Грамадства22

«За два тыдні чосу — заробак мідла». Праграміст 20 гадоў працуе Дзедам Марозам

Сяргей — распрацоўшчык і кіраўнік праекта, у ІТ без малога 30 гадоў, а яшчэ больш за 20 гадоў ён — Дзед Мароз. Штогод у снежні Сяргей дастае з шафы расшытае сняжынкамі футра і адпраўляецца дарыць людзям свята. Што праўда, цяпер ужо не каб падзарабіць, а проста «з любові да мастацтва», піша Devby.io.

«Надакучыла свята ў фармаце: выпілі-закусілі-паслухалі прамову»

— З чаго ўсё пачалося, — расказвае Сяргей, — з таго, што надакучыла свята ў фармаце: выпілі-закусілі-паслухалі віншавальную прамову па тэліку — зноў выпілі. Сумна!

Адзін мой Новы год пачаўся за святочным сталом — а скончыўся ў пад’ездзе. Мы з сябрамі пайшлі на ялінку, там падхапілі трох нейкіх п’яных дзяўчат, адная з якіх ужо паспела расквасіць сабе нос — тармазіла так няўдала. А потым аселі дзесьці ў пад’ездзе, а жыхары з першага паверха выносілі нам аліўе закусіць. 

Звычайная п’янка — як было прынята гадоў 25-30 таму (а хтосьці і цяпер так святкуе). Але 1 студзеня, вяртаючыся раніцай дадому, я прыняў рашэнне: «Годзе!» Напэўна, жыццё заварочвае не туды, раз я да такога дакаціўся. 

Скажу шчыра: гэта было найлепшае маё рашэнне. За гэтыя 20 гадоў я шмат чаго пабачыў: як жывуць іншыя людзі, як яны адзначаюць Новы год і Каляды. Так, я бачыў вельмі прыгожыя кватэры і вельмі прыгожых дзяцей. Іх бацькі старанна рыхтаваліся да свята, прыбіраліся — як-ніяк Дзед Мароз прыйдзе. Ведаеце, у тых, хто заказвае такую паслугу, усё зусім па-іншаму. 

«У першы год зарабілі няшмат — толькі касцюмы акупілі»

Я ўзяўся за справу восенню — знайшоў праз знаёмых швачку, якая шыла касцюмы для розных калектываў. Два месяцы мы з дзяўчынкай, якая захацела быць Снягуркай, ездзілі на прымеркі. Сума за пашыў двух футраў выйшла на тыя часы прыстойная — але і касцюмы атрымаліся як мае быць. 

Так, у краме можна было купіць нейкія чырвоныя і блакітныя халаты. Але яны б за сезон прыйшлі ў непрыдатнасць. Дый сорамна ў такіх ісці віншаваць — хацелася, каб гэта быў атлас з вышыўкай або роспісам. 

Потым мы развесілі аб’явы па пад’ездах дамоў. Гэта цяпер заводзяць акаўнт на Instagram або групу ў тэлеграме, даюць кантэкстную рэкламу — а тады ўсё было проста: раздрукоўваеш, бярэш цюбік з клеем — і наперад. У прынцыпе, гэта добра працавала.

У маёй Снягуркі быў хлопец — ён вырашыў пытанне з транспартам (у мяне тады машыны яшчэ не было). Сказаў: «Я паважу вас на сваім аўто, а вы мне дасце грошай на паліва». Потым усе заробленыя грошы мы падзялілі на траіх.

У першы год мы зарабілі няшмат — толькі касцюмы акупілі. Памятаю, у нас было каля 20 заказаў 31 снежня, ну да гэтага мы каталіся вечарамі.

Гэта было весела! Потым мы нават хадзілі ў касцюмах на ялінку ў цэнтры — і раздавалі дзецям цукеркі. Тыя радаваліся. Мне гэта вельмі падабалася. 

«У доме збіралася некалькі сем’яў — я толькі падарункі ім уручаў хвілін 40»

Рыхтуючыся да свайго першага сезона, мы знайшлі знаёмых, якія таксама гэтым займаліся. З’ездзілі да іх — пагутарылі, яны падзяліліся вопытам.

Галоўная парада — «падрыхтуй праграмы: адну для дзяцей і яшчэ адну для дарослых». Гэта цяпер я магу зайсці ў любое месца і адразу штосьці пачаць казаць, а тады вельмі выручалі нарыхтоўкі. Мы распісалі на паперы сцэнары віншавання, сабралі рэквізіт для конкурсаў — і з усім гэтым ездзілі.

Ой, вядома, не з галавы сцэнар узялі! Прыйшлося троху пасядзець у інтэрнэце (ён тады быў па Dial Up). Пачынаеш стандартна — заходзіш, прамаўляеш прывітальную прамову: «Віншую з Новым годам, зычу шчасця, радасці, светлага жыцця сто гадоў і здароўя сто пудоў». А пасля кажаш, напрыклад: «Ой, якая ў вас прыгожая ялінка!» Вядома, усё залежыць ад узросту дзяцей — робіш паправачкі на гэта. А для дарослых — свой сцэнар.

Сезон у Дзеда Мароза пачынаецца за месяц — са старту карпаратываў і дзіцячых ранішнікаў і заканчваецца праваслаўным Раством. Графік можа быць якім заўгодна — год на год не прыходзіцца. Напрыклад, у адзін год я пачаў віншаваць 31 снежня, а 8:00 раніцы і скончыў, а 3:00 ночы — без перапынкаў. 

Мне даводзілася і на ранішніках у дзіцячых садках і ў школах выступаць, і на вялікіх карпаратывах. Адзін раз мужчына папрасіў мяне павіншаваць яго дзіця ў бальніцы — а там як высыпала ўсё аддзяленне малых. А яшчэ адзін раз я ездзіў з байкерамі (яны і спансавалі свята) у дзіцячы дом у Мар'інай Горцы. 

У дзіцячы сад у Зялёным Лузе каля індыйскага пасольства я ездзіў, напэўна, гадоў пяць запар. А яшчэ адныя заказчыкі былі ў мяне: яны заўсёды клікалі Дзеда Мароза менавіта 31 снежня, у доме збіралася некалькі сем’яў — і я толькі падарункі ім уручаў хвілін 40. 

«Ёсць людзі, якіх я ад першага года віншую — ужо 20+ гадоў»

Касцюм усё той жа — дваццацігадовай даўніны? Не, вядома! Божа барані! (смяецца) Зразумела, што я іх мяняю. Дзеда Мароз мае выглядаць з іголачкі. Мой касцюм гадоў пяць дзесьці служыць, а потым я пускаю яго на анучкі або аддаю камусьці, хто хацеў бы дома родных павіншаваць. Не захоўваю нічога, не складаю — для гэтага ж асобную шафу трымаць трэба.

Надзвычайнае свята? Ой, не. Нічога такога не было ў маёй практыцы — наадварот, я з цеплынёй успамінаю кожную сям’ю. І цяпер я ўжо не працую Дзедам Марозам — але пры канцы снежня бяру футра і еду да некаторых знаёмых. Ёсць людзі, якіх я ад першага года віншую — ужо 20+ гадоў. Кажу ім: «У вас ужо і старэйшая дачка вырасла, і малодшы сын, якога я памятаю яшчэ груднічком». А яны адказваюць: «Не, прыязджай! Без цябе няма свята». 

А яшчэ адную сям’ю я гадоў 15 віншую — заўсёды 25 снежня. І сёлета паеду — не дзеля грошай, а «з любові да мастацтва», што называецца — гэта пытанне майго асабістага навагодняга настрою. Мне гэта проста падабаецца! Мне прыемна іх бачыць кожны год, а ім — мяне. Нашыя лёсы ўжо перапляліся. 

«Адная напарніца — Снягурка была топавым інжынерам»

Калі гэта перастала быць для мяне падпрацоўкай — напэўна, ужо гадоў 10, калі не больш. У мяне вельмі прыстойны айцішны даход. Але касцюм у шафе вісіць — і кожны Новы год я яго апранаю.

Калі ў мяне з’явілася свая сям’я, я, вядома, стаў больш часу бавіць за святочным навагоднім сталом. Але пару гадоў мы з жонкай ездзілі віншаваць людзей — у тым ліку і на сам Новы год. І выдатна сябе адчувалі: лішняга не з’елі, не выпілі (гэта толькі ў савецкія часы Дзеда Мароза наравілі за стол пасадзіць ды напаіць — цяпер не), а толькі зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі. 

Ведаеце, кожны новы дом — гэта латарэя, але я заўважыў: тыя, хто заказвае Дзеда Мароза на 0:00 31 снежня, — заўсёды вельмі добрыя людзі. Ані разу не адчуваў расчаравання ад таго, што ўзяў такі заказ. 

У камандзе ў мяне ведаюць, што яны працуюць разам з Дзедам Марозам — я ж і ў нас у кампаніі на карпаратывах выступаў. А яшчэ ў мяне ёсць каманда, з якой мы катаемся на каньках — і я чапляю бараду і апранаю касцюм Дзеда Мароза. Сёння таксама буду катацца на F-1 (каток каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў).

Снягурак за 20 гадоў у мяне нямала змянілася. Гэта ж Дзед Мароз не старэе — а яны вырастаюць. 

Дзе новых браў — у асноўным праз знаёмых знаходзіў, а неяк раз праз аб’яву. Праца гэтая камандная, няпроста — мае на ўвазе разуменне адно аднаго: адвашаваць ад раніцы 31 снежня і да раніцы 1 студзеня не кожны зможа. 

Снягуркі-айцішніцы мне таксама трапляліся. Адная напарніца была QA-інжынерам — і не, не калегай, а знаёмай знаёмых. Але здзіўляцца тут няма чаму — урэшце ў Беларусі дзясяткі тысяч айцішнікаў.

«Глядзіць з-пад ілба: а летась другі-і-і Дзед Мароз быў!»

Мне заўсёды больш падабалася дзяцей віншаваць — яны так шчыра радуюцца прыходу Дзеда Мароза. А яшчэ яны такія кемлівыя — усё прыкмячаюць. Ты заходзіш у дом, а малы глядзіць з-пад ілба: «А летась другі-і-і Дзед Мароз быў!» Ну, даводзіцца тлумачыць: «Ведаеш, дзяцей у свеце так шмат, што я клічу на дапамогу братоў — іх у мяне таксама нямала: і Санта, і Зюзя тут у Беларусі… Вось летась нехта з іх да цябе прыходзіў, а ўжо сёлета я з’явіўся — Дзядуля Мароз».

Ёсць такі анекдот. Адзін Дзед Мароз іншаму кажа:

— Слухай, а павіншуй майго мальца з Новым годам!

— А што, ты сам не можаш?

— Не, не магу: я вельмі дорага бяру.

Вядома, я свайго сына (яму цяпер 8 гадоў) віншую сам. Першы раз да яго прыйшоў Дзед Мароз, калі яму быў каля 2,5 гадоў. Спачатку ён трошкі з недаверам глядзеў: ну як так, вочы знаёмыя — татавы, але быццам не тата. 

Насамрэч гэта цэлая навука — як віншаваць зусім маленькіх дзяцей. Неяк я нават віншаваў 8-месячных. Ты ціхенька заходзіш і ні ў якім разе не махаеш рукамі, не размаўляеш гучна — каб не нанесці дзіцяці траўму на ўсё жыццё. 

З дзецьмі ўсякае бывае: хтосьці чакаў-чакаў Дзеда Мароза ад самай раніцы — і перачакаў. Ты прыйшоў, а ў яго ўжо істэрыка. У такім выпадку «агонь» на сябе часта бярэ Снягурка — да дзяўчынкі даверу больш, чым да дзеда барадатага. 

Бывае, усё ідзе не па сцэнары. Але гэта і зразумела: ты ж не робат — прыйшоў і адтарабаніў. Трэба адчуваць дзіця. Часам дзеці разгуляцца не могуць. З адным хлопчыкам, памятаю, мы проста гулялі ў машынкі. А з дзяўчынкамі — у лялькі.

Бывае, ты яшчэ ўвайсці не паспеў, а бабулі-дзядулі або таты-мамы малога ў спіну штурхаюць: «Давай, расказвай вершык!» Або падарунак яму ўручаюць. А гэта памылка: як толькі падарунак аказваецца ў руках у дзіцяці — яму ўжо нічога не трэба. Усё, віншаванне скончылася!

«Толькі на дзіцячых віншаваннях некаторыя прымудраюцца зрабіць $1000 за ноч»

Зарабіць Дзедам Марозам можна — толькі на дзіцячых віншаваннях некаторыя прымудраюцца зрабіць $1000 за ноч. А яшчэ ёсць карпаратывы і ранішнікі. Так што за два тыдні навагодняга «чосу» Дзядуля Мароз можа зарабіць зарплату мідла, а то і сеньёра. 

Памятаю, мой рэкорд у адзін год — 40 віншаванняў дома за суткі. Але больш такіх учынкаў я не здзяйсняў. Гэта сапраўды было цяжка: апошнія 10 віншаванняў я не памятаю — усё было, як у тумане.

Тады я зразумеў, што ўсё ж такі ёсць ліміт таго пазітыву, якім ты можаш падзяліцца. І 20 заказаў — гэта найлепшы варыянт для пярэдадня Новага года і святочнай ночы. 

Выгарэць, працуючы Дзедам Марозам, — не, напэўна, нельга. Бо яго праца абмежаваная па часе — усяго два тыдні, а выгаранне — працэс працяглы. Але вельмі стаміцца, вядома, можна. Асабліва калі нахапаць кучу «праектаў» — і вашаваць без сну і адпачынку. 

Па сваім вопыце скажу: так, ты стамляешся, але потым эмоцыі, якія ты атрымаў за два тыдні, падтрымліваюць цябе доўгі час. А для мяне найлепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці. 

Раней, калі я сумяшчаў працу Дзедам Марозам з асноўнай — я браў на час святаў адпачынак. Ну і ў выходныя таксама падпрацоўваў. Цяпер я хаджу ў адпачынак у часе школьных вакацый. А сваіх добрых знаёмых віншую ў выходныя.

Каментары2

  • Ё
    30.12.2024
    Надакучылі са сваімі расейскімі Дзедамі Марозамі. Гэты персанаж ужо даўно стаў адным з сімвалаў прапаганды рускага свету, а апошнія ролікі, дзе Дзед Мароз збівае Санта Клаўса, увогуле павінны тлумачыць любому даросламу чалавеку, што лепей трымацца далей, ад Дзеда.
  • Чос і мідла
    31.12.2024
    Што такое "чос" і што такое "мідла"?

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны6

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны

Усе навіны →
Усе навіны

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі14

Лукашэнка ў навагоднім звароце: «Змена пакаленняў завершыцца ў наступныя гады»28

Зяленскі ў навагоднім звароце: Я ўпэўнены, прыйдзе дзень, калі мы скажам «Жыве Беларусь!»23

Навагодні зварот Ціханоўскай быў спалучаны з відэаролікам пра жыццё адной сям'і33

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб25

Пазняк звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай спыніць рэпрэсіі48

Раман Пратасевіч упершыню за месяц паказаўся людзям, але ў дзіўным выглядзе7

СПА Украіны расказала, колькі ракет і дронаў збіла за год5

Немаршанскі сад. Адкуль такая незвычайная назва ў новай станцыі метро?14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны6

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны

Галоўнае
Усе навіны →