У Брэсце прайшла акцыя «Запалі свечку надзеі ў сваім сэрцы»
Брэсцкія актывісты кампаніі "Гавары праўду!" вечарам 19 снежня правялі акцыю "Запалі свечку надзеі ў сваім сэрцы".
Як паведаміў актывіст кампаніі Ігар Маслоўскі, група з сямі чалавек каля 18 гадзін прыйшла на плошчу Свабоды ў Брэсце. Яны запалілі лампады і паставілі іх каля помніка "Вызваленне" ў гонар войскаў 1-га Беларускага фронту, якія вызвалілі Брэст ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Мы прыйшлі сюды, каб выказаць салідарнасць з героямі цяперашнімі, а яшчэ — веру ў перамены і лепшую будучыню, якая залежыць ад кожнага з нас", — заявіў Маслоўскі.
Побач са свечкамі актывісты кампаніі паставілі таблічку са словамі "Запалі свечку надзеі ў сваім сэрцы" і датай "19 снежня 2011 года".
Раней на пешаходнай вуліцы Савецкай актывісты кампаніі раздавалі прахожым зборнік вершаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева "Лісты да Волі". У яго, у прыватнасці, увайшлі вершы, напісаныя паэтам падчас знаходжання ў СІЗА КДБ і пад дамашнім арыштам.
Абедзве акцыі прайшлі без інцыдэнтаў.
Каментары