Статус іконы для меншасцяў звычайна дастаецца эстрадным дзівам, аднак самым старажытным сімвалам такога кшталту аказаўся рымскі легіянер. Цела хрысціянскага пакутніка, якое мусіла нагадваць пра рэлігійную стойкасць, праз стагоддзі ператварылася ў тайны спосаб выказаць забароненыя пачуцці.

На іконах праваслаўныя і каталікі малявалі святых. Гэта значыць, асоб, які былі ўзорам правільнага жыцця. Аднак з часам слова «ікона» стала ўжывацца як тэрмін для называння легендаў у той ці іншай сферы. Выданне BBC Culture прапануе зірнуць на гэты феномен праз прызму гісторыі мастацтва і гісторыі рэлігіі.
Калі ў 1999 годзе памерла спявачка Дасці Спрынгфілд, у вакаліста гурта Pet Shop Boys Ніла Тэнанта спыталі, чаму ягоная сяброўка і калега стала «такой гей-іконай». Тэнант адказаў вельмі скептычна, пра што згадваў у інтэрв'ю часопісу Mojo ў 2024 годзе. Паводле ягоных слоў, назваць яе так — значыць проста маргіналізаваць спявачку, бо гэта гучыць так, нібыта яна цікавая выключна геям.
Тэнант меў рацыю наконт Спрынгфілд, але статус «гей-іконы» — гэта далёка не заўсёды пра ізаляцыю. Часта такі тытул становіцца сімвалам вызвалення і адкрытым выклікам традыцыйным нормам. Менавіта так адбылося са Святым Себасцьянам — рымскім салдатам, якога забілі за рэлігійныя перакананні ў 288 годзе нашай эры падчас жорсткага пераследу хрысціян імператарам Дыяклетыянам.
Себасцьяна як святога сёння шануюць і каталіцкая, і праваслаўная цэрквы. Паводле царкоўнага падання, ён быў да смерці забіты дубінкамі пасля таго, як раскрытыкаваў імператара Дыяклетыяна за ягоныя «грахоўныя» паганскія погляды. Аднак гэтаму папярэднічала яшчэ адно пакаранне: раней памагатыя імператара прывязалі Себасцьяна да дрэва і пранізалі яго стрэламі. Тады святы цудам выжыў (яго выхадзіла пабожная ўдава Ірына), але менавіта гэты эпізод — прыгожае цела, працятае стрэламі, — зрабіў пакутніка музай для выбітных мастакоў і нязменным правадніком мужчынскай гомаэратычнай цягі. Толькі ў адной лонданскай Нацыянальнай галерэі захоўваецца ажно чатырнаццаць яго выяў.
Як фармаваўся культ Святога Себасцьяна

Ператварэнне Себасцьяна ў гей-ікону бярэ свой пачатак у часы культурнай трансфармацыі ў эпоху Адраджэння, з XIV па XVII стагоддзі. Такія вядомыя мастакі, як Гвіда Рэні, Эль Грэка і Сандра Бацічэлі, малявалі яго пранізанае стрэламі цела.
Клэр Барлау, дырэктарка Народнага гістарычнага музея, якая ў 2017 годзе курыравала выставу квір-мастацтва ў галерэі Тэйт, кажа, што ў многіх карцінах стрэлы набываюць велізарнае псіхасэксуальнае значэнне, незалежна ад таго, задумваў гэта мастак ці не. Той факт, што Себасцьяна часцей за ўсё малююць як вельмі прыгожага юнака, робіць вобраз яшчэ больш прыцягальным.
У часы Адраджэння, калі грамадства было значна менш цярпімым да гомасэксуальнасці, мастацкія выявы прыгожага, гнуткага цела Себасцьяна сталі моднымі і інтрыгоўна неадназначнымі.
Гэтак жа, як і знакамітая статуя Давіда працы Мікеланджэла ў XVI стагоддзі крышталізавала ідэал мужчынскай прыгажосці ў мармуры, карціны з гэтым прыгожым пакутнікам сталі сацыяльна прымальным каналам для выказвання мужчынскай гомасэксуальнай цягі.
Разам з тым вельмі цяжка адсачыць, ці была гэта свядомая задума канкрэтнага мастака, ці такі падтэкст у карцінах знаходзілі самі гледачы, якія адчайна шукалі ў мастацтве адлюстравання ўласных пачуццяў. У некаторых выпадках цалкам магло быць і тое, і іншае
Тайны сімвал інтэлектуалаў

З часам фігура Себасцьяна эвалюцыянавала: ён стаў своеасаблівым элітарным сімвалам, вытанчанай адсылкай, якую не разумелі іншыя, але счытвалі ў квір-супольнасці. Паводле слоў пісьменніцы, перформеркі і выкладчыцы Холі Джэймс Джонстан, якая ў 2025 годзе ўшанавала памяць Себасцьяна перформансам-жывой скульптурай у лонданскай калекцыі Уолеса,
культ святога дасягнуў свайго піку ў канцы XIX стагоддзя. Тады выбітныя інтэлектуалы, такія як Оскар Уайльд, англійскі эсэіст Уолтэр Патэр і французскі пісьменнік Марк-Андрэ Рафаловіч, адкрыта заяўлялі пра сваю духоўную роднасць з ім, што служыла схаваным намёкам на іх уласную сэксуальнасць.
Рафаловіч шмат пісаў пра гомасэксуальнасць у тыя дзесяцігоддзі, калі гэта лічылася табу, але ўрэшце не змог прымірыць свае пачуцці з рэлігійнымі перакананнямі. Калі ён далучыўся да каталіцкага ордэна ў 1896 годзе, то абраў сабе імя Брат Себасцьян у гонар улюбёнага святога.
Паводле Джонстан, Себасцьян стаў часткай своеасаблівай закадаванай квір-мовы таго часу. Для добра адукаваных мужчын гэта быў спосаб падзяліцца сваімі пачуццямі праз ікону, якая была адразу пазнавальнай для іншых квір-асоб.
Што ўвасабляе пранізанае цела

Квір-прыцягальнасць Себасцьяна значна глыбейшая за проста фізічную прыгажосць. У сваім эсэ 1962 года «Мастак як узорны пакутнік» культурны крытык Сьюзан Зонтаг прыводзіць Себасцьяна як архетыпны прыклад такога пакутніка, збольшага таму, што ягонае знявечанае цела было гламурызаванае мастакамі.
Гісторык мастацтва, прафесар Дамінік Джонсан дадае, што яго амаль заўсёды малююць у позе контрапоста, таму нага злёгку паддаецца, а цела прыгожа абмякае, у той час як ён глядзіць у нябёсы з мальбой ці нават жаданнем.
Пранікальны сімвалізм стрэлаў на карцінах становіцца яшчэ больш выразным, калі ён спалучаецца з відавочным выразам сэксуальнага экстазу на твары Себасцьяна. На адной з карцін Эль Грэка насцегнавая павязка святога нібыта вось-вось спадзе. З гэтай прычыны гісторык мастацтва Дэніэл Фаўнтэйн мяркуе, што Себасцьяна можна разглядаць як гістарычнае ўвасабленне сучасных БДСМ-практык.
Хоць яны не з'яўляюцца выключнай прэрагатывай ЛГБТ-супольнасці, у пэўных квір-субкультурах яны маюць значную вагу.
Прырода эмацыйнага болю Себасцьяна таксама ідэальна пасуе для праекцыі ўласных пачуццяў. Ягоная гісторыя можа асабліва адгукацца тым, хто ўспрымае гомасэксуальнасць праз прызму трагізму, фатальнасці або змрочнай рамантыкі — асабліва ў часы, калі грамадства было варожым.
Себасцьян быў чалавекам, які спачатку хаваў сваю сутнасць хрысціяніна, а калі адкрыўся, грамадства адрынула яго і пачало пераследаваць. Многія квір-мастакі знайшлі магутны водгук у гэтым наратыве выключэння з соцыуму.
Сярод іх — Оскар Уайльд, як мы пісалі вышэй. Значна пазней у пасляваеннай Японіі правакацыйны пісьменнік Юкіа Місіма прызнаўся, што вядомая карціна з Себасцьянам справакавала ягонае сэксуальнае абуджэнне, і паўтарыў позу пранізанага стрэламі пакутніка ў серыі знакамітых фатаграфій.
Ад кінематографа да сучаснага перформансу

Статус Себасцьяна як гей-іконы застаўся такім жа яркім і пасля Стоўнволскіх бунтаў 1969 года ў ЗША, якія паклалі пачатак сучаснаму руху за правы ЛГБТ. У 1976 годзе ўплывовы мастак, кінарэжысёр і гей-актывіст Дэрэк Джармен ушанаваў яго ў фільме «Себасцьян». Стужка лічылася наватарскай дзякуючы натуральнай мужчынскай аголенасці і пазітыўнаму паказу гомасэксуальнасці. Пакуль камандзір прагне Себасцьяна і ў выніку забівае яго, двое іншых салдат паказаны ў пяшчотных любоўных адносінах. Гэты фільм быў успрыняты вельмі супярэчліва, асабліва падчас паказу па брытанскім тэлебачанні ў 1985 годзе, але адначасова ён стаў прыгожым, удумлівым і правакацыйным творам пра пачуцці мужчын, якіх цягне да мужчын.
Джонстан лічыць, што эратычны фільм Джармена дапамог сарваць вэлюм з статусу Себасцьяна як напаўсхаванай гей-іконы. Клэр Барлау згаджаецца, дадаючы, што Джармен узяў гомаэратычны падтэкст мастацтва Адраджэння і выкруціў яго на максімум.
Паколькі статус Себасцьяна такі шматгранны, ён аказаўся вельмі пластычным. На піку эпідэміі ВІЧ/СНІДу ў 1980‑я і пачатку 1990‑х гадоў да ягонага вобраза звярталіся такія мастакі, як Кіт Харынг і Дэвід Вайнаровіч, якія неўзабаве самі памерлі ад гэтай хваробы.
Яшчэ ў Сярэднявеччы Себасцьян успрымаўся як святы, здольны абараніць ад чумы, — магчыма, дзякуючы гісторыі пра тое, як святая Ірына змагла вылечыць ягоныя раны ад стрэл. Тут бачацца відавочныя паралелі з 1980‑мі. Падчас зусім іншай «чумы» — эпідэміі СНІДу — Себасцьяна пачалі ўспрымаць як своеасаблівага заступніка квір-людзей, абаронцу хворых і сімвал непахіснай стойкасці.
Перформерка Холі Джэймс Джонстан ушанавала памяць Себасцьяна перформансам у выглядзе жывой скульптуры ў лонданскай калекцыі Уолеса ў 2025 годзе.
І сёння Себасцьян працягвае натхняць мастакоў і перформераў. У 2022 годзе ў Лондане мастак Грэй Велебінскі стварыў суровую інсталяцыю, натхнёную Брытні Спірс. Ён злучыў бізун з яе сусветнага турнэ 2009 года і жывога пітона з выступу 2001 года са стрэламі Себасцьяна. Мастак правёў паралель паміж пераследам святога і тым, як Спірс стала мішэнню праз уласную славу. Велебінскі хацеў надаць спявачцы тую ж грацыю і цяжар у паставе, якія ўласцівыя позірку Себасцьяна на класічных палотнах.
Як падсумоўвае выданне BBC Culture, за стагоддзі існавання ў мастацтве і філасофіі статус Святога Себасцьяна стаў складаным. Гэтая гістарычная постаць ператварылася ў бяздонную крыніцу творчага натхнення. Аўтары артыкула робяць выснову, што пакуль людзі будуць здольныя бачыць у ягоным вобразе адлюстраванне ўласнага досведу і стойкасці перад тварам пераследу, спадчына рымскага пакутніка працягне жыць, набываючы ўсё новыя формы ў мастацтве і культуры будучыні.
Маладое пакаленне перастала гэтага саромецца: 22% амерыканцаў пакалення Z лічаць сябе ЛГБТК. Абсалютная большасць з іх — гэта бісэксуалы
Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі
Кажуць, Польшча дабілася найбольшага прагрэсу ў свеце па бяспецы для ЛГБТ-падарожнікаў. А дзе ў рэйтынгу Беларусь?
Каментары