Мяркуючы па фатаграфіях, Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Эквадор на венесуэльскім самалёце.

У аэрапорце прайшла цырымонія афіцыйнай сустрэчы, паведамляе БелТА. Учора адбылося ўскладанне Аляксандрам Лукашэнкам вянка да манумента Героям Незалежнасці ў Кіта.

Сёння адбудзецца сустрэча беларускага кіраўніка з прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа. Плануецца, што яны пагутараць ў вузкім фармаце, затым да іх далучацца члены дэлегацый. Па выніках перамоў прадугледжваецца падпісанне міжнародных дакументаў.

Нагадаем, у турнэ па краінах Лацінскай Амерыкі беларускі кіраўнік адправіўся на эксклюзіўным Boeing 767, які раней належаў Туркменбашы.
Гэта быў першы палёт авіялайнера з новым уладальнікам на борце.
Дзяржаўныя СМІ аб змене лайнера пакуль маўчаць.
Паведамляецца толькі, што ў сталіцу Эквадора Кіта Лукашэнка прыбыў на «борце нумар 1». Аднак няма гаворкі аб тым, чый гэта самалёт. На фота відаць, што лайнер пафарбаваны ў колеры сцяга Венесуэлы.
Блогеры выказалі меркаванне, што аэрапорт эквадорскай сталіцы можа быць рызыкоўны для прыёму вялікіх Боінгаў:
«Самалёт Туркменбашы занадта грувасткі для прызямлення ў Кіта. Дый даўжыня пасадачнай паласы ў сталіцы Эквадора каратковатая. Таму для маршруту Каракас — Кіта — Каракас братам Уга для брата Алехандра і для пляменніка Нікаля быў ​​прапанаваны венесуэльскі самалёт. На ім і прыляцеў», — выказаў меркаванне solnzepodobny.
Сапраўды, аэрапот Кіта знаходзіцца паміж гораў, таму не можа быць пашыраны, каб прымаць вялікія самалёты.
На гэтым лётнішчы неаднаразова адбываліся аварыі і інцыдэнты, апошні з якіх у верасні летась.

Даўжыня ўзлётна-пасадачнай паласы ў Кіта складае 3120 метраў. Для «Боінга-767»неабходна 2920 метраў. Вельмі на тоненькага. Таму, відаць, вырашылі не рызыкаваць.

Тым не менш, у аэрапорце Кіта паведамляюць, што лукашэнкаўскі самалёт таксама прызямліўся ў Эквадоры.
«Цяпер сёмая гадзіна раніцы, і самалёт знаходзіцца ў нашым аэрапорце. Паспяхова тут прызямліўся. Звестак пра нейкія праблемы мы не маем. Больш ніякай інфармацыі паведаміць не можам», — праінфармавала афіцыйная асоба міжнароднага аэрапорта ў Кіта.
Можа быць, самалёт кагосьці чакаў ці былі нейкія меркаванні бяспекі?
У краінах Захаду такую сітуацыю абавязкова патлумачылі б СМІ, бо грамадзяне маюць права ведаць усё пра таго, каго абралі на дзяржаўную пасаду. Нічога такога ў Беларусі: прэзідэнтура захоўвае маўчанне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?