У Кобрыне тата пасадзіў 12‑гадовую дачку не ў тую маршрутку, а кіроўца хацеў высадзіць яе ў чужым горадзе
«А мы ж у Брэст едзем?»

12‑гадовая дзяўчынка ў Кобрыне праз памылку бацькі села не ў тую маршрутку. Пра тое, што едзе зусім не туды, дзіця зразумела толькі па дарозе. Пра гэты выпадак у Threads распавяла адна з пасажырак, якая заступілася за дзяўчынку і не дазволіла кіроўцу кінуць яе адну.
Жанчына ехала маршрутам Брэст — Гродна. У Кобрыне побач з ёй села дзяўчынка-падлетак. Спачатку нічога не выклікала падазрэнняў, але праз некаторы час жанчына заўважыла, што дзіця ўсё больш занепакоена глядзіць у карту на тэлефоне.
«Едзем далей. Я адным вокам гляджу — яна ўвесь час у тэлефоне карты разглядае, і вочы ўсё больш і больш спалоханыя».
Калі маршрутка ўжо набліжалася да Пружан, дзяўчынка нарэшце спытала: «А мы ж у Брэст едзем?»
Спачатку пасажырка нават падумала, што гэта жарт. Але высветлілася, што дзяўчынцы сапраўды трэба было ў Брэст. У Кобрыне яе пасадзіў у маршрутку бацька — і, відаць, не быў не надта пільным наконт таго, куды менавіта яна едзе. «І тут аказваецца, што ёй рэальна трэба ў Брэст і яе на гэтую маршрутку тата!!! Тата бл**ь пасадзіў! С*ка, дарослы чалавек не змог бл**ь дзіця пасадзіць у патрэбную маршрутку!»
На самой маршрутцы, як адзначыла аўтарка допісу, кірунак Гродна быў пазначаны буйнымі літарамі.
Дзяўчынка ледзь не расплакалася. Яна хацела выйсці з маршруткі, але пасажырка пераканала яе не рабіць гэтага і спачатку вырашыць, што рабіць далей.
Пра сітуацыю паведамілі кіроўцу. І яго першая рэакцыя, паводле расказу жанчыны, была простай: «Ну, выходзь, значыць».
Гэта асабліва абурыла пасажырку. 12‑гадоваму дзіцяці прапаноўвалі застацца ў незнаёмым горадзе. «Ёй 12! Палова дзясятай дзіця ў незнаёмым горадзе!» — абурылася жанчына.
На здзіўленне кіроўцы, не везці ж яму дзяўчынку ажно ў Гродна, пасажырка адказала яшчэ больш рашуча: «Трэба будзе — павезяце».
У выніку пад ціскам кіроўца пайшоў у дыспетчарскую высвятляць, як можна вырашыць сітуацыю. Дзяўчынка здолела дазваніцца бацьку, і той выехаў па яе ў Пружаны. Пакуль ён дабіраўся, дзіця засталося пад наглядам супрацоўніцы аўтавакзала.
Пасажырка таксама ўзяла нумар дзяўчынкі і папрасіла паведаміць ёй, калі бацька забярэ дзіця.
У каментарах гісторыя выклікала вялікае абмеркаванне. Адны хвалілі жанчыну, якая не засталася абыякавай, іншыя абураліся паводзінамі бацькі і кіроўцы.
Сама аўтарка гісторыі на пахвалу адрэагавала словамі: «Мне здаецца, ні адзін нармальны чалавек не прайшоў бы міма».
Каментары
а Гродно для нее разве не чужой? Разве что переночевать гостиниц больше, чем в Пружанах (если там вообще есть), но зато из Пружан ближе назад ехать