Навука і тэхналогіі

Лічыце свой ананімны акаўнт бяспечным? ШІ можа раскрыць вашу асобу

Калі вы лічыце, што псеўданім і адсутнасць рэальнага фота ў профілі гарантуюць поўную бяспеку ў сеціве, навукоўцы вымушаныя вас расчараваць. Дзякуючы вялікім моўным мадэлям лічбавая ананімнасць імкліва сыходзіць у мінулае. Выданне The Wall Street Journal пагаварыла са спецыялістам у галіне кібербяспекі пра тое, як гэта адбываецца і наколькі рэальна цяпер захаваць сваю ананімнасць.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Знакаміты жарт часоў ранняга інтэрнэту «У сеціве ніхто не ведае, што ты сабака» сёння набывае новы сэнс. Нават хаваючыся за псеўданімам, чалавек можа міжволі раскрываць у сваіх допісах мноства дробных звестак пра сябе. Штучны інтэлект здольны сабраць іх разам, супаставіць з іншай інфармацыяй у адкрытым доступе і паспрабаваць вызначыць, хто стаіць за ананімным акаўнтам.

У нядаўнім даследаванні гэтую здольнасць ШІ праверылі на карыстальніках тэхналагічнага форуму Hacker News. Для эксперыменту выбралі людзей, якія пакінулі ў сваіх профілях спасылкі на LinkedIn. Даследчыкі прыбралі з даных інфармацыю, якая наўпрост раскрывала асобу, і прапанавалі ШІ вызначыць уладальнікаў акаўнтаў па іншых звестках з адкрытых крыніц.

З 338 выпадкаў ШІ назваў канкрэтнага чалавека ў 252. І ў 90% гэтых выпадкаў ён меў рацыю. Пры гэтым такое супастаўленне можна было праводзіць хутчэй, танней і ў значна большых маштабах, чым гэта мог бы рабіць чалавек.

Пра тое, што гэта азначае для ананімнасці ў інтэрнэце, The Wall Street Journal пагаварыла з адным з аўтараў даследавання — дацэнтам інфарматыкі Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха Фларыянам Трамэрам (Florian Tramèr).

У групе рызыкі — практычна кожны

Па словах Трамэра, асцерагацца раскрыцця асобы варта кожнаму, хто піша ў інтэрнэце пад псеўданімам, у тым ліку яму самому.

Карыстальнік можа ў адным допісе мімаходзь згадаць, дзе і ў якім годзе вучыўся, а ў іншым прывесці мянушку свайго сабакі. Паасобку гэтыя дэталі здаюцца бяскрыўднымі, але разам могуць дапамагчы вызначыць канкрэтнага чалавека.

Па словах спецыяліста, зрабіць нешта падобнае тэхнічна можна было і раней. Але ШІ дазваляе значна хутчэй і танней аналізаваць вялікую колькасць інфармацыі.

Дзяржавы па-ранейшаму маюць у гэтым істотную перавагу, бо валодаюць доступам да даных, якіх няма ў звычайнага карыстальніка. Але калі гаворка ідзе пра інфармацыю ў адкрытым доступе, неабходныя тэхналогіі фактычна ўжо ёсць.

Можна сабраць допісы, якія чалавек пакідаў пад сапраўдным імем, дапоўніць іх іншымі адкрытымі звесткамі, а затым з дапамогай ШІ паспрабаваць звязаць усё гэта з ананімным акаўнтам.

Што найчасцей выдае чалавека

Як тлумачыць Трамэр, меркаванне, што ШІ вызначае аўтара перадусім па манеры пісаць, памылкова.

Спачатку мадэль аналізуе допісы пад псеўданімам і складае профіль чалавека з фактаў, якія там згадваюцца. Затым параўноўвае яго з іншымі акаўнтамі і шукае найбольш імавернае супадзенне.

Падчас эксперыменту з Reddit часам хапала нават даволі спецыфічных густаў. Напрыклад, цікавасць да адных і тых жа малавядомых фільмаў магла дапамагчы звязаць два псеўданімныя акаўнты.

Манера пісаць таксама можа ўлічвацца, але, па словах даследчыка, хутчэй як дадатковая прыкмета на апошнім этапе праверкі.

Ці дапаможа закрыты акаўнт?

Як тлумачыць Трамэр, абмежаванні на аўтаматычны збор даных не даюць надзейнай абароны. Калі інфармацыю можа ўбачыць звычайны карыстальнік, ён можа сам сабраць яе, а пасля перадаць ШІ для аналізу.

З закрытымі профілямі інакш. Калі той, хто спрабуе раскрыць вашу асобу, не мае доступу да змесціва старонкі, то не зможа проста перадаць гэтыя звесткі ШІ.

Рызыка, аднак, застаецца. Напрыклад, доступ да закрытага профілю можа мець ваш знаёмы, які перадасць яго змесціва ШІ. Да таго ж, як адзначае спецыяліст, людзі часта недаацэньваюць, колькі інфармацыі пра іх насамрэч знаходзіцца ў адкрытым доступе.

Ці можна захаваць ананімнасць?

Трамэр не лічыць, што ананімнасць у інтэрнэце памерла. Звязаць ананімны акаўнт з рэальным чалавекам часта было магчыма і раней — проста звычайна ніхто не хацеў марнаваць на гэта час і сілы.

Цяпер жа такая магчымасць становіцца даступнай значна шырэйшаму колу людзей. А гэта, па словах даследчыка, можа спрасціць пераслед, зрабіць магчымым шантаж у вялікіх маштабах або дапамагчы раскрываць асобы людзей, якія працуюць у адчувальных сферах.

Калі вы не хочаце, каб акаўнт звязалі з вашай сапраўднай асобай, варта раскрываць як мага менш канкрэтных і незвычайных звестак пра сябе. Асабліва небяспечным можа быць спалучэнне дэталяў, якія паасобку здаюцца бяскрыўднымі: месца і час вучобы, працоўная біяграфія, горад, захапленні, сямейныя абставіны. Чым больш такіх звестак, тым лягчэй супаставіць ананімны профіль з рэальным чалавекам.

Тэарэтычна ШІ можна паспрабаваць заблытаць, наўмысна публікуючы выдуманыя звесткі пра сябе. Але, як адзначае даследчык, зрабіць гэта пераканаўча няпроста.

Мадэлі добра заўважаюць супярэчнасці. Калі ў адным месцы чалавек напіша, што вывучаў інфарматыку, а ў іншым — гісторыю мастацтва, неадпаведнасць можа яго выдаць. Да таго ж выдуманай біяграфіі давядзецца паслядоўна прытрымлівацца на працягу доўгага часу.

Аднак, як падкрэслівае Трамэр, вялікія моўныя мадэлі не здольныя раскрыць асобу любога ананімнага карыстальніка. Калі ў адкрытым доступе няма звестак, якія дазваляюць звязаць акаўнт з канкрэтным чалавекам, ШІ проста не будзе на што абаперціся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі12

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Падбітаму наёмніку з Віцебска ўрачыста выдалі расійскі пашпарт ФОТАФАКТ4

22‑гадовую выпускніцу каледжа з Бабруйска асудзілі за «садзейнічанне экстрэміцкай дзейнасці»5

Што вядома пра страты Расіі на вайне ва Украіне да кастрычніка?2

Познер: Захад хацеў справакаваць Пуціна, а Расія ў выніку пераможа63

«Свабода пераможа рабства». Статкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС6

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі3

У Валгаградзе ўначы прагучалі выбухі: імаверна, гараць НПЗ і хімзавод «Каўстык»

Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў4

Навукоўцы знайшлі планету, якая круціцца вакол сваёй зоркі «не ў той бок». Як такое магчыма?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі12

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць