Культура66

Акцёр Сяргей Чуб: Рускія расказвалі, што «все мы братья», і я не вытрымаў: «Усё, братья, прыехалі — выходзім!» І высадзіў

Купалавец распавёў «Салідарнасці» пра працу і дзівосныя выпадкі ў таксі, пункт зламанасці ў эміграцыі і паўнюткі пазітыў.

Сяргей Чуб амаль два з паловай гады жыве ў Польшчы, 4 кастрычніка яму спаўняецца 44 гады.

— Дзень народзінаў для мяне самы пазітыўны дзень, бо цябе і абласкаюць, і гору прыемнасцяў нагавораць, хатнія зробяць любімыя торцікі.

Я не надаю гэтаму дню вялікі сэнс, але гэта дзень, калі я магу расслабіцца. У тым годзе на мой дзень народзінаў мы ездзілі з Зояй Белахвосцік і спектаклем «Moj Hleb» на гастролі. І цудоўны быў дзень народзінаў: і папрацаваў, і потым пайшлі ў гатэль пасядзелі.

Але ж тады вы пісалі ў інстаграме, што «гэта цяжкі дзень для мяне. Як казаў мой Якімка ў «Паўлінцы», няма такога злога, каб яно на добрае не выйшла…»

— Мы ўсе тут, у эміграцыі, праходзім пікавыя кідкі ў розныя эмацыйныя бакі. Бывае, жывеш і ўжо ўсё спакойна: і праца ёсць, і ведаеш што і як, і польскую падвучыў.

А ў нейкі момант штосьці страляе і зноў кідае ў дэпрэсію, зноў не разумееш што, як і навошта. Пачынаецца капанне: што я зрабіў не так? Разумею, што гэта нагода для псіхалагічнай дапамогі, але я прызвычаіўся сам разбірацца з гэтым.

Вось і год таму страляла-балела. Калі зразумеў, што ў творчасць тут, у Польшчы, будзе цяжка ўладкавацца, прыйдзецца шукаць працу на складзе ці ў краме, ці ісці ў таксі — мяне вельмі балюча накрыла. Спатрэбіўся тыдзень, каб гэта выхадзіць, выгуляць і пераварыць. Сабака быў рады — мы маглі гуляць і пяць гадзін запар.

Але ж у галаве круцілася: «Я вучыўся чатыры гады ў Акадэміі мастацтва, 20 гадоў працаваў у Нацыянальным тэатры — а што цяпер?»

Перакруціў, перажыў. Зрабіў дакументы, узяў у арэнду машыну і пайшоў працаваць у таксі.

Які быў самы цяжкі момант у гэтай працы?

— Не творчая праца, паток людзей, замежнікі — ну і хай сабе, не баюся. Але ж я нават не мог уявіць, як браць грошы. Прасіць ці што?

Потым разумееш, што гэта прафесія, як і іншыя: зрабіў паслугу — плоцяць. Было цяжка прыняць, што цяпер будзе вось так.

Таму, калі ты можаш час ад часу працаваць па прафесіі — файна. Дзякуй Богу, нам дапамаглі, і мы робім новы спектакль з рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым.

«Спрабаваў мяне пераканаць, што беларусы самі вінаватыя, бо народ заслугоўвае прэзідэнта, якога заслугоўвае»

— У прафесіі кіроўцы сутыкаешся з рознымі людзьмі. Якія былі выпадкі?

— Мне ўжо кажуць: «Напішы ты кнігу!» Страшных — можа адзін, калі п’янаму паляку нешта не спадабалася. Але гэта выключэнне.

А смешных выпадкаў было столькі… Самае недарэчнае, што здарылася — кліент патэлефанаваў і пачаў мне ангельскай тлумачыць, што ўвёў не тую адрэсу. А я ангельскую не ведаю. Ён гаворыць, я па слову спрабую выхапіць, разумею, што ён дзесьці там убаку стаіць, кажу: «О’кей, андэстэнд…»

Прыязджаю, ён па-ангельску лапоча. Сядае, бачыць у машыне беларускую стужку, бел-чырвона-белы сцяжок і кажа: «А навошта мы так пакутавалі?». Я змог толькі адказаць, што ён першы пачаў (смяецца).

— Якія пасажыры напружвалі больш за ўсё?

— Былі з расейскім пашпартам. Калі пачыналі расказваць, што «мы все братья», я не вытрымліваў: «Усё, братья, прыехалі, выходзім». Аднойчы так і не давёз, калі заявілі: «Мы не понимаем, почему нам везде так не рады».

На што я адказаў: «Я вам даже объяснить не могу. Может быть, потому, что вы напали на другую страну? Может потому, что вы задолбали всех называть братьями?!»

Ну і высадзіў з машыны. Не ведаю, што яны тут робяць, такіх увогуле трэба дэпартаваць. 

Аднойчы ехаў польскі гісторык, які добра размаўляў па-расейску. Спрабаваў пераканаць, што беларусы самі вінаватыя, бо народ заслугоўвае прэзідэнта, якога мае. А пад ляжачы камень вада не цячэ.

Была працяглая паездка, і я распавядаў яму пра Беларусь, пра забарону на працу, пра немагчымасць штосьці сказаць, трымаць свае нацыянальныя колеры ў руках, пра ўмоўную забарону на карыстанне роднай мовай, калі нацыянальныя тэатры вымушаны пераходзіць на расейскую. Пра колькасць палітзняволеных. Ён слухаў, а напрыканцы сказаў: «Дзякуй вам, вы трошкі перавярнулі мой сусвет».

«Я быў у адным кроку ад таго, каб сесці ў машыну і ехаць назад у Беларусь»

Які быў самы цяжкі перыяд за 2,5 гады эміграцыі?

— Першы месяц пасля пераезду. Гэта быў той самы момант, калі жыллё ў Варшаве скончылася, вясна 2022-га. Менш чым за паўтары тысячы даляраў увогуле нічога не было.

У мяне валасы дыбарам. З жонкай, дачкой і сабакам туліліся па сябрах. Ці то я з сабакам па матэлях, а жонка з дачкой па знаёмых.

Я быў у адным кроку ад таго, каб сесці ў машыну і ехаць назад у Беларусь. І ў апошні момант знайшлася цудоўная кватэра па нармалёвай цане ў добрым раёне. Неяк і пайшло.

Алег Гарбуз казаў, што было б добра, каб купалаўцам дапамаглі з арэндай пляцоўкі. Мо што змянілася?

— Сітуацыя дагэтуль складаная, але зараз, дзякуючы нашаму польскаму сябру Войцеху Урбаньскаму, рэжысёру спектакля «Зэкамерон», мы ўсталявалі кантакт з кіраўніцтвам Драматычнага тэатра Варшавы. Нас там пачулі, ёсць магчымасць займаць іх маленькую Scena Przodownik (Olesińska 21). Таму «Зэкамерон» і будучую прем’еру будзем граць там.

Мы нават з Алегам Гарбузам жартуем часам, што жыццё прымусіла разбірацца ва ўсім: у польскім заканадаўстве, падатках, як складаць дамовы, і як працуюць гэтыя квіткі, якія трэба прадаваць. Ніколі не думаў, што я асабіста буду займацца пракатам беларускіх спектакляў у Польшчы. Што буду размаўляць з пляцоўкамі, ведаць, колькі каштуе арэнда, колькі дзе месцаў, схемы заляў…

Часам кажу Алегу: «Калі нам заўтра вяртацца ў Менск, у нас з табой такія скілы — мэнэджарскія, бухгалтарскія. Мы што з табой пойдзем ізноў хадзіць артыстамі і па чыёйсьці там указцы штосьці рабіць? Алег, мы з табой выраслі, трэба гэта выкарыстоўваць!».

Здаецца, жарт, але ж падымаем узровень.

«Не разумею, чаму нейкі калгаснік у форме-камуфляжы мацюкамі тлумачыць куды мне пайсці»

— Да 2020-га вы здымаліся ў расейскім кіно, дзе можна было і застацца. Зарабляць ціхенечка на сям’ю: «Ай, я па-за палітыкай»!

— Кожны другі зараз так кажа. Я ніколі асабліва не цікавіўся палітыкай. І тое, што пачало адбывацца ў 2020-м, для мяне была не палітыка, а нешта чалавечае, сваё.

Гэта агулам зараз гавораць: «Мы прачнуліся і зацікавіліся палітыкай». Не палітыка мяне закранула, а тое, што адбывалася. Што пачалі біць людзей, страляць у іх, тое, што я не мог прайсці па вуліцы з нацыянальнымі колерамі.

Я вучыўся ў школе з бел-чырвона-белым падручнікам па гісторыі Беларусі. І зараз не разумею, чаму нейкі калгаснік у форме-камуфляжы мацюкамі тлумачыць куды мне пайсці. Не ён галоўны ў гэтым жыцці, не ён галоўны ў гэтым грамадстве.

Вось гэта перавярнула мой сусвет. Мне і зараз не да палітыкі. Я не лезу, не зусім разумею тых, хто гэтым займаецца. Разумею аднак, што гэта брудна, цяжка і гэта не маё.

Я цікаўлюся людзьмі, як там выжываюць нашы беларусы, чытаю ўсе навіны, каго схапілі, каго вызвалілі. Чалавечыя тэмы. Тут слова «палітыка» я б замяніў «чалавечай годнасцю».

Я доўга фармуляваў сваю праблему, свой «дэфект», у мяне са школы абвостранае пачуццё справядлівасці. Гэта бяда для тых, хто гэтым хварэе. Я не магу маўчаць, таму і не здолеў б там застацца.

— Вы казалі пра колер падручнікаў, пра немагчымасць хадзіць па вуліцы са сваім сцягам. Але ж, даруйце, да 2020-га мала каму, акрамя апазіцыі, гэта прыходзіла ў галаву… «А ў 2020-м яму не далі».

— Магчыма, гэта было нейкае сваё абуджэнне, пачуццё чалавечай годнасці, адчуванне, што цябе прымусілі аб гэтым падумаць. Я і падумаў. І адказаў сабе на пытанне — што я беларус і што мая мова беларуская, а мой сцяг бел-чырвона-белы.

Так, да 2020-га не насілі масава бел-чырвона-белыя бранзалеты, не было налепак. Я ведаў пра БНФ, чым яны займаюцца, але бачыў гэта збоку. Можна лічыць, што была своеасаблівая дамова з дзяржавай: табе давалі шмат працы — на тэлебачанні, здымкі, антрэпрызы, рэпертуарны тэатр — а ты нікуды не лез. Такая сацыяльная дамова паміж грамадзянінам і дзяржавай.

І калі гэтая дамова ўжо трэснула, калі пачалі разумець, што нас падманваюць, мякка кажучы…

Але ж падманвалі і дагэтуль, шмат год.

— Так, але былі нейкія межы. Купалаўскі тэатр увогуле асабліва не чапалі. Мы ведалі як да нас ставяцца ў адміністрацыі, мы заўсёды былі рассаднікам зла, ведалі, што нас праслухоўваюць. Прыходзілі да нас і п’яныя, і цвярозыя людзі ў штацкім і вербавалі.

— І вас таксама?

— Так, памятаю сядзелі з дзядзькам у буфеціку, прапаноўваў пасупрацоўнічаць, расказваў усе «прэімушчыства двайнога сушчэствованія». Нічога асаблівага рабіць не трэба было: слухаць, што кажуць калегі, калі нешта не тое, то можна і патэлефанаваць куды трэба.

Вельмі спакойна апрацоўвалі: як хочаш, гэта не прымус. Ну з’явіцца ў цябе яшчэ адна банкаўская карта, нешта будзе на яе капаць.

Я не мог паверыць што гэта адбываецца са мной: «Яны што — мяне вярбуюць?..» — «Ну, перадумаеш — звані».

«Амаль кожны з нас праходзіў пункт зламанасці»

У анонсе «Зэкамерона» напісана пра парадаксальную здольнасць чалавека не губляць сябе і захоўваць пачуццё гумару нават ва ўмовах няволі. Здаецца, зараз гэта быццам пра ўсіх нас, не толькі пра палітзняволеных.

— Так, згодны. Размаўляў з тымі, хто прайшоў содні ці больш. Многія кажуць, што калі б мы там штосьці не прыдумлялі і не рагаталі, можна было б звар’яцець. Прыдумаем нейкую ахінею і рагочам. І гадзіну, і тры, і на наступны дзень можам разганяць тое самае.

Гэта сапраўды дапамагае трымацца. Нават тут, у вымушанай эміграцыі, мы разумеем, як усім цяжка: не хапае працы, грошай. І амаль кожны з нас праходзіў пункт зламанасці. Калі ўсё рушыцца, чалавек становіцца злы і неадэкватны. І ўсе разумеюць, што трэба трошкі перачакаць, каб чалавек перазагрузіўся.

Мы не можам сабе дазволіць лаяцца ці крыўдзіцца адзін на аднаго. Таму ва ўсіх чаціках нашых розных праектаў нейкі гумар і байкі. Так і трымаемся, з гумарам. Люблю гумар, сатыру і пазітыў, у любых праявах.

Таму, калі мы браліся за «Зэкамерон», ведалі пра жаданне Максіма Знака — укласці туды гумар і святло. Так імкнуліся і працаваць.

Некаторыя кажуць: «Мы б схадзілі да вас на «Зэкамерон», але гэтая чарнуха ўжо дастала, ужо не хочам». А там няма чарнухі!

Ну так, мы даволі весела расказваем пра сумныя рэчы. Ад іх нікуды не дзецца. Але чарнухі няма. Прыходзьце з намі папець, паржаць — усё ў нас нармальна.

Галоўная задача была паказаць, што людзі трымаюцца, з гумарам і ўсмешкай ідуць далей. Незламаныя, бо менавіта гумар дапамагае ўтрымацца на жыццёвай хвалі, якая б цяжкая і высокая яна ні была.

«Стакан не напалову поўны ці пусты. Стакан ёсць!»

— А як у сённяшніх умовах жывецца з пачуццём абвостранай справядлівасці? Дзе браць надзею на лепшае заўтра?

— Без веры і надзеі ўвогуле цяжка жыць. Гэта слупы, на якіх я трымаюся, але, на жаль, яны пакуль недзе там наперадзе.

Я аптыміст, нават максімальны. Стакан не напалову поўны ці пусты. Стакан ёсць! Гэта галоўнае, гэта ўжо плюс.

Усё ж у нас у галовах. Таму я не толькі веру, я ведаю, што гэта ўсё скончыцца, пытанне часу. І зараз трэба жыць і працаваць, каб дажыць да таго часу, калі ўсё пачне змяняцца.

Мой аптымізм таксама часам ламаецца — я ж чалавек! Але настройваю сябе, што я не толькі веру, але і ведаю: разам са сваімі сябрамі і калегамі-купалаўцамі сустрэнуся з тымі, хто зараз у Менску. У будынку на Энгельса, 7. Там зараз няма Купалаўскага тэатра, бо Купалаўскі зараз дзе заўгодна, толькі не там. Але мы там абавязкова пабачымся і будзем разам!

Калі памарыць, што заўтра вернемся ў вольную Беларусь што першай справай бы зрабілі?

— Я раней вельмі любіў рыбалку і кожнае лета ездзіў ці на Прыпяць, ці на Нёман. Перад 2020-м быў там, але пасля таго вуды ў руках не трымаў.

І вось калі мы вернемся, пасля абдымкаў з сябрамі і роднымі, я складу палатачку, вазьму вуду, сабаку і паеду на Нёман. Там ёсць файныя мясціны, дзе можна проста ціха пасядзець, а, магчыма, ад радасці нават трошачкі і паплакаць.

Каментары6

  • ром
    26.09.2024
    дебил!
  • feafania
    26.09.2024
    Імя, мажліва, для вас асабіста і зьдзеклівая, для Купалы - не. Мае дзяды акрэсьлялі сябе выключна тутэйшымі, што пацьвярджае польскі перапіс. Чаму я не магу называць сябе тутэйшай?
  • Імя
    26.09.2024
    feafania, бо "тутэйшы" - гэта чалавек без нацыянальнай свядомасці. Дзядам пад Польшчай яшчэ даравальна, а вы, пэўна, беларускі пашпарт маеце.

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»17

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Бывай, Еўропа! Беларусы канчаткова перасаджваюцца на кітайскія аўто20

На Нобелеўскую прэмію міру сёлета прэтэндуе 286 кандыдатаў

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»20

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»17

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →