Вайна11

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?

Снежань і студзень, верагодна, стануць перыядам актывізацыі баявых дзеянняў на фронце ў расійска-ўкраінскай вайне, прагназуюць вайсковыя аналітыкі. Аднак існуюць абставіны, якія могуць прытармазіць абодва бакі. І гаворка ідзе не толькі пра зімовую непагадзь, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Фота: Diego Herrera Carcedo/Anadolu via Getty Images

Восень 2024-га года была ледзь не самай складанай у ваенным плане для Украіны. Расійская армія змагла нарасціць тэмпы прасоўвання, у першую чаргу ў Данецкай вобласці, і захапіць такія гарады, як Вуглядар і Сялідава.

Больш за тое, непасрэдная пагроза страты да гэтага часу навісае над Курахавым, Вялікай Навасёлкай, Тарэцкам, Пакроўскам і Часавым Ярам. Складаная сітуацыя каля Купянска і Баравой на Харкаўшчыне, а таксама на занятых украінскімі сіламі тэрыторыях Куршчыны.

Верагодна, зімой абодва бакі паспрабуюць зрабіць «вырашальны рывок» у гэтай вайне.

Якой будзе зіма

Прасоўванню расіян восенню спрыяла, у прыватнасці, надвор'е на поўдні і ўсходзе Украіны. Яно аказалася адносна цёплым і сухім для гэтага сезону. Кароткачасовыя снежныя завеі пачаліся толькі бліжэй да канца лістапада.

Сайты з прагнозамі надвор'я сведчаць, што ў Данецкай вобласці і Запарожжы пачатак зімы таксама будзе цёплым і без ападкаў. Напрыклад, Sinoptik.ua адзначае, што каля Курахава, дзе цяпер працягваюцца баі, тэмпература ў пачатку снежня будзе каля 0 градусаў, воблачна, але без ападкаў.

Намесніца аддзела прыкладной метэаралогіі і кліматалогіі Украінскага гідраметэаралагічнага інстытута Вера Балабух раней паведамляла, што зіма 2024/2025 можа быць цяплейшай, чым звычайна, а сярэдняя за сезон тэмпература паветра — на 1-2 градусы вышэйшай за норму.

Звычайна самы халодны зімовы месяц, студзень, таксама чакаецца, што ў 2025 годзе будзе цяплейшым за норму. Сярэдняя за месяц тэмпература можа вагацца ад +1…-2 градусаў на поўдні да -3 і ніжэй у паўночных, паўночна-ўсходніх абласцях.

Колькасць ападкаў зімой ва Украіне чакаецца ў межах нормы. Аднак спецыялістка не выключае раптоўных кароткачасовых пахаладанняў зімой на фоне анамальна высокай тэмпературы паветра.

Лічыцца, што менавіта зімовы перыяд самы складаны для ваенных аперацый. На цяжкія ўмовы надвор'я накладаюцца больш частыя хваробы і пагаршэнне маральна-псіхалагічнага стану вайскоўцаў, праблемы з тэхнікай і зброяй, складанасці з паветранай разведкай.

Праўда, лічыцца таксама, што гістарычна менавіта расійская армія больш падрыхтаваная да наступальных дзеянняў у зімовых умовах. Нават ход падзей расійска-ўкраінскай вайны часткова пацвярджае гэта.

Пачынаючы з поўнамаштабнага ўварвання ў канцы лютага 2022 года, Расія кожную зіму спрабавала праводзіць маштабныя наступальныя аперацыі. Так, у студзені 2023 года расійскія сілы захапілі Салядар каля Бахмута, у лютым 2024-га — пасля працяглых баёў узялі Аўдзееўку.

Цяпер на мяжы падзення знаходзяцца дзве важныя ўкраінскія «крэпасці» на паўднёвым Данбасе: Курахава і Вялікая Навасёлка. Абодва гарады ўжо штурмуюць і спрабуюць атачыць расійскія войскі.

Як ваяваць зімой

«Шмат што залежыць ад таго, якой будзе гэтая зіма. Асноўныя тэатры баявых дзеянняў — паўднёвы Данбас і Запарожжа — вельмі залежныя ад стану вайсковай лагістыкі і адпаведна ад надвор'я», — тлумачыць Украінскай службе Бі-бі-сі вайсковы аналітык Міхаіл Жырохаў.

У гэтым стэпавым рэгіёне, працягвае ён, амаль уся вайсковая лагістыка абапіраецца на палявыя дарогі, паколькі нават да вайны тут было даволі мала асфальтаваных трас, а тыя, што засталіся, цяпер у дрэнным стане. Адпаведна, калі зіма будзе пераважна цёплая, то палявыя дарогі могуць ператварыцца ў гразь, што прымусіць бакі прыпыніць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, у першую чаргу наступальныя.

«Наступаць пры такіх умовах у такім тэмпе, як цяпер наступаюць расіяне, немагчыма. Гэта прапісныя ісціны», — упэўнены Жырохаў.

Аднак калі будзе пахаладанне, то не варта выключаць, што Расія, наадварот, паспрабуе скарыстацца гэтым фактарам. Гэта значыць, правесці наступальныя аперацыі там, дзе замерзлыя грунтавыя дарогі дазваляюць рух бронетэхнікі.

Праўда, камандзір батальёна УСУ, які доўгі час ваюе на ўсходзе, сказаў Бі-бі-сі, што тактыка расійскіх штурмаў цяпер значна менш залежная ад стану надвор'я.

Паводле яго слоў, расіяне на большасці ўчасткаў фронту не выкарыстоўваюць масіравана цяжкую бронетэхніку, якая гразне на бездарожжы. Штурмы адбываюцца на лёгкабраняваных машынах, багі і матацыклах. Акрамя таго, праціўнік таксама пераважна дзейнічае пешымі групамі, якія можна выкарыстоўваць амаль у любое надвор'е.

«Канкрэтна ў разрэзе гэтай зімы маё асабістае суб'ектыўнае меркаванне — нам не трэба чакаць паслаблення ўдарна-штурмавых дзеянняў праціўніка на поле бою», — падкрэслівае афіцэр.

Больш за тое, неспрыяльнае надвор'е можа больш уплываць на аперацыі ўкраінскіх сіл абароны, чым расіян. Гаворка ідзе пра немагчымасць выкарыстоўваць беспілотнікі ў дажджы, снегапады або моцны туман. А менавіта на дроны — выведвальныя і ўдарныя — у большасці сваёй цяпер абапіраецца ўкраінская армія.

Адзінае спадзяванне — на тое, што такая непагадзь гэтай зімой не будзе доўжыцца больш за некалькі гадзін, кажа вайсковец.

«Эфектыўнасць беспілотных сістэм з надыходам неспрыяльных умоў надвор'я ў асенне-зімовы перыяд зніжаецца, але гэта не значыць, што выключаецца гэтая кампанента», — адзначыў ён.

Зрэшты, Расія таксама будзе мець значныя праблемы. Тэарэтычна яна можа на некаторы перыяд увогуле страціць адзін са сваіх самых грозных відаў узбраення — кіраваныя авіяцыйныя бомбы (КАБ). У зімовы перыяд больш складана выкарыстоўваць авіяцыю, паколькі нялётнае надвор'е бывае часцей, чым летам.

Аднак снежнае надвор'е ў нечым спрашчае працу разведкі. Адсутнасць «зялёнкі» не дазваляе прыхавана канцэнтраваць асабовы склад і тэхніку, а снежнае покрыва выдае размяшчэнне хованак і перасоўванне праціўніка.

Вядзенне баявых дзеянняў зімой патрабуе ад салдат спецыфічных ведаў, уменняў і навыкаў, а ад камандавання — прадуманай лагістыкі і змены тактыкі на полі бою.

Паспець да 20 студзеня

Праўда, усе эксперты згаджаюцца з тым, што ключавыя ваенныя фактары будучай зімы не метэаралагічныя, а палітычныя.

20 студзеня 2025 года адбудзецца інаўгурацыя новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Ёсць высокая верагоднасць таго, што прыкладна ў гэты перыяд ягоная каманда пачне актыўна працаваць над перамовамі. Не выключана, што яны будуць уключаць «замарозку» баявых дзеянняў па лініі фронту ва Украіне.

«Таму на бліжэйшы перыяд да інаўгурацыі Трампа абодва бакі будуць спрабаваць выціснуць максімум з магчымага», — кажа Украінскай службе Бі-бі-сі ізраільскі вайсковы эксперт Давід Гендэльман.

Важным таксама з'яўляецца тое, ці перадасць Украіне да гэтага часу адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна павялічаныя партыі ўзбраенняў і боепрыпасаў, грошай, новых відаў зброі і дазволаў на яе прымяненне.

Гендэльман лічыць, што ў гэты перыяд Расія будзе імкнуцца як мага больш прасунуцца на фронце, у прыватнасці, завяршыць захоп Курахава, атакаваць на Урэмееўскім кірунку, аднавіць ціск на Пакроўск, адваяваць тэрыторыі ў Курскай вобласці.

На думку ўкраінскага аналітыка Міхаіла Жырохава, высокая імавернасць, што часткова сваіх мэтаў расійскае войска ўсё ж дасягне. Гаворка ідзе пра адыход украінскіх часцей з самых цяжкіх кірункаў.

«Курахава і Вялікая Навасёлка, я так разумею, гэта ўжо фактычна страчаныя населеныя пункты. Трымацца яшчэ месяц за іх ніхто не будзе», — лічыць ён.

Што будзе рабіць Украіна

Украіна, са свайго боку, будзе спрабаваць утрымліваць лініі абароны, у тым ліку ў Курскай вобласці, але павольна адступаць пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка, мяркуе Давід Гендэльман.

«УСУ па-ранейшаму не хапае жывой сілы на фронце, рэзервы рыхтуюцца, а будуць яны выкарыстаныя для ўзмацнення абароны ці для спробаў наступлення накшталт Курскай аперацыі, гэта мы яшчэ ўбачым».

Паралельна Украіна ўзмацняе ўдары заходнімі дальнабойнымі сродкамі па тэрыторыі Расіі, што ўспрымаецца Крамлём як рэзкая эскалацыя, кажа ён.

«Зімовага зацішша чакаць не даводзіцца, да інаўгурацыі Трампа трэба падысці з максімальна магчымымі дасягненнямі», — кажа ізраільскі эксперт.

У сваю чаргу, Міхаіл Жырохаў звяртае ўвагу, што тэмпы наступлення расійскай арміі восенню прывялі да рэкордных стратаў і «спалення рэзерваў» Крамля.

«Наколькі ёсць магчымасці ў расіян гэтыя рэзервы аднавіць за кароткі час — гэта пакуль адкрытае пытанне. Тое спальванне рэзерваў, якое мы цяпер бачым, яно каласальнае», — кажа аналітык.

Па словах крыніцы Бі-бі-сі ва ўкраінскім вайсковым кіраўніцтве, цяпер колькасць расійскай групоўкі на акупаваных тэрыторыях складае каля 574 тысяч чалавек. За кошт гэтага на некаторых адрэзках фронту праціўніку атрымліваецца стварыць значную колькасную перавагу над УСУ, якія цяпер адчуваюць праблемы з людзьмі з-за зніжэння тэмпаў мабілізацыі.

У той жа час яшчэ ў ліпені галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі казаў пра планы Крамля давесці да канца года колькасць сваёй акупацыйнай групоўкі ва Украіне да 690 тысяч чалавек. Відавочна, гэтыя намеры не ўдалося рэалізаваць.

Акрамя таго, звяртае ўвагу аналітык групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец, сфармаваныя сёлета стратэгічныя рэзервы арміі Расіі у большасці сваёй ужо ўведзеныя ў бой, у прыватнасці, на Курахаўскім і Курскім кірунках у складзе груповак войскаў «Цэнтр» і «Поўнач».

Адпаведна, у расійскага кіраўніцтва застаецца толькі тры варыянты дзеянняў на зімовую ваенную кампанію, адзначае спецыяліст.

Яно можа альбо працягнуць наступальныя аперацыі, але толькі ў палосах адказнасці груповак «Цэнтр» і «Поўнач» або, у выпадку пераносу намаганняў на іншыя аперацыйныя кірункі, праводзіць стратэгічнае перагрупаванне сілаў на ўсім тэатры ваенных дзеянняў. Трэці варыянт — правал расійскага наступу і пераход да абароны на большасці кірункаў.

Аднак застаецца адно адкрытае пытанне — а што з украінскімі рэзервамі?

У канцы лістапада стала вядома пра вяртанне з Францыі падрыхтаванай там брыгады УСУ «Ганна Кіеўская». Яшчэ некалькі баяздольных брыгад ужо створаныя і падрыхтаваныя ва Украіне ў 2024 годзе. Пакуль што яны не ўведзеныя на поле бою.

Заходнія СМІ лічаць, што Украіна можа паспрабаваць правесці контрнаступленне свежымі рэзервамі і з заходняй тэхнікай ужо ў 2025 годзе.

Пра неабходнасць контрдзеянняў заяўляе таксама галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі. Прынамсі, такія словы галоўнакамандуючага УСУ цытуе вайсковец і блогер Кірыла Сазонаў, які быў на закрытай сустрэчы з ім.

«Пазіцыя Аляксандра Сырскага: павінны спыніць праціўніка. Але перамога немагчымая, калі УСУ будуць працаваць толькі ў абароне. Павінны перахопліваць ініцыятыву і контратакаваць. Павінны і будзем. Дзе і хто — убачыце», — перадаў ягоныя словы Сазонаў.

На думку Міхаіла Жырохава, калі Генштаб і сапраўды плануе контрнаступ, то рэалізаваць яго, хутчэй за ўсё, паспрабуюць зноў жа да 20 студзеня 2025 года.

Каментары1

  • Як разагнаць бюджэтныя мэдыі
    01.12.2024
    Ўсе гэтыя бт і бібісі?

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →