Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак
Венчурны інвестар Ігар Маханёк у новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» даў ацэнку беларускаму IT і патлумачыў, хто дасягае поспеху.
Чаму ў Польшчы няма Flo і EPAM
Ігар Маханёк раней выказваў меркаванне аб тым, што Беларусь можа стаць падобнай да Швейцарыі, калі знойдзе сваю спецыялізацыю.
Ён тлумачыць, што Швейцарыя стала вядома свету сваёй спецыялізацыяй на фінансах. У Беларусі гэта магла стаць ІТ-сфера.
«Беларускі тэк (tech — так у англамоўным свеце называюць ІТ-сферу. — НН) быў значна большы, чым любы ў суседніх краінах. Польшча большая за Беларусь, а тэк з Польшчы быў значна меншы».
На погляд мужчыны, гэта тлумачыцца тым, што ў іншых краінах больш камфортныя ўмовы, якія дазваляюць развівацца ў розных сферах. І людзі могуць зарабляць грошы ў той галіне, якая падабаецца.
«У Польшчы ў 90-х эканоміка падымалася ўся разам, па розных сектарах. І Еўрасаюз дапамагаў. (…) У іх разумныя людзі маглі знайсці сабе працу за грошы. (…) А ў Беларусі альбо ты бедны зусім, у цябе няма нічога, альбо ты ў тэк. (…)
Усе мае знаёмыя, майго ўзросту, якія былі разумныя, яны ўсе пайшлі ў тэк. Нават тыя, хто хацеў быць хімікам, фізікам, географам, гісторыкам, філолагам. Усе пайшлі ў тэк».
Як зберагчы беларускае айці
У цяперашніх умовах, на погляд Маханька, «трэба зрабіць усё, каб вытрымаць».
«Я зараз разумею, што адзіны спосаб — гэта людзям, якім гэта цікава, якім гэта важна, будаваць беларускае кам'юніці тэк і ІТ за межамі Беларусі. Гуртаваць усіх беларусаў, каб людзі маглі і казалі, што яны беларусы ў тэк. І пры гэтым дзяліцца нейкай экспертызай, будаваць нейкія інстытуты, у сэнсе кам'юніці, месцы, куды можна патрапіць, нейкія канферэнцыі. І потым на базе гэтага, можа быць, аднавіць і саму краіну. А пакуль дапамагаць адно аднаму аднавіць брэнд беларусаў», — лічыць прадпрымальнік.
Як Маханёк разглядзеў PandaDoc
Ігар Маханёк прызнаецца, што яго інвестыцыі ў стартапы прыносяць яму сямікратны прыбытак. Але быў час, калі ён складаў х10.
Згадваючы гісторыю з падтрымкай PandaDoc, інвестар расказвае, што ўбачыў, як заснавальнікі стартапу перамаглі ў нейкім конкурсе відэа-пітчаў. У 2012 годзе такі падыход да пошуку інвестараў быў дастаткова новым.
«Я пабачыў, што яны былі адзінымі беларусамі сярод іншых нацыянальнасцей. На той момант з Беларусі быў адзін юнікорн (стартап, які дасягнуў ацэнкі ў 1 мільярд даляраў або больш без выхаду на фондавы рынак. — НН) — EPAM. І наогул стартапаў з беларускімі каранямі, асабліва якія будуць B2B не было.
Я бачу — о, B2B стартап з беларускімі заснавальнікамі, які яшчэ перамагае, трэба паразмаўляць. Аказалася, што ў мяне з імі ёсць агульныя знаёмыя. (…)
Што было цікава — мяне ўразіў асабіста Мікіта [Мікада] і ягоны партнёр Сяргей [Барысюк]. (…) Яны знайшлі прадукт, які атрымліваецца прадаваць. (…)
Я бачу, што яны маюць чуйку, як даць кліентам прадукт. Далей я пабачыў, што чалавек, каманда, але асабліва Мікіта, умеюць пітчыць, рабіць прадукт, яго прадаваць. Яму толькі не хапае быць у правільным месцы (ён тады яшчэ жыў у Мінску). Вельмі коратка пасля таго, як я яго праінвеставаў, ён ужо пераехаў у Сан-Францыска».
Самога Мікіту Мікада Маханёк характарызуе як чалавека з неверагоднай колькасцю энергіі: «Ён ніколі не спыняецца. Ён працуе проста 20 гадзін на дзень, напэўна. (…) Ён заўсёды шукае, як сябе параўнаць з больш крутымі за яго, як выйсці на новы ўзровень знаёмстваў людзей, якія круцейшыя за яго. І ён мае вельмі высокія патрабаванні да тых людзей, якіх ён наймае».
Чым круты Мельнічак
IT-інвестар Юрый Мельнічак вучыўся разам з Маханьком, але быў на курс старэйшы. Будучы заснавальнік MapsMe пазней парэкамендаваў Маханька на працу ў Google.
«У Юры самае галоўнае тое, што ён сфакусаваны на зоне, якую ён вельмі добра разумее. (…) І ён бачыў, як сваю экспертызу максімальна правільна далучаць да іншых кампаній, людзей, прадуктаў. Ён бачыць агульнае паміж рознымі. Ён вельмі разумны чалавек і мне вельмі падабаецца з ім размаўляць. (…)
Ён сфакусаваны на тым, чым займаецца, і пры гэтым не становіцца занадта эмацыйна прывязаным да чагосьці. Вось прадаў MapsMe і пайшоў далей, і робіць новыя прадукты, якія яшчэ больш паспяховыя».
Каментары