Крысцін Кэбат, якая абдымалася з жанатым гендырэктарам IT-кампаніі на канцэрце Coldplay, упершыню пракаментавала гэта
«Я прыняла дрэннае рашэнне, выпіла пару кактэйляў High Noon, танцавала і паводзіла сябе непрыстойна са сваім босам».

У ліпені на канцэрце гурта Coldplay у Бостане камера выпадкова зняла кіраўніка IT-кампаніі Astronomer Эндзі Байрана і дырэктарку аддзела кадраў Крысцін Кабот, якія стаялі абняўшыся. Відэа паказалі на вялікіх экранах стадыёна падчас песні як частку традыцыйнага моманту kiss cam (камеры для пацалункаў).
Крысцін Кэбат упершыню з таго моманту дала інтэрв'ю.
Яна расказала The New York Times, што на яе абрынуўся хэйт — у каментарыях яе называлі шлюхай, разбуральніцай сем’яў, паляўнічай за грашыма.
Яе асабістыя даныя злілі ў інтэрнэт, і на працягу некалькіх тыдняў яна атрымлівала па 500—600 званкоў у дзень. Папарацы дзяжурылі праз дарогу ад яе дома, а машыны павольна праязджалі міма, «як на парадзе», узгадвала яна.
У выніку Кэбат наняла кансультанта па камунікацыях, каб дапамагчы распавесці гісторыю і пры гэтым мінімізаваць далейшую шкоду для сябе і блізкіх.
Яна расказвае, што да той ночы яны з босам нават ні разу не цалаваліся.
«Я прыняла дрэннае рашэнне, выпіла пару кактэйляў High Noon, танцавала і паводзіла сябе непрыстойна са сваім босам. І гэта не дробязь. Я ўзяла на сябе адказнасць і ахвяравала кар'ерай дзеля гэтага. Гэта цана, якую я вырашыла заплаціць»,
— сказала яна. — «Я хачу, каб мае дзеці ведалі: можна памыляцца, можна сур’ёзна аблажацца. Але за гэта табе не павінны пагражаць смерцю».
Увесну 2025 года, падчас абеду з босам Кэбат неяк асабліва згадала пра свой шлюб, і Байран спытаў, што здарылася. Яна адказала, што перажывае расстанне.
«Я праходжу праз тое самае», — успомніла яна яго словы. Пасля гэтага яны сталі больш блізкімі.
На працы яны дзяліліся сакрэтамі, смяшылі адно аднаго, і ў Кэбат хутка з’явіліся «вялікія пачуцці».
Растанне Кэбат з мужам было яшчэ зусім свежым, калі яна пагадзілася пайсці з сябрамі на Coldplay. Група ёй падабалася, але больш за ўсё вабіла магчымасць выбрацца куды-небудзь з сябрамі ў летнюю сераду. Яна запрасіла Байрана скласці ёй кампанію.
Ці не непакоіла яе гэтая вылазка з пункту гледжання HR-этыкі? «Магчыма, нейкая частка майго мозгу скакала і махала рукамі, крычучы: «Не рабі гэтага!» — адказала Кэбат. — «Але ў цэлым — не». Яна была ў захапленні ад таго, што пазнаёміць Байрана са сваімі сябрамі. «Я думала: я спраўлюся, я магу закахацца, я ўсё кантралюю». Па дарозе на стадыён Кэбат даведалася праз СМС, што яе муж, з якім яна разводзіцца, таксама ідзе на гэты канцэрт. «Гэта мяне выбіла з каляіны», — прызналася яна. Але яны з Байранам «не былі парай».
Месцы былі на VIP-балконе з шыкоўным відам на сцэну. Кэбат памятае, што вакол было цёмна і здавалася, што іх ніхто не бачыць. Яны з Байранам выпілі па пару кактэйляў з тэкілай, і па ходзе канцэрта сталі выглядаць як пара. Яна падкрэсліла, што ў тую ноч яны пацалаваліся першы і адзіны раз. Байран танцаваў ззаду Кэбат, калі яна ўзяла яго за рукі і абхапіла імі сябе.
Калі Кэбат убачыла сваё і яго фота на гіганцкім экране стадыёна, гэта было так, нібы «нехта пстрыкнуў выключальнікам».
«Мне было так сорамна і так страшна», — сказала яна. — «Я — кіраўнік HR, ён — гендырэктар. Гэта так клішэйна і так кепска». Яны ўцяклі ў бар. «Мы проста сядзелі там, схапіўшыся за галовы: што толькі што адбылося?» Яшчэ да выхаду са стадыёна яны пачалі абмяркоўваць, як рэагаваць. «Першая размова была пра тое, што мы павінны паведаміць савету дырэктараў».
У Кэбат ёсць кватэра ў Бостане, дзе яна жыве, калі дзеці застаюцца з ёй. Яны з Байранам паехалі туды, каб распрацаваць план. Хто напіша ліст? Што там будзе? Хто яго адправіць? «Пачаліся панічныя атакі», — кажа Кэбат. Яна ўжо бачыла перад вачыма страту працы і ўскладненні ў адносінах з мужам, якога дзеці абажалі.
І вось каля чатырох гадзін раніцы Кэбат атрымала паведамленне. Гэта быў скрыншот з TikTok.
Яна паехала да дзяцей, якія былі з бацькам у Бостане. Яна хацела пагаварыць з імі раней, чым яны пачуюць гэта ад іншых. «Яны ведалі, хто такі Эндзі, і я сказала: «Мы паддаліся моманту, і цяпер гэта ў сацсетках». Яе дачка, якой было 14, расплакалася.
Потым яна вярнулася ў кватэру на канферэнц-сувязь з саветам дырэктараў Astronomer. У той размове ёй сказалі: «Слухай, мы людзі. Мы ўсе памыляемся. Але ты разумееш, што мы павінны гэта абмеркаваць і прыняць рашэнне», — узгадвае яна. Неўзабаве кампанія пачала расследаванне.
Кэбат паставіла камеры назірання дома, а мясцовая паліцыя ўзмацніла патруляванне. Пасля завяршэння расследавання ў Astronomer ёй прапанавалі вярнуцца на пасаду, кажа яна. Але яна не магла ўявіць, як будзе кіраваць кадрамі, быўшы аб’ектам усеагульных кпінаў. Яна дамовілася аб сваім звальненні, пра якое абвясцілі 24 ліпеня.
Кэбат змянілася да непазнавальнасці для сям’і і сяброў. «З таго часу наступіла такая цемра», — сказала яе маці. Шмат дзён яна не выходзіла з пакоя. Кэбат казала, што адчувае сябе ў бяспецы толькі дома. Яна ўспомніла выпадак, калі яны з дачкой прыйшлі ў гарадскі басейн, і жанчына, якую яна ведала зусім трохі, пачала іх фатаграфаваць. Дачка са слязьмі на вачах пачала прасіць: «Мама, калі ласка, давай пойдзем». Іншым разам, калі яна забірала сына з працы, група жанчын падышла да машыны і, называючы яе «гэтай дзяўчынай», казала, што не разумеюць, як яна наогул можа паказвацца на людзях. «Я не ведала, як правільна падтрымаць сваіх дзяцей», — сказала яна.
Напрыканцы лета стала крыху лягчэй. Кэбат падала на развод з Эндру, які выпусціў заяву, што яны ўжо не жылі разам на момант канцэрта, і папрасіў не турбаваць яго. Яна знайшла тэрапеўтаў для дзяцей, якія вярнуліся ў школу, дзе да іх паставіліся з разуменнем. Кэбат пачала выходзіць з дома гуляць у тэніс.
Яны з Байранам падтрымлівалі сувязь усё лета. Але ў пачатку верасня яны сустрэліся і вырашылі, што «зносіны толькі замінаюць кожнаму рухацца далей і загойваць раны». З таго часу кантакты былі мінімальнымі.
Кэбат хоча абвергнуць чуткі, што яна трапіла на топ-пазіцыю праз ложак. Яна працуе з 13 гадоў, вырашыўшы, што ніколі не хоча фінансава залежаць ад мужчыны. Калі яна развялася з першым мужам у 2018 годзе, яна цалкам забяспечвала сям’ю сама. «Я ніколі так нічым не ганарылася ў жыцці», — кажа яна.
Кэбат заўважыла, што самымі жорсткімі крытыкамі былі жанчыны. «Тое, што я ўбачыла, прымушае мяне думаць, што не толькі мужчыны нас стрымліваюць. Мы самі сябе стрымліваем, знішчаючы адна адну».
Злоўленая на здрадзе ў часе канцэрта Coldplay топ-менеджарка кампаніі Astronomer разводзіцца з мужам
Топ-менеджарка Astronomer, якая абдымалася з CEO кампаніі на канцэрце Coldplay, таксама звольнілася
Калега, якую пяшчотна абдымаў гендырэктар IT-кампаніі Astronomer на канцэрце Coldplay, замужам за іншым гендырэктарам
Гендырэктар IT-кампаніі Astronomer, які трапіў у кадр з каханкай на канцэрце Coldplay, звольніўся
Жонка кіраўніка IT-кампаніі, якога заўважылі на канцэрце з калегай-каханкай, адрэагавала на сітуацыю
Жанаты кіраўнік IT-кампаніі трапіў у кадр з каханкай на канцэрце ўлюбёнага гурта. Гэта стала для пары неспадзяванкай ВІДЭА
Каментары
Нормы морали , этики тоже нарушают все . Но это незначит, что ...
Хто ў такое паверыць?