Баец ПВК «Вагнер»: Пакуль Прыгожын са сваіх грошай утрымлівае ў Беларусі, але надоўга не хопіць
Яўген Прыгожын фінансуе існаванне ПВК «Вагнер» за свой кошт. Пра гэта ў інтэрв'ю блогеру з сірыйскімі каранямі Абасу Джума распавёў найміт, які цяпер знаходзіцца ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, піша Reform.by.
Баевіка назвалі камандзірам адной са штурмавых груп ПВК «Вагнер». Ён удзельнічаў у расійска-ўкраінскай вайне, браў Папасную і Бахмут. Пазней падтрымаў мяцеж і вярнуўся ў ЦАР, дзе знаходзіўся да прыезду ва Украіну.
Блогер спытаў яго пра тое, колькі байцоў ПВК «Вагнер» цяпер у Беларусі і колькі застанецца. Вагнеравец адказаў, што не ведае, але паведаміў, што пакуль іх знаходжанне ў Беларусі аплачвае Прыгожын са сваіх грошай.
«Я пакуль не ведаю. Усё залежыць, вядома, ад фінансавання. Наколькі мне вядома, пакуль дырэктар са сваіх утрымлівае, але папярэдзіў, што надоўга не хопіць. Таму цяпер прапрацоўваем афрыканскія напрамкі. У тым ліку ў ЦАР будзем павялічвацца», — патлумачыў найміт.
Ён распавёў, што Мінабароны РФ адмаўляла «Вагнеру» ў самалётах, каб дабірацца да Афрыкі, таму «дырэктар купіў свае, і праблема вырашылася».
Таксама Прыгожыну давялося прадаць бізнэс на базе ПВК у Судане, каб разлічыцца з баевікамі цалкам.
«Мне сказалі, што дырэктар для таго, каб з хлопцамі цалкам разлічыцца, прадаў бізнэс на нашай былой базе ў Судане. Вядома, шкада, калі так. Бо там у іх цяпер такі замес ідзе… Пакуль мы там былі, усё было ціха», — адзначыў адзін з камандзіраў штурмавых груп.
Нагадаем, што ў Беларусь прыбыло некалькі калон вагнераўцаў, якія цяпер працуюць інструктарамі беларускіх вайскоўцаў.
Каментары