Замест заяўленых шматдзетных сем'яў у новабудоўлю ў Мінску засяляюць ахоўнікаў Лукашэнкі
У 2025 годзе ў Мінску скончылі будаўніцтва новага квартала шматпавярховікаў. Гарадскія ўлады заяўлялі, што гэта будзе жытло для тых, хто стаяў у чарзе. Выданне «Люстэрка» даведалася, што насамрэч, аднак, у адным з дамоў пасяліліся некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі, уключаючы яго асабістых целаахоўнікаў.

Хто новыя жыхары?
Паводле інфармацыі «Люстэрка», у навабудоўлі па адрасе вул. Валгаградская, 74 больш за палову кватэр аказаліся звязанымі са Службай бяспекі Лукашэнкі і яе супрацоўнікамі. Два дзясяткі памяшканняў афіцыйна знаходзяцца ў аператыўным кіраванні гэтай структуры, а каля сарака новых уладальнікаў нерухомасці фігуравалі ва ўцечках як службоўцы аховы Лукашэнкі.
Напрыклад, у спісе ўладальнікаў новых кватэр — Ілья Пагуляеў, які шмат разоў трапляў на фота з мерапрыемстваў з удзелам Лукашэнкі. Падчас фіналу конкурсу «Міс Беларусь» у верасні 2025 года ён сядзеў проста перад палітыкам па суседству з яго прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант.

Ахоўнік Уладзіслаў Кавалеўскі засланяў сабой палітыка ў Бішкеку некалькімі месяцамі пазней. А былы міліцыянер Андрэй Пузырэнка стаяў за спінамі наведвальнікаў храма ў Раўбічах, калі Лукашэнка прыехаў туды ў студзені 2026 года.

Трохпакаёўка ў новым доме дасталася целаахоўніку Арцёму Сабяшчанскаму, які некалькі разоў трапляў на фота як суправаджальнік Мікалая Лукашэнкі. Ягоны новы сусед Аляксандр Пашкевіч часцей працаваў на мерапрыемствах з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергіенкі, а Раман Карачан кантраляваў абстаноўку падчас паездкі ў Іран Рамана Галоўчанкі.

Варта адзначыць, што не ўвесь 16‑павярховы дом перайшоў да службы бяспекі. З дапамогай «Кіберпартызан» і бота «Вока Змагара» «Люстэрка» даведалася, што некаторыя жыхары фігуравалі ва ўцечках у сувязі са службай у структурах МУС. У спісе ўладальнікаў таксама знайшліся імёны некалькіх супрацоўнікаў Мінгарвыканкама.
Пяць кватэр знаходзяцца ў кіраванні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку (ААЦ) — аднаго з самых закрытых ведамстваў Беларусі, якое афіцыйна абараняе ад уцечак дзяржтаямніцы і «іншыя звесткі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам». Таксама там могуць жыць і звычайныя людзі, не звязаныя з дзяржслужбай.
Для каго будавалі гэты квартал?
Заказчыкам гэтага дома было Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска, работы выконвала арганізацыя «Мапід». Побач адзін за адным пабудавалі адразу пяць шматпавярховікаў: пачалі ў ліпені 2023-га, а скончылі ў снежні 2025-га.
Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Вадзім Перадня паведамляў, што ўсе пяць дамоў прызначаныя для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. СМІ не раз называлі гэтае месца «новым кварталам для шматдзетных».

Для чатырох дамоў можна знайсці афіцыйныя праектныя дэкларацыі, дзе пазначаныя ўмовы куплі кватэр. У кожнай згадвалася, што шматпавярховікі будуюць «для грамадзян, у першую чаргу шматдзетных сем'яў, якія стаяць на ўліку такіх, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў».

А вось для гэтага пятага дома — № 74, дзе ў выніку размясціліся тыя, хто гарантуе бяспеку Лукашэнкі, такі дакумент знайсці не ўдалося. Магчыма, яго не было, альбо публікацыю зрабілі ў недаступным для пошуку фармаце.
Супрацоўнікі аховы Лукашэнкі маглі стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў разам з 171 600 іншымі мінскімі сем'ямі. Паводле інфармацыі «Люстэрка», да атрымання новых кватэр у многіх з іх не было сваёй нерухомасці ў Мінску. У некаторых жылплошча была, але квадратных метраў магло не хапаць. А вось шматдзетныя сярод навасёлаў далёка не ўсе, у большасці сем'яў — па 1—2 дзіцяці
Колькі каштуе такое жыллё?
Новыя кватэры не былі бясплатнымі, аднак маглі абысціся значна танней за рыначную цану для Мінска. Цану квадратнага метра ў «сілавым» доме № 74 не публікавалі, жыхары суседніх шматпавярховікаў таго ж забудоўшчыка называлі журналістам сумы ў 2100—2300 рублёў за квадрат.

Як даведалася «Люстэрка», многія навасёлы са Службы бяспекі афармлялі льготныя крэдыты ад «Беларусбанка» на 20 гадоў, сумы пазык склалі ад 50 да 90 тысяч рублёў. Кватэры, набытыя на такіх умовах, нельга прадаваць да пагашэння запазычанасці.
А вось тыя, хто набыў жытло без банкаўскай пазыкі, маюць права выставіць яго на продаж. У інтэрнэце можна знайсці адзінкавыя аб'явы пра перапродаж кватэр у непублічным доме № 74. У іх пазначалі цэны ў 5400 і 6460 рублёў за метр.

Верагодна, такой магчымасцю скарыстаўся Аляксей Шкут са Службы бяспекі. У студзені 2026‑га яго сям'я аформіла трохпакаёвую кватэру ў навабудоўлі на вуліцы Валгаградскай, а ў лютым прадала яе (сума здзелкі невядомая). Ужо ў сакавіку сям'я купіла ўчастак і дом у Дзяржынскім раёне. Дарэчы, без жытла ў Мінску Аляксей не застаўся: яшчэ з 2014‑га на яго была аформленая іпатэчная аднапакаёўка на вуліцы Тышкевічаў.
Сабаленку ў Мінску ахоўвала кампанія, заснаваная былым гэбістам і ўчастковым. На пярэднім краі быў легендарны Іваныч
Коля Лукашэнка на вучэннях быў у форме Службы бяспекі прэзідэнта
Хто тыя дзяўчаты, якія «выпадкова» апынуліся ў Mak.by падчас візіту Лукашэнкі?
Побач з Колем Лукашэнкам часта можна бачыць аднаго і таго ж ахоўніка. Хто ён такі?
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары
[Зрэдагавана]