«Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць са смяротным прысудам». Як пенсіянерка апынулася за кратамі за палітыку
Пенсіянерка Ала Зуева з Бабруйска атрымала 2,5 года калоніі за каментары ў тэлеграме. У яе лейкоз і шэраг іншых захворванняў, піша «Радыё Свабода».
2,5 года калоніі і звыш 1200 даляраў выплатаў
Але Зуевай з Бабруйску 62 гады. Яна працавала настаўніцай у школе. Аднак захварэла і яшчэ да пенсіі звольнілася. Шэсць гадоў таму ёй паставілі дыягназ «лейкоз». Жанчына пачала пісаць кнігу ў стылі фэнтэзі. Праз кепскі стан здароўя Ала пераважна знаходзілася дома, амаль не выязджала з горада. Даглядала сабаку і катоў, якіх у сям’ю ўзялі з вуліцы і з прытулку.
«Маці вельмі любіць збіраць грыбы. Ездзіць у лес па грыбы — яе традыцыя кожную восень. Гэты сезон яна прапусціла», — расказала «Свабодзе» дачка Алы Анастасія.
Сёлета ў чэрвені Алу затрымалі за каментары ў Telegram. Іх расцанілі як «абразы» прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі. Анастасія расказала, што спачатку на маці завялі крымінальную справу, але яе саму не затрымлівалі. Жанчына заставалася ў Беларусі. Праз нейкі час сілавікі прыйшлі па яе дадому. Са словаў дачкі, маці забралі спакойна, без гвалту. За кратамі яна ўжо амаль паўгода.
У выніку Алу асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Да таго ж яна мусіць заплаціць 1850 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай шкоды двум пацярпелым чыноўнікам (2 тысячы рублёў). Разам гэта больш за 1200 даляраў. Анастасія адзначае, што пeнсіянерцы складана заплаціць такую суму самастойна. У канцы лістапада разглядалі апеляцыйную скаргу жанчыны, вырак ужо набыў моц.
«Стрэс моцна пагаршае стан»
Але асабліва складана знаходзіцца за кратамі з прычыны сур’ёзнай хваробы.
«Ёй трэба пастаянна назірацца ў лекараў, рабіць аналізы, каб хвароба не прагрэсавала, прымаць патрэбныя лекі. Непакоіць, што за кратамі не будуць так рэгулярна сачыць за здароўем, як патрэбна», — кажа Анастасія.
Сімптомы хваробы ў жанчыны праяўляюцца перыядамі. Бывае, яна адчувае сябе дастаткова добра, а бываюць дні, калі ў яе няма сілаў, яна хутка стамляецца, адчувае слабасць, не можа ўстаць.
«У мамы таксама моцна баліць спіна. Хочацца прылегчы, але нельга. Бываюць панічныя атакі. Яны здараліся яшчэ да турмы. Добра, што яна не адна ў камеры: як што, суседкі здолеюць паклікаць на дапамогу», — кажа дачка.
Лекары яшчэ да зняволення Зуевай падкрэслівалі, што з такім дыягназам супрацьпаказаныя стрэсы, патрабуецца спакойная абстаноўка, добрае харчаванне, прагулкі на свежым паветры. Усяго гэтага ў жанчыны цяпер няма. Ёй цяжка ад таго, што ў камеры кураць іншыя зняволеныя.
«Стрэс моцна пагаршае стан. Цяпер у яе пастаянны стрэс і ейны стан пастаянна пагаршаецца», — зазначае дачка.
У ізалятары ў Магілёве, дзе Ала знаходзілася пэўны час, ёй дазволілі пасцельны рэжым. У Бабруйску, дзе яна цяпер, спачатку пасцельнага рэжыму не дазвалялі. Якая сітуацыя ў маці сёння, дачка не ведае. Хіміятэрапію раней не рабілі, але Анастасія мяркуе, што яна можа спатрэбіцца, калі здароўе маці будзе пагаршацца.
«Хіміятэрапію прызначаюць, калі ўсё зусім кепска, калі лекар бачыць, што ўжо час. Гэты момант нельга прапусціць. Важна, каб лячэнне прызначылі своечасова», — Анастасія хвалюецца, што ў калоніі складана будзе адсачыць гэты момант.
Алу вазілі з СІЗА ў бабруйскую паліклініку, рабілі ёй аналіз крыві. Але дачка не ведае, колькі часу праходзіць паміж тым, як маці просіць пра абследаванне, да таго моманту, як яе завозяць да лекараў.
«Лекар сказаў, што ўсё нармальна, яшчэ не патрэбна лячэнне. Але мама сумняваецца ў правільнасці такіх ацэнак. У Бабруйску няма такіх тэхналогій, няма доступу да сучасных абследаванняў, нават калі пайсці ў звычайны шпіталь. Мама хацела паехаць на абследаванне ў Менск, але не паспела», — разважае суразмоўца.
«Ёй не далі ніякай палёгкі»
Ала Зуева падавала хадайніцтва яшчэ да суду, каб ёй замянялі зняволенне на іншы спосаб пакарання. Падчас апеляцыі таксама прасіла вызваліць яе з-пад варты.
«Там ёсць яшчэ далейшыя этапы, мы будзем далей пісаць. Усе гэтыя дакументы далучылі да справы, але, відаць, гэта не паўплывала на рашэнне. Ёй не далі ніякай палёгкі. Маці адрэагавала на вырак вельмі эмацыйна. Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць для яе са смяротным прысудам», — кажа Анастасія.
Сям’я дапускае, што маці можа напісаць прашэнне аб памілаванні, каб выйсці з калоніі.
Але Зуевай даходзяць лісты толькі ад дачкі, ад іншых сваякоў і сяброў — не.
«Ці нехта ёй яшчэ піша, маці не ведае, бо яна больш лістоў не атрымлівае. Гэта, безумоўна, моцна цісне на псіхіку. Беларусы адзін аднаго падтрымліваюць. Адчуваецца вялікая падтрымка неабыякавых людзей навокал, нават не вельмі блізкіх. Можа быць, да мамы гэта не даходзіць, але я гэта адчуваю, я гэта ведаю. Я яе падтрымліваю, як магу, пішу, што ўсе за яе перажываюць», — кажа Анастасія.
Нагадаем, што 7 мая 2023 года стала вядома пра смерць у калоніі 61-гадовага Мікалая Клімовіча, якога далі год калоніі за лайк пад карыкатурай пра Лукашэнку.
«Любое турэмнае зняволенне для мяне — гэта смерць, таму што я павінен быць пад пастаянным наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца», — казаў пінчук перад прысудам.
Каментары