Паэтка Наста Кудасава: Калі б засталася ў Беларусі, я б таксама маўчала
Наста Кудасава ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» параўнала жыццё ў цяперашняй Беларусі з гета. «Чалавек мусіць найперш захаваць сваё жыццё, здароўе. Калі беларусы, як ты кажаш, пакладуцца пад танкі, нас проста фізічна знішчаць. Мы фізічна мусім захавацца».

Некалькі гадоў таму, яшчэ перад ад’ездам з Рагачова, Наста Кудасава расказвала, што атмасфера ў горадзе стала цяжкай: людзі баяліся камунікаваць і адкрыта гаварыць. Цяпер паэтка не бачыць прыкметаў таго, што сітуацыя змянілася да лепшага. «Мне здаецца, што яшчэ горш стала», — кажа яна. Са знаёмымі, якія засталіся ў краіне, на палітычныя тэмы паэтка стараецца не размаўляць. Але адчування вяртання да нармальнасці ў яе няма.
Людзі непазбежна прыстасоўваюцца, лічыць Кудасава. Каб працягваць жыць, чалавек мусіць нейкім чынам упісацца ў абставіны, у якіх апынуўся. Само па сабе такое прыстасаванне яна лічыць натуральным.
«Ясна, што яны мімікруюць. Так, безумоўна. Каб жыць, трэба адчуваць сябе жывым, неяк упісвацца. І гэта нармальна. Я б таксама так рабіла, напэўна, калі б засталася там, спрабавала нейкім чынам упісацца ў той кантэкст. Але я б не сказала, што гэта вяртанне да нармальнага жыцця».
Гэтае ўменне жыць далей у зададзеных абставінах Кудасава аддзяляе ад сапраўднай нармальнасці. Апісваючы сітуацыю, яна ўжывае слова «гета»:
«Наколькі ты можаш у гета, штосьці рабіць, пакуль яшчэ табе даюць жыць, ты будзеш рабіць на тых умовах, каторыя табе дазволеныя».
Асобна журналіст Дзмітры Гурневіч спытаў паэтку, ці асуджае яна тых беларусаў, якія на фоне рэпрэсій унутры краіны і вайны ва Украіне выбіраюць маўчанне.
«А які ёсць выбар? Я б таксама так рабіла», — адказала паэтка.
Па словах Насты, калі яна прымала рашэнне аб ад’ездзе, добра разумела альтэрнатыву. Заставацца і адкрыта выступаць для яе азначала рызыкаваць турмой, прытым што ў Беларусі заставаліся б яе дзеці:
«Калі б засталася ў Беларусі, я б таксама маўчала ціхенька і прыстасоўвалася, натуральна, каб неяк так проста гэты час перажыць».
«Мы фізічна мусім захавацца»
Дзмітры Гурневіч згадаў папрок, які часам можна пачуць на адрас беларусаў: маўляў, іншыя народы працягваюць змагацца нават у самых небяспечных абставінах, а беларусы навучыліся мімікрыраваць і чакаць.
Кудасава з такім асуджэннем не згодная.
«Я за кан'юнктуру заўсёды, я лічу, што чалавек мусіць найперш захаваць сваё жыццё, здароўе, таму што пра якое захаванне можа ісці рэч? Пра захаванне Беларусі. Калі беларусы, як ты кажаш, пакладуцца пад танкі, нас проста фізічна знішчаць. Мы фізічна мусім захавацца».
Як даводзіць паэтка, няма нічога ненармальнага ў тым, што чалавек спрабуе жыць і рабіць тое, што можа, у зададзеных яму абставінах.
Але тут узнікае іншае пытанне — дзе заканчваецца неабходнае прыстасаванне і пачынаецца кампраміс, пасля якога ўжо цяжка заставацца сумленным перад самім сабой.
«Мяжа гэтая, гэты баланс вельмі тонкі, каб не скаціцца ў штосьці такое брыдкае, і не зрабіць нешта такое, пасля каторага ты ўжо не зможаш называцца сумленным чалавекам».
Для самой Кудасавай выйсцем стаў ад’езд. Яна не ведала, дзе будзе працаваць і чым займацца, але разумела, што доўга маўчаць і прыстасоўвацца не здолее.
«Я не ўмею маўчаць. Я не ўмею быць хітрай і маўчаць. Каб умела, можа б і засталася».
Свой выбар паэтка не пераносіць на іншых. Заставацца ў Беларусі і выбіраць асцярожнасць, на яе думку, не падстава для асуджэння.
«Калі ў чалавека ёсць інстынкт самазахавання, гэта нармальна, гэта здарова і так павінна быць».
Ці застанецца месца для кнігі ў свеце кароткіх відэа?
Значная частка размовы была прысвечаная літаратуры. Дзмітрый Гурневіч спытаў паэтку, ці мае слова ранейшы сэнс у час, калі сацыяльныя сеткі запаланілі жыццё людзей, асабліва дзяцей, а значная частка кантэнту ператварылася ў кароткія відэа з пастаянным пераключэннем увагі.
Кудасава прызналася, што сама думае пра гэта. На яе думку, увесь час жыць у такім рытме немагчыма: у нейкі момант чалавек стамляецца і хоча ад яго адключыцца.
«Мне здаецца, што ўсё адно людзі стомяцца ад такога рытму, што непазбежна надыходзіць нейкая стома, адключаецца мозг, немагчыма ўвесь час у гэтым шалёным рытме жыць», — мяркуе Кудасава і прызнаецца, што і сама можа надоўга завіснуць у тэлефоне, бясконца гартаючы стужку. Але варта хоць на дзень з яе выйсці, як змяняецца адчуванне навакольнага свету.
«Ты разумееш, божа, якое жыццё шырокае і разнастайнае, якім можа быць спакойным і прыгожым».
Кудасава не ідэалізуе літаратуры і не лічыць, што начытанасць сама па сабе робіць чалавека маральным. Адукаваны і начытаны чалавек цалкам можа аказацца злачынцам. Але ў літаратуры ёсць іншая функцыя.
«Літаратура прынамсі вучыць думаць. Яна вучыць мысліць крытычна».
Чытанне, на яе думку, пашырае далягляд і прымушае чалавека выходзіць за межы ўласнага досведу, спрабаваць зразумець іншых людзей, іншыя грамадствы, гістарычныя і культурныя кантэксты.
«Для таго, каб, не быць засяроджаным толькі на сабе і не думаць, што ты адзін харошы, а ўсе астатнія кепскія людзі. Што вось у нас тут добрыя, там злыя і гэтак далей. Каб разумець, што жыццё не чорна-белае, мне здаецца, важна чытаць больш».
«Зорка нумар адзін» у літаратуры для Кудасавай
Вядучы таксама спытаў Кудасаву, ці ёсць пісьменнікі, на якіх яна хацела б раўняцца. Паэтка адказала, што ні на каго раўняцца не хоча:
«Я не хачу ні да каго раўняцца. Проста я гэта я. Я такая, якая ёсць, нават калі буду горш за многіх. Але гэта мой шлях, мае тэксты».
Але аўтары, якімі яна захапляецца, безумоўна, ёсць. І адна постаць застаецца для яе асаблівай.
«Напэўна, да сённяшняга дня такая зорка нумар адзін для мяне — гэта ўсё-такі Марына Цвятаева».
Па словах Насты, яна нядаўна зноў перачытвала Цвятаеву і засталася пад тым жа моцным уражаннем.
«Усё адно не ведаю ёй роўных на свеце. Яна для мяне проста штосьці такое нечалавечае. Не можна проста было жыць жывым чалавекам і ствараць такія тэксты».
На пытанне, каго з беларускіх аўтараў яна магла б паставіць на вяршыню, Кудасава назвала Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Анатоля Сыса і Марыю Вайцяшонак. Пры гэтым прызналася, што не любіць складаць такія спісы: пасля заўсёды перажывае, што забылася на кагосьці важнага.
Разважаючы далей пра беларускую паэзію, Кудасава пагадзілася з азначэннем беларусаў як «нацыі паэтаў», заўважыўшы пры гэтым, што недастаткова добра ведае іншыя народы, каб параўноўваць.
І адну з прычын яна бачыць у самой мове.
«У нас проста мова вельмі меладычная, мілагучная. Яна, мне здаецца, створаная для таго, каб на ёй пісаць вершы. На ёй класна атрымліваюцца прыгожыя вершы, песні».
Каментары