Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў
Дзмітрый Шэпелеў, расійскі шоўмен з беларускімі каранямі, адкрывае для сябе новую сферу. Пасля вайны з бацькамі Жанны Фрыске і прафесійных разборак ён гатовы дапамагаць з такімі канфліктамі іншым.

У чэрвені 2026‑га Дзмітрый Шэпелеў прызнаўся падпісчыкам у сацсетках, што рыхтуе новы праект. І гэта не шоу-бізнэс, а нешта зусім новае.
Рэч у тым, што за апошнія гады Дзмітрый прайшоў праз велізарныя публічныя скандалы. У 2015‑м ад раку памерла яго жонка, спявачка Жанна Фрыске. Яшчэ да яе смерці Шэпелеў рассварыўся з яе бацькамі і пазбавіў іх магчымасці камунікаваць з унукам. Потым былі суды за нерухомасць і праблемы з грашыма, сабранымі на лячэнне Жанны, шумнае звальненне з расійскага «Першага канала», скандал са здымкамі ў Марыупалі і сварка з вядучай Лерай Кудраўцавай.
Цяпер Шэпелеў гатовы дзяліцца досведам, як сябе паводзіць у час скандалаў. У чэрвені ён пісаў:
«Я ведаю, што гэта такое, калі ля ўваходных дзвярэй у кватэру чакаюць камеры. Што такое — казаць пра самае патаемнае на шматмільённую аўдыторыю, як утрымліваць асабістыя межы, калі іх жадаюць растрыбушыць, як трымаць удар і захоўваць гонар. Гэта быў экстрэмальны і непаўторны досвед.
І мушу прызнаць — на гэтым шляху я нарабіў багата памылак. Я маўчаў, калі трэба было казаць, быў жорсткі, калі трэба было тлумачыць, заставаўся ў ценю, калі трэба было зрабіць крок наперад і абараняцца».
Шэпелеў атрымаў дадатковую адукацыю ў сферы крызісных камунікацый і цяпер хоча вучыць публічных людзей, як даваць рады такім крызісам. Свой праект, AXIS, ён робіць з Вольгай Пясковай. Гэта дасведчаная піяршчыца, якая працуе з крызіснымі камунікацыямі больш за 25 гадоў, яна ўдзельнічала ў сотнях антыкрызісных кампаній, у тым ліку і з расійскімі дзяржорганамі.
На сайце праекта ёсць спіс праграм, паводле якіх Шэпелеў і Пяскова гатовыя дапамагчы. Калі крызіс яшчэ не надышоў, яны прапануюць высветліць слабыя месцы ў вобразе чалавека ці кампаніі, а таксама натрэніраваць паводзіны на выпадак скандалаў. Дапамогуць і ў час саміх крызісаў, і пасля іх. Цэны на працу экспертаў закрытыя — іх магчыма даведацца толькі пасля падачы заяўкі.
Новая праца адбілася на тым, што Шэпелеў піша ў сацсетках. Яшчэ з вясны ён публікуе ў сваім тэлеграм-канале разбор публічных скандалаў і таго, як у ідэале варта было б на іх рэагаваць.
Напрыклад, ён паразважаў пра скандал з расійскай крамай адзення OldBaby Shop, у якой звольнілі супрацоўніцу за тое, што яна не выйшла на працу пасля смерці дзядулі. На думку Шэпелева, калі працуеш з людзьмі і ў бізнэсе, важна ўмець спачуваць, таму першае паведамленне супрацоўніку ў горы мусіць быць са спачуваннямі.
Адзначыў Дзмітрый і тое, што тая супрацоўніца апублікавала перапіску з кіраўніцтвам:
«Тое, што чытае адзін, могуць прачытаць усе. Таму строга фільтраваць працоўную перапіску — гэта мінімальная гігіена. Спрэчкі вырашаюцца не ў працоўным чаце і не ў рылз, а пры асабістай сустрэчы».
Яшчэ адзін пост Дзмітрый прысвяціў скандальнаму фільму «Апошні волат. Калабок». Адна з гісторый вакол гэтага праекта — тое, як рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі пасварыліся ў сацсетках з маскоўскім электрыкам, якому не спадабалася графіка ў фільме.
Шэпелеў нагадвае, што на каментары публічных асобаў звернуць увагу. Таму калі ты вядомы, трэба трымаць сябе ў руках:
«Народныя героі мусяць пазбягаць сварак. Трымаць дыстанцыю — гэта не фанабэрыстасць, гэта абарона, і яшчэ гонар.
У гэтым магія знакамітасцяў. Усе, хто пачаў зарабляць, ідуць у аэрапорце праз віп. Гэта не раскоша, а кошт камфорту для сябе і, што важна, для навакольных».
Апошні час Дзмітрый таксама шмат займаецца выкладаннем. Напрыклад, у расійскай «Вышэйшай школе эканомікі» цяпер даступны курс «Майстэрня ток-шоу», і паводле сайта навучальнай установы, заняткі ладзяць якраз пры ўдзеле Шэпелева.
Бывае ў яго і выязная праца. У лістападзе 2025‑га Шэпелеў паехаў у Абхазію, каб даць там журналісцкі майстар-клас. А заадно даў каментар тамтэйшым журналістам, дзе расхвальваў Абхазію — маўляў, з дзіцячага ўзросту захоўвае ўспаміны пра адпачынак там з бацькамі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ гадавіну смерці Жанны Фрыске Дзмітрый Шэпелеў распавёў, чаму не дазваляе сыну бачыцца з яе сваякамі
Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа
Былы КВЗшнік з БДУ пісаў сцэнарый для галоўнага кінакрынджу года. Нават Мінкульт дагэтуль не можа ўзгадніць гэтага пачварнага «Калабка»
Каментары
[Зрэдагавана]