Гамяльчук так пажартаваў з сябра, што з-за яго эвакуіравалі цэлы гандлёвы цэнтр
Своеасаблівае пачуццё гумару абярнулася для жыхароў Гомеля праблемамі.
Двое мужчын гулялі па гандлёвым цэнтры ў Навабеліцкім раёне Гомеля. У нейкі момант адзін з іх непрыкметна для таварыша схаваў яго заплечнік сярод тавару.
Усё гэта заўважылі па камерах супрацоўнікі гандлёвага цэнтра – і выклікалі сілавікоў. Тыя, паглядзеўшы запіс, вырашылі ачапіць магазін і эвакуіраваць усіх наведвальнікаў.
Трывога аказалася несапраўднай: у сумцы не знайшлі нічога небяспечнага, там былі толькі прадукты. Неўзабаве міліцыя знайшла двух сяброў – імі аказаліся 39-гадовы і 41-гадовы гамельчукі з судзімасцямі. Мужчын затрымалі.
Цяпер дзеянням пранкера даецца прававая ацэнка.
Каментары