Сёння праграма Усходняга партнёрства знаходзіцца ў стане крызісу. Для пераадолення праблемаў неабходныя вырашэнне ўнутранага еўрапейскага крызісу і выпрацоўка новага падыходу Еўрапейскага саюза ва ўсіх плоскасцях Усходняга партнёрства.

Для павелічэння эфектыўнасці праграмы неабходная выпрацоўка новай палітычнай прапановы для краінаў-партнёраў, узмацненне эканамічнай прысутнасці ЕС, паўстанне Універсітэта Усходняга партнёрства і лібералізацыя візавага рэжыму.

Ініцыятыва Усходняга партнёрства была з імпэтам успрынятая ў самым пачатку, аднак сёння знаходзіцца ў стане крызісу. Віна за гэта ляжыць на кіроўных элітах усходніх партнёраў, якія не зацікаўленыя ў далейшай еўрапеізацыі і дэмакратызацыі ўласных краінаў і ўспрымаюць гэтыя працэсы як небяспеку для ўласных аўтарытарных рэжымаў.

Гэтаксама абсалютна аб’ектыўна, што зацікаўленасць Еўрапейскага саюза ўсходнімі суседзямі нізкая. У параўнанні з паўднёвымі краінамі Еўропы дзяржавы Усходняга партнёрства выглядаюць стабільнымі, а іх праблемы маюць перадусім унутраны характар (напрыклад, парушэнні правоў чалавека).

Адасабленне кіроўных элітаў ад удзелу ва УП робіць грамадзянскую супольнасць галоўным партнёрам еўрапейскіх краінаў.
Гэты працэс мае свае пазітыўныя і негатыўныя наступствы. Пазітыў у тым, што дзейнасць у межах УП скіраваная на больш актыўную частку грамадства, і дзякуючы гэтаму змены ўнутры грамадстваў могуць мець доўгатэрміновы характар. Негатыў – у тым, што грамадзянская супольнасць мае абмежаваны ўплыў і не можа забяспечыць эфект, які б упэўніў улады – “тут і цяпер”.

Таму ва ўмовах пагрозы знікнення праграмы Усходняга партнёрства сёння жыццёва неабходная выпрацоўка новага падыходу, які дазволіць дасягнуць максімальнага станоўчага эфекту і больш рацыянальна выкарыстоўваць прызначаныя на праграму фінансавыя квоты.

Новы падыход ляжыць у некалькіх плоскасцях:

1. Палітычна-эканамічная плоскасць.

Сённяшнія палітычныя прапановы ці эканамічныя санкцыі з боку Еўрасаюза не знаходзяць водгуку сярод беларускіх кіроўных элітаў. У такіх умовах рацыянальным выглядае ўзмацненне еўрапейскай інтэграцыйнай прапановы і ўшчыльненне эканамічных сувязяў.

Заслугоўвае ўвагі думка канадскага палітолага Дэвіда Марплза аб прапанове Беларусі сяброўства ў ЕС. Без сумневу, гэта дадасць праеўрапейскага імпэту беларускаму народу і частцы сённяшняй наменклатуры.

Варта адзначыць, што шмат якія краіны далучыліся да УП дзеля атрымання фінансавай дапамогі (Беларусь -- адзін з яскравых прыкладаў). Таму вартым выглядае стварэнне “Бізнэс-форуму” Усходняга партнёрства. На жаль, пры далейшых рэпрэсіях беларускіх уладаў у дачыненні да беларускіх дэмакратычнай апазіцыі Беларусь не зможа браць у ім удзел. Аднак гэта чарговы знак таго, колькі Беларусь страчвае, калі ўлады адмаўляюць прынцыпы дэмакратыі і верхавенства права. Варта зазначыць, што ўшчыльненне эканамічных сувязяў будзе карыснае не толькі для краінаў-партнёраў. Не варта забываць, што краіны УП -- гэта больш чым 70-мільённы рынак.

2. Візавая плоскасць

Еўрапейская камісія мусіць перазагрузіць перамовы аб спрашчэнні працэдуры атрымання візы і знізіць цэны шэнгенскіх візаў.
Гэта неабходна для забяспечання асабістых кантактаў паміж народамі і падтрымкі мабільнасці грамадзян краінаў-партнёраў. У выпадку Беларусі найлепшым выйсцем была б адмена візавых выплатаў для грамадзянаў Беларусі. Як задача - мінімум зніжэнне вылатаў за візы Шэнген з 60 да 35 еўра. Варта нагадаць, што да 2008 года амбасада Францыі ў Мінску выдавала бясплатныя візы для моладзі да 25 гадоў. Сёння дарэчным ёсць вяртанне гэтай французскай практыкі.

3. Адукацыйная плоскасць

Неабходнае супольнае правядзенне большай колькасці летніх школаў, а ў перспектыве -- пераўтварэнне Акадэміі Усходняга партнёрства ва ўніверсітэт для моладзі з краінаў Усходняга партнёрства.
Паўстанне ўніверсітэта неабходнае не толькі з адукацыйнага пункту гледжання, але і з інтэграцыйнага – сумеснае навучанне будучых лідараў грамадства ўсходніх краінаў дазволіць ушчыльніць сувязі паміж партнёрскімі дзяржавамі.

4. Грамадска-культурная плоскасць

Грамадзянская супольнасць найбольш атрымала ў межах Усходняга партнёрства і цалкам выкарыстала свой шанец. Менавіта грамадзянская супольнасць сёння -- рухальная сіла УП. Узмацненнем дадзенай плоскасці было б правядзенне супольных праеўрапейскіх кампаній у краінах Усходняга партнёрства, што магло б засведчыць праеўрапейскія настроі ў краінах-партнёрах і ўзмацніць сувязі паміж імі.

У канцы варта заўважыць, што Усходняе партнёрства з’яўляецца надбудовай для двухбаковых стасункаў паміж ЕС і ўсходнімі партнёрамі. Аднак выкананне вышэйшых рэкамендацый дазволіць палепшыць шматбаковае супрацоўніцтва, узмацніць незалежнасць краінаў-партнёраў і прывядзе дзяржавы Усходняга партнёрства да стабільнага дэмакратычнага развіцця з дзейным вольным рынкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?