«Здзекаваліся з майго дзіцяці». Бацька школьніцы расказаў, як яе прымусілі прасіць прабачэння на каленях і пагражалі, што згвалцяць
Пасля канфлікту вучняў школы № 30 Брэста 13-гадовую школьніцу прымусілі стаць на калені, «цалаваць рукі» і прасіць прабачэння, а таксама пагражалі згвалтаваннем. Гэта адбывалася на вачах у іншых падлеткаў. Бацька школьніцы Уладзімір Дзяменціюк звярнуўся да адміністрацыі ўстановы, а таксама напісаў заяву ў міліцыю. Пра ўсё, што здарылася, ён расказаў у тыктоку, піша «Люстэрка».

«Забілі стрэлку»
Мужчына расказвае, што канфлікт адбыўся праз сварку ягонай дачкі Міраславы з іншай дзяўчынай, Златай. Паводле яго слоў, дзяўчынкі ўжо канфліктавалі не раз і ён вырашаў гэтыя пытанні з яе бацькам.
«Тут гэты канфлікт перарос у тое, што за Злату заступіўся хлопец — узніклі ў іх там нейкія ўзаемныя абразы. За Міраславу таксама заступіўся хлопчык. Ну і, вобразна кажучы, яны «забілі стрэлку». Дзе ўжо здзекаваліся з майго дзіцяці, прымушалі стаць на калені, прасіць прабачэння, цалаваць руку, казалі, [што] паставяць ракам і згвалцяць. Гэта было ўсё з нецэнзурнай лаянкай», — расказвае мужчына.
Бацька пацярпелай школьніцы не вінаваціць іншых вучняў у тым, што тыя не звярнуліся да педагогаў і не расказалі пра тое, што адбываецца. Ён лічыць, што дзеці не давяраюць школе і маглі пабаяцца быць зацкаванымі з боку аднагодкаў «за тое, што дзесьці нешта расказалі». Па словах Уладзіміра, ён ужо чуў скаргі ад дачкі на абразы з боку таго хлопца, але «ўсё вырашаў мірна», «хадзіў да яго мамы і прасіў прыняць меры».
Пасля таго, што здарылася, 19 лютага, напісаў заяву ў міліцыю. Мужчына запытаў інфармацыю ва УУС і спадзяецца, што ў міліцыі з усім разбяруцца. Пры гэтым, мяркуючы з ягоных слоў, класны кіраўнік, а таксама праваахоўнікі праводзілі апытанне ягонай дачкі без прысутнасці бацькоў.
«Я гатовы вырашыць усё мірна, калі ў прысутнасці адміністрацыі школы гэтыя дзеці выбачацца перад маім дзіцём і паглядзяць мне ў вочы. І калі маё дзіця кагосьці пакрыўдзіла альбо будзе даказана, што кагосьці дзесьці пакрыўдзіў я, таксама гатовы прынесці прабачэнні», — заявіў Дзяменціюк.
Уладзімір выклаў скрыншоты тэлефоннай перапіскі з чалавекам, які, з ягоных слоў, прадставіўся ўчастковым і прасіў выйсці на сувязь. У паведамленнях той прапаноўваў вырашыць пытанне па тэлефоне, адказваў, што адпраўка запытаных Уладзімірам дакументаў ад УУС «зойме некаторы час, а абмеркаваць адно пытанне трэба раней».
«Навошта ўсё штучна ўскладняць? Перагаварылі і разышліся. Калі вас нешта бянтэжыць, магу пад'ехаць да вас дадому і перагаварыць там», — напісаў ён у адказ на адмову бацькі гэта рабіць.
Пасля «міліцыянер» папрасіў выдаліць «апублікаваныя ў сетцы Інтэрнэт відэа з гэтай нагоды».


На відэа Уладзімір Дзяменціюк кажа, што будзе абараняць сваю дачку да канца.
«Я ніколі пра гэта не буду маўчаць. Дачушка, ведай, што тата цябе заўсёды абароніць, — сказаў ён, падзякаваўшы дзецям, якія заступаліся за Міраславу, і ў каментары пад іншым відэа дадаў: — Калі я прападу, то ведайце, што я ішоў за дачушку. У мяне ёсць усе доказы (скрын, аўдыё – і відэазапісы). Усё не скідаю. Чым вырашыцца ўсё, скажу і выдалюся».
Школа: «Не нашы вучні зладзілі такі балаган»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў школу № 30 Брэста як занепакоеная мама адной з вучаніц. Яна спытала, ці праводзіцца ў школе праверка пасля канфлікту і публічнага звароту бацькі пацярпелай дзяўчыны.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Міхаіл Кажамякін адзначыў, што на відэа Дзяменціюка «моцна ўсё перабольшана».
«Там канфлікт паміж дзвюма дзяўчынкамі ў класе — яны наогул дзве сяброўкі. Нешта не падзялілі, і іх хлопчыкі, так бы мовіць, заступіліся за іх і пайшлі разбірацца. А потым усё перарасло ў такое, што яны і кампаніі прывялі для колькасці, хоць гэтыя хлопцы таксама сябры паміж сабой.
Але гэта не нашы вучні зладзілі такі балаган — гэта тыя, каго паклікалі: з палітэхнічнага каледжа, з універсітэта (і нават не нашы выпускнікі)», — патлумачыў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
У адміністрацыі запэўнілі, што ў школе «велізарная колькасць мерапрыемстваў на тэмы булінгу і сэксуальнага гвалту». І параілі ў канфліктных сітуацыях бацькам і вучням звяртацца да класных кіраўнікоў, псіхолагаў і сацыяльных педагогаў.
«Абавязкова звяртайцеся, падыходзьце, калі нейкія праблемы. Таму што і гэтаму ж тату мы прапаноўвалі: прыйдзіце ў школу, пагаворым, разбярэмся. І прапаноўвалі сустрэцца з бацькамі таго хлопца, — дадаў педагог. — Нешта будзем вырашаць. Навошта трэба было гэта выстаўляць на ўвесь свет, яшчэ і пра сваю дачку, незразумела. Усім заўсёды можна сустрэцца, абмеркаваць, канфідэнцыйна — як вы лічыце патрэбным. Лепш спачатку звярнуцца ў школу, не выносячы, як той казаў, смецце з хаты».
Намеснік дырэктара запэўніў, што ў школе не было булінгу ў дачыненні да пацярпелай вучаніцы.
«Пакуль ніякага рашэння няма, але займаюцца і праваахоўныя органы, і ўпраўленне адукацыі, — сказаў ён. — Але, я думаю, вы ведаеце, што там за блогер — гэты мужчына, якога вы бачылі.
Пра Уладзіміра Дзяменціюка восенню 2024 года пісала выданне BG.Media. У фэйсбуку мужчына выклаў пост з расказам пра сябе, дзе згадвае, што раней кіраваў арганізацыяй «Ініцыятыва-М», рэалізоўваў у горадзе моладзевыя праекты, «ездзіў па папраўчых калоніях і заклікаў зняволеных жыць па законах». Таксама прызнаецца, што працаваў на КДБ «за бясплатна, стараўся для краіны, але, як толькі адмовіўся працаваць на КДБ, пачалося пекла». Па словах мужчыны, яго «злілі крыміналітэту, нават хацелі застрэліць у 2013 годзе», а пасля падвяргалі цкаванню і пераследам, «двойчы прызнавалі хворым па лініі псіхіятрыі, але змагаўся, і дыягназ прыбралі».
На тым канале Уладзіміра, дзе ён выкладваў відэа аб тым, што здарылася з дачкой, таксама ёсць пост з заявай на імя галоўнага доктара Брэсцкага псіханеўралагічнага дыспансера, у якім мужчына кажа пра прыём псіхатропных прэпаратаў, прапісаных лекарамі, і іх пабочнае дзеянне. Заява таксама падпісаная 19 лютага 2025 года.
У аўтара ролікаў пра школьны канфлікт ёсць іншы тыкток, у ім ён выкладваў відэа раней. Напрыклад, мужчына прасіў пра сустрэчу з «прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам».
«Не ведаеш мовы — не прамаўляй». Хлопец перастаў размаўляць па-беларуску з-за хейту
У Гомелі падлетак прынёс у школу нож, каб забіць аднакласнікаў, якія з яго здзекаваліся
У Рагачове тры школьніцы збілі 11-гадовага хлопчыка, сцягнулі з яго трусы і імітавалі сэкс
«З першага ж дня сын вяртаецца дадому пабіты». Беларуска змагаецца з булінгам у польскай школе
«Усе будуць хадзіць «качкай», пакуль у цябе мазгоў не дадасца». Беларусы расказалі, як яны ці іх дзеці падвяргаліся булінгу
Публікацыя відэа са сцэнай збівання салігорскага сямікласніка выклікала рэзананс і прыцягнула ўвагу да праблемы
Каментары
Вот тогда то все и забегали: как начали приходить домой из отдела образования и в школу. А он уперся: не пойду в школу, меня там бьют!
И правильно сделал! Дети, наплюйте на школу, не ходите туда, если над вами там издеваются! Лучше потом в вечернюю походить спокойно, когда повзрослеете чуток, все равно образование ничто в этой стране!
...
а гаварыў жа вам Пазняк... усё што заўгодна падпісвайце, але толькі не заяву на супрацу з кгб
...
дзеткі мянтоў?