Культура1515

Дзень Волі і БНР у пытаннях і адказах

Што трэба ведаць пра галоўнае нацыянальнае свята?

Што такое БНР

Нацыянальная беларуская дзяржава, якую паспрабавалі стварыць пасля падзення самадзяржаўя. Незалежнасць БНР была абвешчаная ва ўмовах нямецкай акупацыі ў сакавіку 1918 года.

Абвешчаныя межы БНР былі трошкі большымі за сучасную Беларусь: яны ўключалі ў сябе беларускамоўныя тэрыторыі Віленшчыны, Смаленшчыны, Беласточчыны, Чарнігаўшчыны. Сцягам БНР быў бел-чырвона-белы, гербам — Пагоня.

Калі і дзе абвясцілі незалежнасць БНР?

25 сакавіка 1918 года. У гэты дзень Рада БНР прыняла Трэцюю ўстаўную (гэтае слова значыць «устаноўчую», «заснавальніцкую») грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

Гэта адбылося ў Мінску, у будынку Сялянскага пазямельнага банка на вуліцы Серпухаўскай (сёння гэта вуліца Валадарскага, 9).

А што такое Рада БНР?

Прасцей кажучы, гэта аналаг сённяшняга парламента.

Але перад ёю быў Першы ўсебеларускі з'езд у 1917 годзе (амаль 1900 чалавек!). На ім абвясцілі права беларусаў на самавызначэнне, хоць размова пра прызнанне беларускай незалежнасці тады не вялася, з'езд разагналі бальшавікі.

У лютым 1918 года Мінск занялі нямецкія войскі, бальшавікі збеглі. Тады члены выканкама Рады ўсебеларускага з'езда 21 лютага 1918 года выдалі Першую ўстаўную грамату, у якой абвясцілі сябе часовай уладай. 9 сакавіка 1918 была выдадзеная Другая ўстаўная грамата, у ёй абвяшчалася стварэнне Беларускай народнай рэспублікі, а 18 сакавіка 1918 Рада Усебеларускага з'езда была перайменаваная ў Раду БНР.

Рада БНР існуе да гэтага часу ў эміграцыі і аб'ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з розных краін.

Хто ўваходзіў у Раду БНР?

У дзень абвяшчэння незалежнасці БНР у Радзе было 77 чалавек. 36 з іх былі абраныя на Усебеларускім з'ездзе, 6 кааптаваныя ад Віленскай беларускай рады, 15 — ад нацыянальных меншасцяў (рускія, палякі, яўрэі), 10 — ад земстваў, 10 — ад гарадоў.

У БНР быў урад?

Так. Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны 20 лютага 1918.

Старшынём — прэм'ерам — стаў Язэп Варонка, ён жа быў народным сакратаром (міністрам) замежных справаў. Таксама былі прызначаныя міністры ўнутраных спраў (Іван Макрэеў), асветы (Аркадзь Смоліч), юстыцыі (Яўхім Бялевіч), народнай гаспадаркі, земляробства і г.д.

Першы беларускі кабмін. Сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка. Стаяць — Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц. Фота: БДАМЛіМ

Дзе была сталіца БНР?

Цікава, што сталіцай былі аж два гарады, прычым адзін з іх двойчы. Спачатку гэта быў Мінск.

Калі Мінск заняла Чырвоная армія, часовай сталіцай БНР стаў Гродна.

Іншыя краіны прызналі незалежнасць БНР?

Дэ-факта — так. З прадстаўнікамі ўрада БНР кантактавалі дыпламаты Украіны, Польшчы, Германіі, Даніі, Фінляндыі, Чэхаславакіі, Эстоніі.

У шэрагу еўрапейскіх краін нават працавалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР, але юрыдычна яны так і не былі прызнаныя.

БНР была суверэннай дзяржавай?

Гэта была дзяржава на этапе фарміравання.

У БНР існаваў інстытут грамадзянства, дзяржаўны друк і сімволіка, нават выдаваліся пашпарты і былі свае паштовыя маркі. Адкрываліся беларускія школы, тэатры, вялася праца па стварэнні беларускага ўніверсітэта.

Але ж БНР зарадзілася на тэрыторыі, фактычна акупаванай іншымі дзяржавамі, і не паспела стварыць свае ўзброеныя сілы і судовую сістэму.

Як склаўся лёс айцоў беларускай незалежнасці?

У большасці — трагічна. Першым Старшынём Рады БНР быў Янка Серада: у пачатку 1930-х ён перажыў дзве высылкі, а ў 1941 годзе быў асуджаны на 10 гадоў. Выйшаў датэрмінова ў 1943, далейшы лёс невядомы.

Другі старшыня Рады — Язэп Лёсік, родны дзядзька Якуба Коласа. У 1931 годзе яго выслалі ў Саратаў, у 1940 годзе асудзілі на 5 гадоў за антысавецкую агітацыю. Лёсік памёр або быў забіты ў турме на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду.

Язэп Варонка, першы кіраўнік Урада БНР, у 1923 годзе эміграваў у ЗША, дзе жыў у Чыкага.

Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны ў 1930 годзе, высланы ў Саратаў, падчас Вялікага тэрору быў расстраляны ў 1938 годзе.

Антона Луцкевіча арыштавалі пасля захопу Вільні ў 1939 годзе, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і асудзілі на 8 гадоў лагера. Ён памёр у 1942 годзе падчас перасылкі.

Яўхім Бялевіч, міністр юстыцыі БНР, быў арыштаваны ў 1932-м, больш на волю не выйшаў, загінуў праз 10 гадоў у Магадане.

Былі забітыя ці памерлі ў турмах Раман Скірмунт, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч і іншыя, дакладны лёс многіх дзеячаў беларускага адраджэння невядомы.

Некалькі разоў арыштоўвалі і Клаўдзія Дуж-Душэўскага, аўтара бел-чырвона-белага сцяга. Апошні раз яго арыштавалі ў 1952 годзе, асудзілі на 25 гадоў як «беларускага нацыяналіста». Але ў 1955-м ён усё ж выйшаў на свабоду.

Пашпарт Леанарда Зайца. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Калі Дзень Волі стаў святам?

У Заходняй Беларусі 25 Сакавіка людзі святкавалі аж да 1937 года — пакуль гэта не забаранілі польскія ўлады.

Традыцыя святкавання Дня Волі ў Беларусі адрадзілася ў 1990-м. На дэманстрацыі і мітынгі ў гэты дзень выходзілі сотні тысяч людзей у розных гарадах.

Каментары15

  • Ева
    25.03.2025
    Жыве і будзе жыць! Са Сьвятам!
  • Беларус
    25.03.2025
    Жыве Беларусь!
  • простае тлумачэнне
    25.03.2025
    БНР гэта плюс-мінус тое ж што і ўрад Ціханоўскай з іх новай беларуссю. З такім жа стаўленнем народа да гэтай з’явы.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант25

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Усе навіны →
Усе навіны

Візіт Вэнса ў Грэнландыю: віцэ-прэзідэнт ЗША распавёў пра пагрозы з боку Расіі і паабяцаў не ўжываць сілу1

У Мінску створаць першы атрад народнага апалчэння5

У Каардынацыйнай радзе новы спікер пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай20

Больш за 1000 чалавек загінулі ў выніку землятрусу ў М'янме

У беларускай гімназіі ў Вільні з'явяцца дадатковыя месцы. Але заяўкі трэба пакідаць зараз2

«Ферментаваны напой, скарбніца прабіётыкаў». Захад з захапленнем адкрыў для сябе квас27

Анжаліка Мельнікава вылецела з Польшчы ў Вялікабрытанію11

Расіяне атакавалі беспілотнікамі Дняпро

У Баранавіцкім раёне знік 10-гадовы хлопчык

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант25

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць