Рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні 23 студзеня ў Бруселі «абмянялася думкамі» аб сітуацыі ў Беларусі і прыняла рашэнне пашырыць крытэрыі «абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб», паведаміла прэс-служба Еўрасаюза.

«Гэта адкрывае шлях для ўключэння ў спіс новых асоб, якія адказныя за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, або падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі ці атрымліваюць выгаду дзякуючы яму», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Рашэнні аб уключэнні новых асоб і суб’ектаў гаспадарання ў спіс тых, хто падпадае пад санкцыі ЕС, могуць быць прынятыя «пасля гэтай сесіі савета».

12 студзеня дырэктар упраўлення па пытаннях Усходняга партнёрства адзінай знешнепалітычнай службы ЕС Гунар Віганд заявіў, што Еўрасаюз збіраецца пашырыць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. «Я спадзяюся, што мы можам хутка дасягнуць згоды з краінамі — членамі ЕС адносна гэтага ў бліжэйшыя тыдні», — сказаў Віганд 12 студзеня на пасяджэнні камітэта па пытаннях замежных спраў Еўрапарламента.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца пытанне аб уключэнні ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы павінны быць замарожаныя, яшчэ 135 асоб, а таксама магчымасць пашырэння пераліку беларускіх прадпрыемстваў, чые актывы будуць замарожаныя і аперацыі з якімі будуць забароненыя.

Напярэдадні пасяджэння ў Бруселі выказваліся меркаванні, што крытэрыі ўвядзення санкцый і пашырэння пералікаў будуць змененыя. Размова ішла пра магчымае прымяненне санкцый не толькі да тых, хто адказны за падзеі пасля 19 снежня 2010 года, але і да чыноўнікаў, якя адказныя за наступны ціск на праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях адносна Беларусі было прынятае Радай ЕС 31 студзеня 2011 года. Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаныя. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. У будучым Рада ЕС неаднаразова пашырала гэты пералік, і цяпер уезд у Еўрасаюз забаронены больш як 200 беларускім чыноўнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?