Грамадства1414

Гістарычныя +40,4°C у Пінску — гэта толькі разагрэў. Беларусь уваходзіць у новую кліматычную эру і на вачах стане лесастэпам

Пераход клімату Беларусі ў новы тэмпературны рэжым перастаў быць выключна навуковай тэорыяй і стаў штодзённай рэальнасцю. Абнаўленне гістарычных максімумаў яшчэ ў чэрвені сведчыць пра фундаментальную перабудову атмасферных працэсаў над рэгіёнам. Да гэтага не гатовыя ні наша інфраструктура, ні традыцыйная сельская гаспадарка, якой неўзабаве давядзецца развітацца з вільгацелюбівай бульбай на карысць стэпавых бахчавых.

На працягу амаль шаснаццаці гадоў лічба +38,9°C заставалася рэкордам тэмпературы. Гэты паказчык, зафіксаваны 8 жніўня 2010 года ў Гомелі і Лельчыцах, падаваўся мяжой цеплавой трываласці беларускай прыроды. Да таго самым спякотным месцам лічыліся Васілевічы, дзе яшчэ ў пасляваенным жніўні 1946 года паветра было да +38,0°C.

Афіцыйная статыстыка, якая вядзецца ўжо 145 гадоў — пачынаючы з 1881-га, — фіксавала розныя ваганні, але да 29 чэрвеня 2026 года ніводзін горад не перасякаў саракаградусную мяжу. Гэты псіхалагічны бар'ер лічыўся для нашага клімату недасяжным.

Кліматычны фронт быў прарваны на паўднёвым захадзе, прычым наступ ішоў хвалямі. Спачатку, 28 чэрвеня, Маларыта абнавіла гістарычны максімум для першага летняга месяца — +37,6°C. Аднак на наступны дзень адбылося неймавернае: паміж 14:00 і 14:20 метэастанцыя ў Пінску зарэгістравала абсалютны максімум за ўсю гісторыю назіранняў — фантастычныя +40,4°C.

Кампанію сталіцы Палесся склалі Драгічын (+38,4°С), тая ж Маларыта (+38,3°С) і Брэст (+38,1°С).

Гэтая падзея дэманструе важны геаграфічны зрух: эпіцэнтр экстрэмальных тэмператур, які гістарычна месціўся на паўднёвым усходзе, на Гомельшчыне, цяпер змясціўся на Брэстчыну.

Дынаміка росту сярэднегадавой тэмпературы ў Беларусі за 1881—2020 гады выразна дэманструе: цяперашнія рэкорды — гэта лагічны працяг тэндэнцыі, якая рэзка паскорылася пасля 1989 года. Фота: Уладзімір Логінаў / Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі

Такія пікавыя значэнні звычайна фіксуюцца ў другой палове ліпеня або ў жніўні, калі зямля і вадаёмы максімальна прагрэтыя. Той факт, што абсалютны гістарычны максімум быў дасягнуты яшчэ да пачатку асноўнага спякотнага сезону, сведчыць пра каласальны энергетычны патэнцыял атмасферы над краінай у гэтым годзе.

Механіка нябеснай духоўкі 

Традыцыйна клімат Беларусі вызначалі паветраныя масы ўмераных шыротаў, якія свабодна перамяшчаліся над раўнінным рэльефам. Аднак цяпер мы ўсё часцей апынаемся пад уладай так званага блакуючага антыцыклону.

Паводле тлумачэнняў спецыялістаў Белгідрамета, гэтая з’ява працуе як гіганцкая нябачная накрыўка ад патэльні. Шчыльны і нерухомы купал высокага ціску павісае над рэгіёнам і фізічна не пускае сюды выратавальныя вільготныя цыклоны з Атлантыкі — яны вымушаныя агінаць Беларусь па паўночных перыферыях, сыходзячы далёка на поўнач. А пад гэтым купалам трапічнае паветра, пазбаўленае цыркуляцыі, метадычна разаграваецца дзень пры дні.

Адхіленне сярэдняй гадавой тэмпературы ад кліматычнай нормы за перыяд 1981—2024 гадоў. Графік наглядна дэманструе: апошняе дзесяцігоддзе стала перыядам суцэльных станоўчых тэмпературных анамалій без ніводнага «халоднага» года. Фота: Вольга Ігараўна Бакланава / Белгідрамет
Зрушэнне імавернасці летніх тэмператур. Блакітны колер — перыяд 1980—1999 гадоў, аранжавы — 2000—2019 гады. Графік даказвае: тое, што раней лічылася экстрэмальнай спёкай (правы край графіка), сёння сустракаецца ўдвая часцей. Фота: Уладзімір Фёдаравіч Логінаў / Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі

Пры гэтым характар спёкі моцна залежыць ад таго, адкуль менавіта прыйшло гэта паветра. Калі прарываецца кантынентальная трапічная маса (напрыклад, з перагрэтых стэпаў), мы атрымліваем сухую спёку. Вільготнасць днём падае да крытычных 15—20 працэнтаў, але за кошт гэтага захоўваецца вялікі сутачны перапад — ноччу тэмпература можа апусціцца да камфортных значэнняў.

Сапраўднае кліматычнае выпрабаванне пачынаецца тады, калі да нас заходзіць трапічнае паветра марскога паходжання. Яно прыносіць з сабой феномен, які кліматолагі называюць «трапічнымі начамі». У такія перыяды, якія, дарэчы, рэгулярна фіксаваліся ў ліпені і жніўні папярэдніх гадоў, слупок тэрмометра нават у самы цёмны час сутак не апускаецца ніжэй за +20°C.

Для здароўя чалавека гэта самы небяспечны сцэнар: арганізм, які знаходзіцца ў стане пастаяннага цеплавога стрэсу, проста не паспявае аднавіцца за ноч.

Колькасць дзён з максімальнай тэмпературай вышэй за +25°C у Беларусі няўхільна расце (прааналізаваны перыяд 1989—2023 гадоў). У гарадах сітуацыя горшае за кошт эфекту «цеплавога вострава». Фота: Алена Уладзіміраўна Камароўская / Белгідрамет

У гарадах гэтая прыродная «духоўка» ўзмацняецца антрапагенным фактарам. Асфальт, бетон, шкло і сталь працуюць як акумулятары цеплавой энергіі. Навукоўцы называюць гэта эфектам «цеплавога вострава» — з’явай, пры якой тэмпература ў шчыльнай гарадской забудове можа быць на 5 градусаў вышэйшай, чым у зялёных прыгарадах.

Таму гістарычныя пінскія +40,4°C на метэастанцыі ў рэальнасці разагрэтых гарадскіх вуліц і асфальту адчуваюцца пад пяцьдзясят, ператвараючы знаходжанне на адкрытым паветры ў рэальную пагрозу для жыцця.

Кліматычная памяць беларускай зямлі

Тое, што мы назіраем на тэрмометрах сёння — толькі бачная частка працэсу, які пачаўся даўно і фіксуецца не толькі метэастанцыямі. Тэмпературныя ваганні пакідаюць свой фізічны след глыбока пад зямлёй.

У геафізіцы існуе паняцце «кліматычнай памяці» — здольнасці зямной кары захоўваць інфармацыю пра мінулыя змены тэмпературы на паверхні. Цеплавыя флуктуацыі паступова распаўсюджваюцца ўглыб, адлюстроўваючыся на тэрмаграмах.

Даследаванні тэмпературнага градыенту ў глыбокіх свідравінах (ад 200 да 650 метраў) у розных тэктанічных зонах Беларусі — ад Аршанскай упадзіны да Прыпяцкага прагіну, — праведзеныя яшчэ ў канцы 1990‑х гадоў навукоўцамі Інстытута геалагічных навук НАН, паказалі выразныя сляды пацяплення.

Аналіз тэрмаграм пацвердзіў, што пацяпленне паверхні зямлі на 0,5—1°C ішло на працягу апошніх 200—300 гадоў. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі гэты працэс рэзка паскорыўся і набыў новыя формы.

Гэтая дынаміка выразна бачная па руху ізатэрмаў — ліній на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай тэмпературай. Паводле даследаванняў айчынных кліматолагаў, за перыяд сучаснага пацяплення кліматычныя зоны істотна змянілі геаграфію. Увесну ізатэрмы ссунуліся на поўнач на адлегласць больш за 500 кіламетраў, а летам зрушэнне склала 150—300 кіламетраў.

Напрыклад, летняя ізатэрма 18,5°C, якая раней праходзіла па поўначы Гомельскай вобласці, цяпер фіксуецца ў паўночнай частцы Віцебшчыны.

Прасторавае зрушэнне ізатэрмаў сярэдняй тэмпературы другой дэкады студзеня на тэрыторыі Беларусі (параўнанне перыядаў 1955—1987 і 1988—2015 гадоў) даказвае інтэнсіўны рух паўднёвага клімату на поўнач краіны. Фота: Таццяна Табальчук, Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі

Доўгі час лічылася, што клімат Беларусі цяплее пераважна за кошт змякчэння зім — гэта асабліва адзначалася да сярэдзіны 1990-х.

Але пасля 1995 года характар пацяплення краіны кардынальна змяніўся. Тэмпы росту максімальных зімовых тэмператур істотна запаволіліся, а вектар экстрэмумаў перамясціўся на сярэдзіну лета і пачатак восені.

Вясна пачала надыходзіць хутчэй, а пераход ад летніх тэмператур да зімовых стаў больш расцягнутым, павялічыўшы працягласць вегетацыйнага перыяду. Спякотныя дні перасталі быць выключэннем і сталі сістэмнай з'явай для ўсёй краіны.

Клімат стэпаў

Школьныя падручнікі геаграфіі, па якіх вучыліся пакаленні беларусаў, больш не актуальныя. Традыцыйна тэрыторыя краіны дзялілася на тры агракліматычныя вобласці: Паўночную, Цэнтральную і Паўднёвую. Аднак цяпер усё змянілася.

Як сведчаць апошнія даследаванні айчынных кліматолагаў (у прыватнасці, работы вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута прыродакарыстання НАН Віктара Мельніка і даследчыцы Таццяны Табальчук), першая, самая халодная агракліматычная вобласць на поўначы Беларусі фактычна знікла.

Затое на поўдні — пераважна на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей — сфармавалася цалкам новая, чацвёртая агракліматычная вобласць, якой раней проста не існавала ў метэаралагічных даведніках. Сума актыўных тэмператур (вышэй за +10°C) тут істотна ўзрасла.

Плошча гэтай новай «стэпавай» зоны ўжо перавышае 54 тысячы кв. км (чацвёртую частку плошчы краіны), і пры захаванні цяперашніх тэмпаў пацяплення менавіта яна неўзабаве зойме большую частку краіны.

Сучасная карта агракліматычных зон Беларусі, сфармаваная глабальным пацяпленнем. Звярніце ўвагу: на ёй больш няма самай халоднай, «першай» зоны, якая раней займала поўнач краіны. Затое ўвесь поўдзень цяпер ахоплівае цалкам новая, «чацвёртая» стэпавая зона. Фота: Таццяна Георгіеўна Табальчук, Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі

Гэтыя кліматычныя зрухі непазбежна выклікаюць пытанне аб водных рэсурсах. І тут ёсць парадокс: паводле статыстыкі Белгідрамета, гадавая сума ападкаў у Беларусі практычна не змянілася — ваганні складаюць нязначныя 3—5%. Аднак у гэтым выпадку статыстыка падманлівая, бо кардынальна змяніўся сам характар выпадзення дажджоў.

Замест раўнамерных зацяжных дажджоў, якія паступова насычалі глебу вільгаццю і былі характэрныя для нашага ўмеранага клімату, мы атрымалі экстрэмалізацыю ападкаў.

Усталяваўся рэжым працяглых бездажджавых перыядаў — калі ападкаў няма тыднямі, а часам і месяцамі.

Паводле даных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН, хоць сярэдняя колькасць такіх засушлівых перыядаў за год істотна не змянілася, іх максімальная працягласць у асобных рэгіёнах пачала біць рэкорды. Каб зразумець маштаб: раней, да пачатку сучаснага кліматычнага зруху, бездажджавы перыяд даўжынёй 20‑25 дзён ужо лічыўся сур'ёзным выпрабаваннем для сельскай гаспадаркі.

Цяпер жа лічбы сталі зусім катастрафічнымі. Напрыклад, у 2002 годзе ў Шаркаўшчыне і ў 2019 годзе ў Ваўкавыску дождж не ішоў роўна 69 дзён. Гэта больш за два месяцы абсалютнай засухі запар, што для традыцыйнага беларускага клімату, дзе дажджы павінны ісці кожныя некалькі тыдняў, з'яўляецца паказчыкам глыбокага стрэсу для экасістэмы. Глеба моцна перасыхае і пакрываецца шчыльнай коркай, якая губляе здольнасць хутка ўбіраць вільгаць.

Адхіленне месячных сум ападкаў ад нормы (1989—2024 гады). Звярніце ўвагу на хранічны дэфіцыт вільгаці ў маі — менавіта ён стварае перадумовы для жорсткіх засух у пачатку лета. Фота: Вольга Ігараўна Бакланава / Белгідрамет

Заканчваюцца такія засухі, як правіла, кароткачасовымі і вельмі інтэнсіўнымі залевамі. Усяго за некалькі гадзін на зямлю можа абрынуцца месячная норма вады. Гэтая вільгаць не паспявае ўвабрацца ў перасушаную, пакрытую скарынкай глебу.

Вада проста сцякае ў нізіны і вадаёмы, выклікаючы лакальныя гарадскія падтапленні, але пакідаючы сельскагаспадарчыя палі фактычна сухімі. Гэта класічная мадэль кантынентальнага стэпавага клімату, дзе вада не пастаянны рэсурс, а стыхійны фактар.

Як мы будзем жыць

Новы тэмпературны рэжым — гэта жорсткі стрэс-тэст для ўсёй нацыянальнай эканомікі, якая стагоддзямі будавалася пад зусім іншыя метэаралагічныя ўмовы. Калі паветра награваецца да сарака градусаў, матэрыялы інфраструктуры пачынаюць губляць свае эксплуатацыйныя ўласцівасці.

Як адзначаюць спецыялісты Белгідрамета, пры тэмпературы паветра вышэйшай за +30°C можа адбывацца дэфармацыя дарожнага пакрыцця і чыгуначных рэек, якія на адкрытым сонцы распаляюцца да значна вышэйшых паказчыкаў. Узнікае пагроза выхаду са строю сістэм сігналізацыі і сувязі на чыгунцы.

Адначасова ўдар прымае энергасістэма: масавае выкарыстанне кандыцыянераў і вентылятараў рэзка павялічвае нагрузку на электрасеткі, што ў комплексе са спёкай здольна прывесці да аварый на трансфарматарных падстанцыях.

Не менш драматычныя працэсы адбываюцца ў сельскай і лясной гаспадарках. Падзенне ўзроўню грунтавых вод, выкліканае засухамі, крытычна паслабляе лясныя масівы. Менавіта кліматычны стрэс зрабіў нашы лясы, асабліва на поўдні краіны, безабароннымі перад нашэсцем караеда, які за апошнія гады знішчыў велізарныя плошчы хвойнікаў.

Што тычыцца сельскай гаспадаркі, то яе чакае кардынальная перабудова. Традыцыйныя для Беларусі вільгацелюбівыя культуры, такія як лён ці бульба, аказваюцца ў зоне максімальнай рызыкі.

Будучыня патрабуе пераходу на засухаўстойлівыя гатункі бульбы, пашырэння пасеваў кукурузы, а ў паўднёвых рэгіёнах — магчыма, і прамысловага вырошчвання бахчавых культур і стварэння сістэм штучнага арашэння, як у краінах Міжземнамор'я.

Аднак кліматычная трансфармацыя б'е па тэрыторыі краіны нераўнамерна. Даследчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пралічылі так званы індэкс кліматычнай уразлівасці для розных рэгіёнаў, прааналізаваўшы даныя 42 метэастанцый за перыяд сучаснага пацяплення. Вынікі дэманструюць выразную заканамернасць.

Найбольш абароненымі ад кліматычных шокаў аказаліся ўзвышшы — Мінскае, Навагрудскае, Ваўкавыскае. Рэльеф дапамагае ім захоўваць больш стабільны мікраклімат, таму там індэкс уразлівасці ацэньваецца як нізкі або сярэдні.

А вось найгоршая сітуацыя склалася ў нізінах. Высокія паказчыкі кліматычнай рызыкі зафіксаваныя не толькі на поўдні (Палеская нізіна), але і на поўначы (Полацкая нізіна). Крытычныя ж значэнні ўразлівасці, звязаныя з экстрэмальным рэжымам выпадзення ападкаў і перападамі тэмператур, прагназуюцца ў раёне Івацэвічаў і Ганцавічаў. Тут змены ў прыродзе могуць адчувацца наймацней.

Размеркаванне індэкса кліматычнай уразлівасці па тэрыторыі Беларусі за перыяд 1989—2022 гадоў. Найбольш небяспечная сітуацыя назіраецца ў нізінах, у той час як узвышшы застаюцца больш абароненымі ад пагодных экстрэмумаў. Фота: Арына Небышынец / БДУ

Рэкордныя +40,4°C у Пінску ставяць кропку ў дыскусіях пра тое, ці пагражаюць нам глабальныя кліматычныя змены.

Беларускі клімат больш не вернецца да стану ўмеранай, вільготнай і прахалоднай стабільнасці другой паловы XX стагоддзя. Клімат краіны пачаў набываць выразныя рысы лесастэпавай зоны.

Цяпер галоўнае пытанне ў тым, наколькі хутка наша гарадское планаванне, энергасістэма, транспартныя стандарты і сельская гаспадарка здолеюць адаптавацца да рэальнасці, у якой трапічныя ночы і шматтыднёвыя засухі сталі нормай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • мясцовы2
    29.06.2026
    Нічога не змненіцца.
    Няма сэнсу чытаць чарговае псэўда-кліматычнае трызьненне.😂🤣😅
  • невук
    29.06.2026
    мясцовы2, ага, і трэнды, якія сорак гадоў ідуць уверх раптам абвяляцца да значэнняў сярэдзіны 20 стагоддзя. Адмаўляльнікі кліматычных змяненняў вельмі падобныя да ковід-дысідэнтаў. Але праблема ў тым, што змена клімату не залежыць ад таго ці верыце вы ў яе.
  • барадзед
    29.06.2026
    цікава, а глабальная змена клімату таксама пачалася з абрання валета?

Цяпер чытаюць

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?25

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?

Усе навіны →
Усе навіны

Вось як выглядае дах дома на вуліцы Леніна ў Мінску пасля вялікага пажару ФОТАФАКТ

Як Ілан Маск зрабіў хітом скандальны фільм пра барацьбу з мігрантамі15

УСУ заявілі пра ўдары па яшчэ двух мастах на акупаваных тэрыторыях2

Вялікі адронны калайдар надоўга спыніў працу1

Жыхар Віцебска пісаў песні пра Лукашэнку, але папулярнасць здабыў у Расіі — у тых, хто падтрымлівае вайну3

Службы «адно акно» збіраюцца перанесці ў гандлёвыя цэнтры1

Кітай «настойліва» заклікаў Расію і Украіну вярнуцца да перамоў7

У Мінску плануюць пабудаваць новы магістральны дажджавы калектар2

Крэмль стварае клоны Вікіпедыі на замежных мовах, каб навучыць нейрасеткі распаўсюджваць сваю прапаганду8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?25

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць