Рэстараны ЗША сутыкнуліся з праблемай — людзі менш ядуць з-за «Азэмпіку»
У адным з рэстаранаў нечакана сталі заканчвацца кантэйнеры для рэшткаў ежы. А сярэдні чэк ва ўстанове за апошнія месяцы ўпаў больш чым на 25%, бо людзі заказваюць толькі закускі або дзеляць асноўныя стравы. Цяпер кафэ думаюць, што рабіць з меню.

Амерыканскія рэстараны спрабуюць прыстасавацца да кліентаў, якія прымаюць «Азэмпік» і яго аналагі, апісвае The New York Times.
Прэпараты для пахудзення GLP-1 (Wegovy, Ozempic, Zepbound) прымаюць каля 11% дарослых амерыканцаў, гэта прыкладна 30 млн чалавек, і іх колькасць будзе расці. Гэтыя людзі радзей ходзяць у рэстарацыі і менш там трацяць.
Шэф-кухар з Атланты Дэбора Ванціс заўважыла, што ў яе пачалі заканчвацца кантэйнеры для рэшткаў ежы: госці пакідалі палову талеркі. Сярэдні чэк у яе рэстаране за апошнія месяцы ўпаў больш чым на 25%, бо людзі заказваюць толькі закускі або дзеляць асноўныя стравы.
Здавалася б, рашэнне для рэстаранаў простае: больш бялку і меншыя порцыі. Але бялок дарагі, ялавічына каштуе рэкордна шмат. Паменшыць порцыю ўдвая не азначае зменшыць цану ўдвая, бо рэстаранам трэба кампенсаваць арэнду, заробкі і расходы на прадукты. Паводле аднаго з кансультантаў, палова порцыі будзе каштаваць каля 75% поўнай цаны. Сітуацыю абвастраюць і іншыя чыннікі: з 2020 года заробкі супрацоўнікаў і аптовыя цэны на ежу выраслі больш як на 35%, вайна з Іранам падняла цэны на прадукты і паліва, а трэць рэстаранаў у першым паўгоддзі была стратнай.
Цяжэй за ўсё сеткам фастфуду, бо бургеры і смажаная ежа не тое, чаго хочуць людзі на «Азэмпіку» і яго аналагах. McDonald's афіцыйна сцвярджае, што ўплыву прэпаратаў не адчувае, але тэстуе салаты і закускі з курыцай. Пры гэтым кампанія асцярожнічае, бо не ўпэўнена, што попыт апраўдае ўвядзенне новых пазіцый. Уладальнік Burger King назваў такія прэпараты рызыкай для бізнэсу і тэстуе меншыя порцыі. Shake Shack запусціў меню з бургерамі без булак і з пазначэннем колькасці бялку.
Эксперт кампаніі Sysco раіць кавярням павялічваць колькасць бялку з дапамогай танных прадуктаў (сачавіцы, яек, тварагу), спалучаць меншы кавалак стэйка з крэветкамі і прапаноўваць больш маленькіх страў, як у Еўропе. Нью-ёркскі рэстаран Tucci ўвёў мініверсіі страў, але не стаў скарачаць звычайныя порцыі, каб не раззлаваць іншых гасцей.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары
Таму мо час мяняць мадэль назад, якой яна была да эпохі кукурузнага сіропа і соевага канцэнтрату.
Sysco - адзін з трох найвялікшых пастаўшыкоў паўфабрыкатаў для тых рэстаранаў. Здавалася б, пры чым тут рост выдаткаў...