Пра жанчыну, якая апошняй са свайго пакалення насіла старасвецкае імя і памерла маладой, пра страчаную вёску і яе сыходзячых жыхароў піша гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Расказалі бацькі, што памерла днямі ў нашай вёсцы адна даволі каларытная жанчына. Праўда, з аднавяскоўцаў наўрад ці хто надта адчуваў яе каларыт, бо яўна ніхто на яе не глядзеў праз маю прызму. Але я такі гляну. Тым больш што гаворка не так пра яе, як пра больш агульныя рэчы.
Даўней у нашым краі, як і па ўсёй Беларусі, былі распаўсюджаныя такія імёны, з якіх адразу было відаць, што край гэты — каталіцкі.
Яшчэ на маёй памяці людзі старэйшага пакалення, многія тады і не зусім каб старыя-старыя, такія імёны яшчэ мелі. Сярод жанчын былі, напрыклад, Сальвіна, Сабіна, Франя, Эфця, Мальвіна, Магдалена (Магда), Аміля, Анэля, Адэля. Сярод мужчын такіх спецыфічных імёнаў было менш, але таксама пракідаліся розныя Франькі ды Фэлькі.
Аднак гэта ўсё былі, як правіла, людзі, народжаныя яшчэ да вайны. Сярод пасляваенных ужо мала каго можна прыгадаць з нейкім «нестандартным» іменем, хіба толькі дзе які Стась ці Казік пракінецца, і тое для тых, што нарадзіўся яшчэ дзе ў 1950-я ці 1960-я.
А ў мае часы былі ўжо суцэльныя сашы-вовы-колі ці олі-тані-светы, тасаванне адной калоды з фактычна пары дзясяткаў «обшчэсавецкіх» імёнаў для кожнага з палоў. Працэс выплаўлення адзінага савецкага народа сярод іншага і гэтым адзначаўся — крайнім збядненнем іменаслова і ўніфікацыі яго для ўсёй славянскай часткі камуністычнай імперыі.
Дык вось гэтая жанчына, што цяпер памерла, была перадусім адметная тым, што бадай адзіная ўжо на ўсю ваколіцу сярод жанчын маладзейшых гадоў насіла старое традыцыйнае імя. Звалі яе Ліма, прытым гэта была не мянушка якая, не скарочаная форма — гэтак было і ў дакументах.
Гэтае імя не ўзнікла з паветра. У даўнейшыя часы ў нашай ваколіцы яно было дастаткова распаўсюджанае, прынамсі на мясцовых могілках на старых надмагільных помніках яго можна сустрэць не раз. Прытым, зноў такі, менавіта так і пішуць звычайна — Ліма. У адной жанчыны, праўда, памятаю, на часовым драўляным крыжы адразу было напісана Алімпіяда (відаць, такая мусіла б быць поўная форма), але на помніку сваякі, мабыць, добра падумаўшы і ўсё ўзважыўшы перад гэтым, выбілі ўсё ж такі і тут Ліму.
Што да днямі памерлай Лімы, то яна дажыла ўсяго да 53 гадоў, то-бок была за мяне старэйшая ўсяго на 8 гадоў.
Таму я памятаю яе яшчэ зусім маладой, нават калі яна ў школе вучылася ў апошніх класах. Зорак з неба яна там не хапала, але бацькі мае, якія яе вучылі, казалі, што і зусім дурной не была, вучылася сярэдне.
Прытым нават і мне чамусьці запомнілася, як некалі яшчэ школьнікам у магазіне заспеў сітуацыю, што нейкую зусім малую дзяўчынку, якая ішла дахаты са школы, Ліма, ужо даўно не школьніца, запыталася жартам: «І што вы там зараз вучыце? У першым складзе перад націскам «е», «ё» пераходзіць у «я»? Нешта са школы ў яе галаве заставалася і пасля яе заканчэння, такім чынам, хай сабе хоць бы і гэта немудрагелістае падставовае правіла беларускай мовы.
Тым не менш, пасля заканчэння школы Ліма чамусьці нікуды ў горад, як пераважная большасць яе аднагодкаў, не падалася, так на радзіме свой, як аказалася, нядоўгі век і перабыла. Ведучы жыццё зусім не добрапрыстойнае, з усімі чалавечымі заганамі, уласцівымі калгаснай вёсцы. Заганы гэтыя, трэба думаць, перадусім ёй век і скарацілі.
Але пра заганы гаварыць банальна, якраз тут то нічым Ліма асабліва не вылучалася. А вось у чым была яе адметнасць — што апрача старасвецкага імя яна хоць і вельмі, відаць, павярхоўна, але крыху ўсё ж такі пераняла ад старэйшых і кавалак традыцый старой вёскі. Здаецца, ці не адзіная з усіх жанчын свайго веку (пра маладзейшых не кажучы) яна па ўсёй ваколіцы магла падцягнуць разам са старымі пры пахаванні нябожчыка «Zdrowaś Maryjo» ці іншыя прынагодныя спевы.
Прынамсі, сам я іншых пры гэтым занятку не заўважаў, а Ліму бачыў на свае вочы.
Таксама мне запомніліся галашэнні над нябожчыкамі ў яе выкананні. У мяне ў раннія дзіцячыя гады была пэўная ненармальнасць — калі каго хавалі на могілках, няважна, знаёмага ці незнаёмага, то і я туды часам прыходзіў ды назіраў за працэсам.
І вось на адным з такіх пахаванняў, памятаю, хавалі нейкую старэнькую бабку, а Ліма разам з іншымі, ужо пажылымі жанчынамі (а сама яна тады была маладзенькая), над ёй галасіла. Прытым нават выраз з таго ейнага галашэння ў галаву цвіком на ўсё жыццё ўбіўся: «А мы ж да цябе не прых-о-о-о-дзілі! А цяпер жа мы з табой пасле-е-е-дні разочак, пасле-е-е-дні часочак!»
Запомнілася ж таму, што нават на той дзіцячы розум неадпаведнасць зачапіла і нават падштурхнула да нейкай прымітыўнай рэфлексіі: што ж вы, думаў, не прыходзілі, на адной вуліцы жывучы, калі чалавек аж такі дарагі, што ледзь не следам за ім у магілу скокнуць гатовыя? Тады я, канешне, і паняцця ніякага не меў, што гэта галашэнні чыста рытуальныя, элемент народнай культуры. Таму іх не трэба разумець літаральна, у іх зусім інакшы сэнс.
Успомнілася, што хтосьці з нашых этнолагаў у адносна нядаўнім інтэрв'ю расказваў, што калі праводзіліся палявыя даследаванні ў 70-я ці 80-я гады, то яны тады шукалі старых людзей, народжаных яшчэ ў Расійскай Імперыі, а на «маладух» з 1930-мі гадамі нараджэння і ўвагі не звярталі — лічылася, што яны нічога цікавага і ведаць не могуць.
А цяпер за такімі колішнімі «маладухамі» ганяюцца ды вылоўліваюць цікавосткі ўжо з іх. Некалі ж непазбежна прыйдзе час, калі пры фізічнай адсутнасці больш прыдатнага матэрыялу нешта будуць спрабаваць выцягнуць нават з нашага пакалення, памяць якога зафіксавала збольшага ўжо хіба толькі канчатковае паміранне вельмі перад тым дэфармаваных традыцый, а не іх паўнакроўнае жыццё, а тым больш развіццё.
І, падазраю, тая ж Ліма ў такім выпадку была б у нашай ваколіцы не найгоршым інфарматарам. Аднак вясковыя людзі яе пакалення, як правіла, не маюць доўгага веку.
Я ж памятаю, як літаральна некалькі гадоў таму чакаў на прыпынку ў вёсцы аўтобуса, і якраз Ліма з нейкай жанчынай на лавачцы там сядзелі ды гаманілі. Яна якраз ехала свайго мужыка праведваць у бальніцу, той быў надта хворы і неўзабаве пасля таго, здаецца, памёр, мо з той бальніцы і не выйшаў. І вось Ліма расказвала і пра мужыка, і пра хваробу ягоную, і пра іншыя розныя справы, а я ўсё гэта збоку таксама слухаў.
Але мяне не так змест цікавіў, як мова, якой гэта ўсё расказвалася. Зафіксаваў для сябе, што жанчына то выключна бесталкова жыццё пражывае, але з-за таго, што пастаянна тут на месцы ды сярод сваіх, то і гаворка ў яе даволі чыстая, максімальна набліжаная да той, якая некалі яшчэ на маёй памяці тут панавала. Цяпер жа ўжо не пануе, а так толькі, часам пракідаецца ў старэйшых людзей ды ў такіх вось Лім.
Няма таго, як той казаў, што раньш было. І ўжо не будзе. «Як сон маркотны, нежаданы, сыходзіш, вёска, з яснай явы».
Каментары