Гісторык Андрэй Катлярчук запосціў у фэйсбуку фота з пытаннем, ці ездзіў хто калі на калёсах з такімі старасвецкімі коламі. Бо сам ён такія памятае са сваіх дзіцячых гадоў, часткова праведзеных у Тураве. І яны яму здаваліся экзотыкай. У адказ на гэты пост іншы гісторык у фэйсбуку падзяліўся ўспамінамі са свайго вясковага дзяцінства пра колы, вазы і коней.
На самай справе экзотыка гэта ўжо для цяперашніх часоў, а гадоў з трыццаць таму такія колы хоць ужо ў цэлым і саступілі пазіцыі гумовым, аднак і нейкай выключнай рэдкасцю яшчэ не былі.
У нас, напрыклад, да самага канца, пакуль у школе быў на балансе як гаспадарчая адзінка конь, а адпаведна і ўсе да яго «аксесуары», воз быў менавіта такі — з драўлянымі коламі, абабітымі металам.
Праўда, у апошнія гады гэтым возам ужо не карысталіся (мабыць, ён быў і няспраўны), паколькі конь, хоць і лічыўся па-ранейшаму школьным, быў практычна «прыватызаваны» ягоным даглядчыкам, мужам дырэктаркі школы. І калі каму з настаўнікаў патрэбна было нешта тым канём перавезці, то бралі і воз таго даглядчыка, які быў ужо на гуме.
Увогуле ж у нас на вёсцы ў часы майго дзяцінства коней, а адпаведна і вазоў, амаль не было. Прыватных коней за савецкім часам трымаць не дазвалялі, а калгасная стайня была ў іншай вёсцы, дзе сам я тады амаль не бываў. Там яны недзе і пасвіліся. А на маіх вачах заўсёды былі фактычна толькі дзве жывёліны — школьны конь і лясніцкі. Асобнае лясніцтва пасля ў нас, праўда, на пару дзясяткаў гадоў былі ліквідавалі, але конь нейкім чынам перааформіўся і працягваў упрыгожваць сваёй прысутнасцю мясцовыя краявіды.
Але той конь быў больш фонам, ім карысталіся іншыя людзі. Нашы ж уласныя патрэбы забяспечваў школьны конь, цяпер амаль легендарны Федзя.
Федзя на маёй памяці быў вельмі старой белай сухарэбрынай. Не ведаю, колькі яму было гадоў, але памятаю, што яшчэ ў 1983 годзе, як мы толькі ў Юркавічы [Лагойскага раёна] прыехалі, ён лічыўся канём ужо старым, якога даўно пара «здаваць на базу».
Але пасля таго яшчэ гадоў як мінімум з 12-13 пражыў і нават прапрацаваў, хоць эфектыўнасць той працы чым далей, тым усё больш змяншалася. Нават на не вельмі даўгіх барознах і з не вельмі цяжкімі вазамі на невялікія адлегласці ён мог па некалькі разоў спыняцца адпачыць, кашляў, моцна пацеў — карацей, выкарыстоўвалі яго толькі дзеля адсутнасці годнай альтэрнатывы.
Зрэшты, больш-менш сур'ёзная патрэба ў ягоных паслугах узнікала толькі вясной і восенню, як трэба было разараць або заараць агароды ды пасадзіць і выкапаць бульбу. Астатні ж час ён збольшага проста пасвіўся на лузе, у садзе ці якіх няўдобіцах, навязаны на металічны ланцуг. Ну а зімой, вядома, стаяў у хляве.
Паводле характару Федзя быў даволі суровы, асабліва не любіў дзяцей. Памятаю, бацька некалі вырашыў з мяне падлетка пажартаваць: конь пасвіўся недалёка ад нашай хаты і бацька сказаў: «Ідзі падыйдзі да Федзі». Я каня не баяўся, бо звычайна быў пры розных гаспадарчых работах ягоным павадыром: браўся за аброць ды вадзіў на радах, каб не збіваўся. Таму і тут смела падышоў, узяў за морду (ён скубаў траву) і паспрабаваў яе падняць уверх.
Федзя спярша проста не даваўся і флегматычна працягваў харчавацца, а пасля, калі я ўсё ж настойваў, раптам развярнуўся, хапянуў мяне за бок, а пасля зноў апусціў морду і вярнуўся да сваіх спраў.
Трэба сказаць, што было балюча, і сіняк пасля на тым месцы вялікі быў з'явіўся. І бацька быў збянтэжаны, бо, гэтак спецыфічна жартуючы, быў упэўнены, што ў каня зубоў няма і такіх вынікаў не будзе. А ў Федзі сапраўды з зубамі справы былі не айс, але вось каб у мяне адбіць ахвоту чапляцца, ягоных абмежаваных рэсурсаў хапіла. Зрэшты, нейкіх глабальных вынікаў гэта не мела: сіняк неўзабаве рассмактаўся, а страху да коней, дзякуй богу, не з'явілася.
У сапраўднае ж коннае царства мне ў тыя гады даводзілася патрапляць на бацькавай радзіме ў Рублі на Століншчыне. Вось ужо дзе іх было процьма, дык гэта там — хадзілі цэлымі табунамі. Таксама ўсе былі, вядома, калгасныя да канца СССР, але
многія мясцовыя мужыкі стацыянарна з імі працавалі і мелі пастаянна за сабой замацаваную жывёліну. Па іх мянушках гэтых коней і называлі — вось гэты Карасёў, гэты Пешкаў, гэты Лысага і г. д. Як прафесія гэтых людзей называлася фармальна, па дакументах, не ведаю, але ў народзе было адносна іх пашыранае акрэсленне «ездовы».
Прынамсі летам гэтых коней ні ў якую стайню не здавалі, часовы гаспадар, прыязджаючы з працы дадому, каня распрагаў і выпускаў пасвіцца на недалёкі выган («на болото»). Хтосьці мог каня перад тым спутаць, але некаторыя выпускалі і так. Як я разумею, гэта ад характару жывёліны залежала — наколькі яна была асабіста схільная пускацца ў авантуры. У кожным разе на ланцуг там іх ніхто іх не навязваў, хадзілі вольна.
І вось гэтых такіх коней уперамешку з каровамі, гусямі ці свіннямі хадзіла «по болоці» проста неймаверная колькасць, былі там прадстаўленыя літаральна ўсе масці ды адценні. І маладыя, і старыя, і кабылы з жарабятамі — былі ўсе чыста. Нават пару штук было нейкіх пярэстых, як каровы — гэта то ўвогуле як дзіва ўспрымалася, я такіх нідзе больш у тыя часы не бачыў. Усе коні былі, канешне, у добрай форме: такіх, як наш Федзя, бачыць там не даводзілася. А назіраць іх даводзілася ў розных абставінах — у тым ліку як праз раку плавалі туды-сюды.
Яшчэ з тых часоў я засвоіў спосаб, як коней можна пры патрэбе пужаць ды адганяць. Яны моцна баяцца звычайнай поліэтыленавай плёнкі. Калі ўзяць яе кавалак у руку ды памахаць-пашалясцець — то коні панічна разбягаюцца ў розныя бакі. Такі самы спосаб, дарэчы, бездакорна працуе і з гусямі.
І калі з коньмі гэта ў маім выпадку рабілася чыста для забавы — проста прыкольна было назіраць, як магутныя жывёліны ад цябе малога панічна разбягаюцца на ўсе бакі, то з гусямі мела і практычнае значэнне. Бываюць такія злосныя агрэсіўныя гусакі, што на цябе ідуць выцягнуўшы шыю ды імкнуцца шчыкнуць за лытку. Але махнеш плёнкай — і зразу ад свайго намеру адмаўляюцца. А вось каровам і свінням гэта ўсё па барабане: хоць цэлай прасцінай з поліэтылену махай — нават не пачэшуцца. Супраць іх трэба іншыя метады.
Каментары
Дарэчы, ведаю дзе такі воз на жалезным хаду ёсць - пад дахам стаіць. Але, думаю яго шашэль ужо з'еў.