Беларускія і расійскія суды разглядаюць крымінальныя справы ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы, якія займаліся наркатрафікам. Абвінавачаным пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Пра падрабязнасці справы на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі расказаў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі МУС. Прозвішча гэтага чалавека не называецца, бо ён непасрэдна браў удзел у затрыманнях і раскрыцці злачынства.

Паводле слоў аператыўнага супрацоўніка, упраўленнем па наркакантролі МУС Беларусі сумесна з Федэральнай службай РФ па кантролі над абаротам наркотыкаў і Бюро крымінальнай паліцыі Літвы спынена дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, удзельнікі якой займаліся кантрабандай наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з краін Еўрасаюза ў Расію. Транзіт ажыццяўляўся цераз Літву і Беларусь. Для дастаўкі наркотыкаў злачынцы выкарыстоўвалі грузавы аўтатранспарт, які рухаўся цераз краіны ў рэжыме міжнародных перавозак (TIF). Распрацоўка групы заняла прыкладна паўгода, пры гэтым рэгулярна ажыццяўляўся абмен аператыўнай інфармацыяй з расійскімі і літоўскімі калегамі.

Усяго затрымана шэсць удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы: два — у Беларусі, чатыры — у Расіі. Сярод іх і два арганізатары злачыннага бізнесу. Тры затрыманыя — грамадзяне Літвы, тры — Расіі.

У выніку першага этапу аперацыі на тэрыторыі Беларусі было канфіскавана прыкладна 90 кг наркатычных сродкаў. Падчас рэалізацыі другога этапу ў Беларусі і Расіі было выяўлена больш за 50 кг наркотыкаў і затрыманы арганізатары. Гэта адна з самых значных канфіскацый у гісторыі беларускіх праваахоўных органаў. Для Расіі такая колькасць наркотыкаў таксама з’яўляецца буйной.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?