Свет55

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?

Падземны комплекс у Фардо — адзін з самых ахоўных і стратэгічна важных у інфраструктуры Ірана, вакол яго ўжо шмат гадоў ідуць міжнародныя спрэчкі і перамовы. Эксперты сцвярджаюць, што Ізраіль не мае магчымасцей яго знішчыць без дапамогі ЗША.

Унутры завода Фардо. 2019 год. Фота: Atomic Energy Organization of Iran / AFP

Фардо — падзямельны завод па ўзбагачэнні ўрану, які Іран пачаў будаваць, як лічыцца, прыкладна ў 2006—2007 гадах. Ён размешчаны недалёка ад горада Кум (150 км на поўдзень ад Тэгерана) — рэлігійнага цэнтра шыіцкага ісламу, што мае як практычнае значэнне (цэнтральнае размяшчэнне, добрыя камунікацыі), так і сімвалічнае. Але галоўнае — Фардо быў спраектаваны як аб’ект, які немагчыма лёгка знішчыць з паветра.

Іран не паведамляў Міжнароднаму агенцтву па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пра будаўніцтва гэтага аб'екта, пакуль у 2009 годзе інфармацыю пра яго не раскрылі заходнія разведкі, у першую чаргу ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. З гэтага моманту Фардо ператварыўся ў міжнародны сімвал недаверу да іранскай ядзернай праграмы.

Падземны «бункер» ядзернай праграмы

Фардо знаходзіцца на глыбіні да 80 метраў пад горным масівам, і гэта робіць яго выключна складаным для знішчэння нават пры выкарыстанні спецыяльных супрацьбункерных авіябомбаў.

У ім усталяваныя сотні цэнтрыфуг, з дапамогай якіх адбываецца ўзбагачэнне ўрану. Згодна з афіцыйнай іранскай пазіцыяй, Фардо прызначаны для мірных мэт. Аднак размяшчэнне пад зямлёй, сакрэтнасць на этапе будаўніцтва і магчымасць хуткага пераналаджвання на ўзбагачэнне ўрану да ўзроўню ядзернай зброі выклікаюць глыбокі скепсіс у краін Захаду.

Спадарожнікавы здымак Фардо. 2013 год. Фота: DigitalGlobe / Getty Images

У 2015 годзе, калі быў падпісаны Сумесны комплексны план дзеянняў паміж Іранам і групай краін (ЗША, ЕС, Кітай, Расія і іншыя), Іран пагадзіўся спыніць узбагачэнне ўрану ў Фардо. Паводле ўмоў дамовы, усе цэнтрыфугі на аб’екце павінны былі быць адключаныя, а сам завод ператвораны ў навукова-даследчы цэнтр.

Пэўны час гэтая ўмова выконвалася, але сітуацыя пачала змяняцца пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у 2018 годзе аднабакова выйшаў з дамовы і аднавіў санкцыі супраць Тэгерана.

У адказ Іран паэтапна пераставаў выконваць свае абавязацельствы. У 2019 годзе цэнтрыфугі ў Фардо вярнуліся да працы.

У сакавіку 2023 года МАГАТЭ пацвердзіла, што ў Фардо знойдзены ўзбагачаны ўран з утрыманнем ізатопу U-235 на ўзроўні 83,7%. Такі ўзровень значна перавышае дапушчальныя межы для мірнага выкарыстання і набліжаецца да таго, што неабходна для стварэння ядзернай бомбы.

Аднак, як піша Fiancial Times, апошняя ацэнка пагрозы, апублікаваная амерыканскай разведкай у гэтым годзе, паказала, што Іран не аднавіў праграму распрацоўкі ядзернай зброі, якую ён прыпыніў пад міжнародным ціскам у 2003 годзе.

Фардо — ключавы аб'ект ядзернага прарыву

Але калі б Тэгеран пайшоў гэтым шляхам, то менавіта Фардо стаў бы ключавым у «ядзерным прарыве» краіны — то-бок рэзкім пераходзе ад цывільнай ядзернай праграмы да стварэння ядзернай зброі.

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што з моманту прыняцця рашэння да атрымання матэрыялу для бомбы можа прайсці ўсяго тры тыдні. Пры чым першая партыя ў 25 кілаграм можа быць атрымана ўсяго за два-тры дні.

У глабальным маштабе Фардо не з'яўляецца ўнікальным аб'ектам. Кожная вялікая дзяржава з ядзернай праграмай мае падобныя падземныя вайсковыя бункеры: у ЗША — гэта комплекс Рэйвэн-Рок у Пенсільваніі, у Расіі — Ямантаў на Урале; аналагі маюцца і ў Кітаі, і ў Паўночнай Карэі.

Аднак Фардо — адзіная буйная падземная ваенная база, якая калі-небудзь падвяргалася непасрэднаму нападу, — прэцэдэнт, які паказвае надзвычайную рызыку, на якую пайшоў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, санкцыянаваўшы ізраільскія напады.

Паведамлялася, што 14 чэрвеня Фардо быў атакаваны. Аднак шкода была нязначнай. Па даных МАГАТЭ, падземныя збудаванні не былі закрануты ўдарамі, і завод працягвае функцыянаваць.

У адрозненне ад гэтага, Ізраілю ўдалося знішчыць найбуйнейшы наземны завод па ўзбагачэнні ўрану Ірана ў Натанзе.

Важная роля ЗША

Як піша The New York Times, амерыканскія афіцыйныя асобы заявілі, што ў Ізраіля няма супрацьбункерных бомбаў, каб дабрацца да Фардо, і калі гэты аб'ект перажыве атакі, то ёсць вялікая верагоднасць, што разам з ім выжыве ключавая тэхналогія ядзернай праграмы краіны.

Па інфармацыі Dayli Mail, нанесці рэальную шкоду аб'екту можа толькі амерыканская 15-тонная супрацьбункерная бомба GBU-57. Існуе толькі некалькі такіх звышмагутных прылад, кожная з якіх каштуе мільёны даляраў.

Пры гэтым ЗША — адзіная краіна, чые ваенныя самалёты здольныя скідаць такую цяжкую бомбу. Для гэтага можа быць выкарыстаны бамбавік-невідзімка B-2 Spirit. Ізраільскія ж F-15 і F-35 фізічна не здольныя падняць такую велізарную вагу.

Паводле даных кампаніі Northrop Grumman, стратэгічны цяжкі бамбавік B-2 мае дальнасць палёту каля 11 300 кіламетраў без дазапраўкі і да 18 500 кіламетраў пры адной дазапраўцы ў паветры. Гэта дазваляе яму дасягнуць любога месца на планеце за некалькі гадзін.

Маючы даўжыню 6 метраў і GPS-навядзенне, перш чым узарвацца, GBU-57 пранікае на глыбіню да 60 метраў, пасылаючы ўдарныя хвалі праз бункерныя сістэмы і руйнуючы ўнутраныя канструкцыі.

Паводле Дэні Цытрыновіча, эксперта па Іране з Інстытута нацыянальнай бяспекі ў Тэль-Авіве, якога цытуе Financial Times, «Без ЗША з Фардо ўпорацца будзе цяжка. Ён моцна ўмацаваны і знаходзіцца глыбока пад гарой. Не ўпэўнены, што мы зможам там нанесці істотную шкоду».

Як адзначаюць эксперты, перадача Ізраілю супрацьбункерных бомбаў або іншая ваенная падтрымка нясе сур’ёзныя палітычныя і дыпламатычныя рызыкі для Трампа. Гэта можа пахаваць надзеі на перамовы з Іранам наконт яго ядзернай праграмы, якіх сам Трамп жадае. Іран, са свайго боку, сцвярджае, што яго ядзерныя распрацоўкі маюць выключна мірны характар.

Каментары5

  • чт. пт.
    18.06.2025
    Несколько европейских военно-транспортных самолетов направляются на Ближний Восток, по-видимому, в рамках подготовки к эвакуации гражданских лиц и дипломатического персонала из Израиля. В любом случае, похоже, что в ближайшие дни мы приближаемся к полномасштабной эскалации.
  • Anatol Starkou
    18.06.2025
    З майго ўласнага погляду нічога з Іранам слабакі заходнія ні зробяць. Іран запусціць па Ізраілю ядзерную ракету і на гэтым усё скончыцца.
  • Ігар Лямеш
    18.06.2025
    У 2016-м супрацоўнік Прынстана Райан Шнайдэр маляваў у сваім артыкуле памяшканне плошчай 300 м2. Гэтага, на яго думку, дастаткова для лазернага раздзялення ізатопаў урана з вынікам у 32 кг 235U у год. "Гэта трошкі больш за адну бомбу", - удакладняў аўтар. 5 тон сыравіны, UF6, таксама упісваюцца ў гэтыя 300м2.

    Фэрэйдун Давані Абасі, магчыма, насамрэч быў адным з галоўных ядзерных аб'ектаў Ірана. А думка, што наземныя заводы сатруць з твару Зямлі, і лепей схавацца пад гарою, старая, пра што аўтар тэкста HH і згадвае.

    Райан Шнайдэр не пра гару, а пра цяжкасць ідэнтыфікацыі мэтапрызначэння памяшкання плошчай у 300м2.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні4

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Сталі вядомыя імёны чатырох палітзняволеных жанчын, вызваленых па папярэднім памілаванні4

Беларускі комік зняўся ў серыяле з зоркай «Звышнатуральнага». У кадры і Мінск — як яго бачаць амерыканскія кіношнікі2

У Беларусі спрасцілі працэдуру продажу тавараў з падвойнымі кодамі маркіроўкі

Як перажыць спёку?10

Далай-лама прыдумаў, як вызначыць сабе намесніка і абхітрыць Кітай2

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі10

Сталіца Паўднёвай Карэі перажывае нашэсце чорных жукоў2

Украінскія палярнікі зрабілі незвычайнае ФОТА цюленя, які адпачывае на крызе1

Украінскі вайсковец знайшоў каля беларускай мяжы зубы маманта1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні4

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць