Ctrl, а не Delete. Лукашэнка падпісаў прыгожа ўпакаваны ўказ аб Інтэрнеце
Канчатковая версія ўказа №60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт» розніцца ад пачатковага праекта, але захоўвае яго дух.
1 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт». Праект указа НН здабыла і аддала на суд публічнасці даволі даўно, і ён адразу выклікаў бурлівае абмеркаванне. Канчатковы варыянт розніцца ад пачатковага праекта, але захоўвае яго дух.
Так, асноўную ролю ў рэгуляванні нацыянальнага сегменту сусветнага Сеціва набывае Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле тэксту указа, ААЦ «каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў, пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг па забеспячэнні бяспекі інфармацыі пры выкарыстанні інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, вызначае па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пералік аператараў электрасувязі, якія маюць права на пропуск міжнароднага трафіка і далучэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў, сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі ўсталёўвае парадак абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, вызначае парадак рэгістрацыі даменных імёнаў у прасторы нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, (…) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Указам і іншымі заканадаўчымі актамі».
Паводле новага дакумента, ААЦ таксама зможа пазбаўляць ліцэнзіі тых правайдэраў, якія будуць парушаць новыя ўмовы, атрымае інфармацыю аб абаненцкіх прыстасаваннях і інфармацыю аб прадастаўленых паслугах. За апошнім можа хавацца і так званае «адсочванне» абанентаў.
12-ы пункт указа рэгламентуе адказнасць за размешчаную на інтэрнэт-рэсурсах інфармацыю — «Адказнасць за змест інфармацыі, якая размяшчаецца ў нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, якія размясцілі гэтую інфармацыю, а за парушэнне патрабаванняў гэтага Указа, у тым ліку за невыкананне прадпісанняў адпаведнага органа, якія выносяцца ў адпаведнасці з пунктам 11 гэтага Указа, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг, уласнікі пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі».
Указ утрымлівае шэраг палажэнняў, накіраваных на абарону аўтарскіх правоў ад «пірацтва» у Інтэрнэце.Так, размяшчэнне ў Інтэрнэце літаратурных, навуковых, музычных, фатаграфічна, аўдыёвізуальных твораў, твораў выяўленчага мастацтва, іншых аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, якія карыстаюцца прававой аховай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінна ажыццяўляцца пры ўмове захавання патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, у тым ліку са згоды іх праваўладальнікаў. Інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз сетку Інтэрнэт, павінны будуць мець спасылку на першакрыніцу інфармацыі або на сродак масавай інфармацыі, што раней размясціў гэтыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы.
Замацоўваецца абавязак суб’ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі тавары (паслугі) з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт,
з 1 ліпеня 2010 г. ажыццяўляць гэтую дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі.
Ўводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя гэтых сетак,
сістэм і рэсурсаў, якую будуць праходзіць пастаўшчыкі інтэрнет‑паслуг па заяўным прынцыпе ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі альбо ўпаўнаважанай ім арганізацыі. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі, пералік і формы дакументаў, неабходных для яе ажыццяўлення, будуць вызначаныя ўрадам да 1 мая 2010 года.
Нібыта ў мэтах гарантавання бяспекі грамадзян і дзяржавы з 1 ліпеня 2010 г.
пастаўшчыкі інтэрнет‑паслуг павінны будуць ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прылад карыстальнікаў інтэрнэт‑паслуг,весці ўлік і захоўваць звесткі аб такіх прыладах і аказаных інтэрнэт‑паслугах.
Указ ўпершыню рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі па патрабаванні карыстальніка інтэрнэт‑паслуг.
Напрыклад, па запыце карыстальніка інтэрнэт‑паслуг пастаўшчык абавязаны абмежаваць доступ абаненцкай прылады гэтага карыстальніка да інфармацыі, змест якой накіраваны на распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду гвалту, жорсткасці і іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам.
Для «НН» пракаментаваў падпісанне ўказа эксперт у галіне інтэрнэт-журналістыкі Аляксандр Класкоўскі:
«Я б адзначыў, што гэты ўказ прыкметна розніцца ад таго праекту, што выклікаў хвалю водгукаў у снежні. Даў плён рэзананс. Гэты указ прыгожа ўпакаваны.Ёсць і некалькі пазітыўных момантаў – такіх, як абарона аўтарскага права, стварэнне і абнаўленне сайтаў дзяржпрадпрыемстваў і устаноў. Гэта будзе спрыяць большай празрыстасці іх працы, інфармаванню грамадскасці. Але ня варта мець ілюзій. Усё, што робіцца з-пад палкі, добра рабіцца не будзе. У пункце аб сайтах дзяржустаноў, іх прапануецца ствараць на расійскай і беларускай мовах, прычым беларуская ўзятая ў дужкі. Гэта дыскрымінацыя мовы. Падводныя камяні ўказа – цмяныя пункты аб рэгістрацыі сетак і інфармацыйных рэсурсаў.
Шмат што аддадзена на дапрацоўку Савета міністраў. Тут вялікая прастора для «чыноўніцкай творчасці». Слізкі таксама пункт аб абмежаванні доступа па запыце карыстальніка. Існуе цэлая абойма спецслужб, якія могуць перакрываць доступ да рэсурсаў. У нашых умовах гэта можа быць сур’ёзным прэсінгам.
Увогуле указ аказаўся не такі страшны – розгалас і міжнародны прэсінг яго змякчылі. Але і ён дазволіць уладам трымаць руку на горле незалежнага грамадства».
Указ уступіць у сілу з 1-га ліпеня бягучага году. Азнаёміцца з яго поўным зместам можна тутака.
Каментары