад генеральнага дырэктара з нагоды Дня памяці (свята ў Злучаных Штатах, якое ўшаноўвае памяць загінулых амерыканскіх вайскоўцаў і адзначаецца ў апошні панядзелак мая).

У выніку віншаванне мела адпаведны тон, поўны глыбокай пашаны, і заклікала супрацоўнікаў атрымаць асалоду ад доўгіх выхадных і паразважаць пра «смелых мужчын і жанчын, якія прынеслі найвышэйшую ахвяру». Хоць ліст быў напоўнены штампамі і нешта ў ім паўтаралася — ён цалкам выглядаў як ліст, напісаны чалавекам з высокага кіраўніцтва. 

З адзіным недахопам: у лісце была пазначаная леташняя дата свята, бо ШІ бярэ даныя, якія ўжо ёсць у доступе.

Як ШІ можа прыдацца кіраўніцтву

Большасць кіраўнікоў найвышэйшага звяна чакаюць, што штучны інтэлект істотна паўплывае на іх арганізацыі ў наступныя тры-пяць гадоў. Ён можа напісаць водгук аб прадукцыйнасці падначаленага, дапаможа ў складанні службовых інструкцый, прэзентацый, лістоў да супрацоўнікаў. 

Многія кіраўнікі ўжо звяртаюцца да такіх інструментаў, як Bard і ChatGPT, каб спрасціць камунікацыю, — і хоць машына не робіць усё дасканала, яна бярэ на сябе істотную частку працы.

Менеджары не проста чакаюць змен: яны разбіраюцца з тым, як укараніць новыя тэхналогіі, ужо цяпер, і на гэтым тыдні амерыканская карпарацыя IBM заявіла, што прыпыніць набор супрацоўнікаў на пасады бэк-офіса, якія неўзабаве могуць быць аўтаматызаваныя.

Магчымасці і перавагі

Цяжка ўявіць, як можна дэлегаваць боту складанне чагосьці важнага — такога, як тэкст для нобелеўскай прамовы або паведамлення пасля буйной катастрофы, як 11 верасня 2001 года.

На гэтым узроўні могуць даць рады толькі людзі — і таму ў кіраўнікоў буйных кампаній, як правіла, ёсць рэальныя памочнікі, якія выконваюць гэтыя задачы. 

Але што тычыцца больш дробных кампаній і вырашэння руцінных задач — тут ШІ можа прыдацца, асабліва кіраўнікам, у якіх няма памочнікаў і намеснікаў.

Многія кіраўнікі адзначаюць, што выкарыстоўваюць магчымасці штучнага інтэлекту пры падрыхтоўцы да канферэнцый і семінараў — пры гэтым рэдагуюць атрыманыя тэксты з апорай на ўласны вопыт і ўласныя даследаванні.

Камусьці штучны інтэлект дапамагае пераадолець пісьменніцкі крызіс або зрабіць чарнавік паведамлення.

Таксама некаторыя адзначаюць, што ставяцца да ChatGPT як да рэдактара, бо ён дапамагае скараціць доўгія лісты і зрабіць паведамленні больш лаканічнымі — сутнасць застаецца той жа, але напісана лепш.

ChatGPT таксама можа выпраўляць недасканаласці англійскай мовы ў кіраўнікоў, для якіх гэтая мова не з'яўляецца роднай.

Шаблоны — гэта зручна, але ці дадуць яны плён без чалавечага ўмяшання?

Пасля невялікай карэкціроўкі шаблонныя паведамленні, створаныя ChatGPT, ідэальна перадаюць нейтральны тон большасці карпаратыўных паведамленняў. Гэта робіць іх прывабнымі для кіраўнікоў, не схільных да рызыкі.

Аднак калі начальнік хоча, каб супрацоўнікі мелі пра яго ўяўленне як пра асобу з уласным мысленнем, яму трэба данесці ўласны голас — няхай і на падставе паведамлення, створанага камп'ютарам.

Чытайце яшчэ:

Гэтая прафесія, паводле даследавання, застаецца абароненай ад штучнага інтэлекту. Расказваем, што за яна

Навукоўцы пераадолелі сур'ёзны бар'ер у галіне камп'ютарнага дызайну

Новыя даследаванні генетыкаў змушаюць вярнуцца да расісцкіх тэорый аб «добрых» і «дрэнных» генах

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1