Самаробныя бомбы і трэніроўкі на стрэльбішчы. Аўстралійская паліцыя раскрыла падрабязнасці нападу на Бондзі-Біч
Згодна з новымі судовымі дакументамі, падазраваныя ў стральбе на Бондзі-Біч перад тым, як адкрыць агонь, кідалі ў натоўп выбуховыя прылады, аднак тыя не спрацавалі. Таксама за некалькі тыдняў да нападу гэтыя ж двое мужчын трэніраваліся ў стральбе, піша Бі-бі-сі.

Пятнаццаць чалавек былі забітыя, дзясяткі атрымалі раненні ў выніку стральбы на пляжы ў Сіднэі падчас святкавання Ханукі 14 снежня.
24‑гадоваму Навіду Акраму выстаўленыя абвінавачанні па 59 артыкулах, у тым ліку ў 15 забойствах і адным тэрарыстычным акце. Другі стралок — яго бацька Саджыд Акрам — быў застрэлены паліцыяй на месцы здарэння.
Паводле дакументаў, яны старанна планавалі напад на працягу некалькіх месяцаў і за два дні да стральбы наведалі пляж з мэтай разведкі.

На мінулым тыдні суд часова забараніў публікацыю паліцэйскай даведкі з выкладаннем фактаў у інтарэсах абароны персанальных даных тых, хто выжыў. У панядзелак забарону знялі, і дакументы былі апублікаваныя з пэўнымі купюрамі.
У апублікаваных матэрыялах змяшчаюцца падрабязнасці некалькіх відэазапісаў, якія фіксуюць перамяшчэнні меркаваных стралкоў перад нападам.
На адным з відэа, знятым на мабільны тэлефон у кастрычніку, мужчыны сядзяць перад выявай сцяга групоўкі «Ісламская дзяржава».
На відэа чуваць, як яны разважаюць пра матывы нападу і асуджаюць «дзеянні сіяністаў». Навід Акрам таксама чытае на арабскай мове ўрывак з Карана.
Паліцыя паведаміла, што на іншым відэазапісе, таксама зробленым у кастрычніку, бацька і сын «праходзяць навучанне абыходжанню з агнястрэльнай зброяй у сельскай мясцовасці», меркавана ў штаце Новы Паўднёвы Уэльс.
На відэа відаць, як яны «страляюць з драбавікоў і рухаюцца тактычна», дадалі прадстаўнікі праваахоўных органаў. На запісе з камеры відэаназірання, зробленым увечары 12 снежня, бачна двух мужчын, якіх лічаць бацькам і сынам Акрамамі, у іх аўтамабілі каля Бондзі-Біч.
«Абвінавачаны і яго бацька, С. Акрам, выходзяць з аўтамабіля і ідуць па пешаходным мосце, знаходзячыся ў тым самым месцы, дзе праз два дні яны адкрылі агонь па людзях, — гаворыцца ў дакуменце. — Паліцыя сцвярджае, што гэта з’яўляецца доказам разведкі і планавання тэрарыстычнага акту».

Каля 02:00 у дзень нападу камеры відэаназірання зафіксавалі, як двое мужчын пакідалі арандаванае жыллё ў прыгарадзе Сіднэя Кэмпсі, «несучы доўгія і грувасткія прадметы, загорнутыя ў коўдры», якія яны склалі ў аўтамабіль.
У дакументах адзначаецца, што сярод іх былі два аднаствольныя ружжы, вінтоўка Beretta, чатыры самаробныя выбуховыя прылады і два сцягі ІД.
Паводле даных паліцыі, неўзабаве пасля 17:00 мужчын зноў бачылі, калі яны пакідалі арандаванае жыллё. На іншых кадрах відаць, як яны прыбылі на пляж у 18:50, прыпаркаваліся і размясцілі сцягі на ўнутраным баку пярэдняга і задняга вокнаў аўтамабіля.
Затым яны дасталі з машыны агнястрэльную зброю і выбухоўку і накіраваліся да пешаходнага моста.
Паліцыя мяркуе, што менавіта адтуль яны кінулі выбуховыя прылады — тры самаробныя бомбы з абрэзкаў труб і «бомбу з тэніснага мяча» — у бок натоўпу, аднак ніводная з іх не выбухнула.
Праз некаторы час яны адкрылі агонь па людзях. Чатырнаццаць чалавек былі забітыя на месцы. Яшчэ адзін памёр пазней у бальніцы ад атрыманых раненняў.
Саджыд Акрам быў застрэлены падчас перастрэлкі з паліцыяй. Навід Акрам атрымаў цяжкія раненні ад паліцэйскага агню. У панядзелак яго перавялі з бальніцы ў турму.
Каментары