У цёплую пару года ў Мінску пачнуць працу больш за 1100 аб’ектаў вулічнага гандлю. Пра гэта распавяла начальніца галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная, піша Onliner.by.

Да такіх аб’ектаў адносяцца летнія кавярні і тэрасы, палаткі, кіёскі і павільёны. Яны будуць размяшчацца як побач з кафэ і магазінамі, так і ў гарадскіх парках і на пляжах.
— Пры добрым надвор’і сезон стартуе ўжо 1 мая, але некаторыя ўстановы пачалі ўсталёўваць летнія пляцоўкі загадзя, — адзначыла Нагорная.
Таксама працягнуць працу стрытфуд-пляцоўкі.
24 красавіка на сваім звыклым месцы адкрыецца «Пясочніца»,
1 мая — «Найлепшая вуліца» і Lidbeer Dvor, які пераехаў на новы адрас — пр. Незалежнасці, 58.
Яшчэ адзін фуд-корт з’явіцца ў парку на «Паўночным Беразе».
Традыцыйны гарадскі пікнік Vulitsa Ezha гэтым разам часова пераедзе з Батанічнага сада — цяпер разглядаецца варыянт Лошыцкага парка.
На пляжах плануюць усталяваць 93 гандлёвыя кропкі, а ў парках — 155. З іх: 33 будуць з ежай і напоямі, 60 — з таварамі, 62 — з рознымі паслугамі.
Парк Горкага у гэтым сезоне ў разлік не бярэцца — там ідзе рэканструкцыя.
Працягнецца і продаж агародніны з садавіной — будзе працаваць 170 палатаў і павільёнаў, што на 9 больш, чым летась.
Каментары