Кіно22

Капітуляцыя перад аповесцю

Міхаіл Трафіменкаў пра фільм «У тумане» Сяргея Лазніцы.

Адзіная прэтэнзія, якую можна выставіць другому гульнявому фільму Сяргея Лазніцы «У тумане», — гэта тое, што да яго няма прэтэнзій. Галоўны недахоп гэтай экранізацыі аповесці Васіля Быкава — яе адэкватнасць першакрыніцы: не ілюстрацыйнасць, а менавіта адэкватнасць, стылістычная і экзістэнцыйная. Тое, што зрабіла б гонар фільму любога іншага рэжысёра, у выпадку з Лазніцам здаецца ўпушчаны шанцам.

«Любы фільм — дакументальны»: прыгожая і нават асэнсаваная фраза з джэнтльменскага набору «новай хвалі» дрэнна правяраецца практыкай дакументалістаў. Абраўшы гульнявое кіно, яны могуць, як Ален Рэнэ, зняць дасканалую абстракцыю «Летась у Марыенбадзе» ці, як Ліндсэй Андэрсан, «О, шчасліўчык!», фільм, дзе людзям у сакрэтных вайсковых лабараторыях прышываюць ногі кабаноў.

Назваць Лазніцу дакументалістам (а на маю думку, ён самы цікавы сучасны рэжысёр дакументальнага кіно, адзін з нямногіх яго філосафаў) — значыць рэдукаваць яго небяспечны дар.
Здымаючы вонкава бессэнсоўная, зведзеныя да гукавога і візуальнага шуму карцінкі з расійскага жыцця, мантуючы свой вобраз савецкай гісторыі са «смецця», назапашанага на Ленінградскай студыі дакументальных фільмаў, ён вывучаў рэальнасць не як дакументаліст, а як іншапланетнік. Прышэлец з камерамі замест вачэй у стэрыльнай чысціні арбітальнай лабараторыі разглядаў дзіўны, не савецкі, не расійскі, а зямны народзец. Без запалу, без гневу, без смутку.

Яго гульнявы дэбют «Шчасце маё» (2010) выклікаў псеўдапатрыятычную істэрыку.
Лазніцу абвінавацілі ў русафобіі, антысаветызме і патуранні нямецка-фашысцкім акупантам. Але герой гэтай страшнай казкі не так прайшоў кругі зямнога пекла, як — за кошт уласнай ідэнтычнасці — пераканаўся: існуе толькі адно, заганнае кола гвалту, па якім рухаецца чалавецтва. Людзям здаецца, што на вайне яны змагаюцца з ворагам, хоць насамрэч перамагаюць самі сябе. Залічыць Лазніцу да фальсіфікатараў гісторыі можна было, толькі пакутуючы на дэфект зроку. Ну, ці не бачачы яго фільмаў, а чытаючы інтэрв’ю, якія Лазніца даваў пра працу над новым фільмам: галоўная іх загана была не так у спрэчнасці некаторых ваенных рэалій, пра якія ён казаў, як у нечаканым для «іншапланетніка» жаданні вымераць ўчынкі людзей на вайне маральным аршынам мірнага жыцця.

Ва ўсякім выпадку, чаканне фільма было насычанае саспенсам: нехта верыў, а нехта баяўся, што «іншапланетнік» здыме беларускую партызанку так, як яе яшчэ ніхто не здымаў.

Так ён яе і зняў: першы план фільма хацелася б, але было б радыкальна няправільна параўнаць з карцінамі Брэйгеля. Касмічны погляд жывапісца ахоплівае зямлю зверху. Лазніца скануе вайсковы побыт як нябачны выведнік, гняздуецца ў яго асяродку. Кагосьці вядуць вешаць, хтосьці манатонна зачытвае перасцярогу акупацыйных уладаў: дапамагаць партызанам бессэнсоўна, лепш «будаваць беларускую гаспадарку для беларускага народа». Эшалон пад парамі, салдат з каскай, поўнай яек, чысцільшчык абутку, бараны, якія пасуцца пад яшчэ пустой і амаль незаўважнай шыбеніцай. У дакладнасць такога акупацыйнага побыту, арганічна скажонага, верыш адразу.

Але гэта толькі першы план двухгадзіннага фільма. Першы і ў сімвалічным сэнсе апошні. Услед за ім заканчваецца Лазніца і пачынаецца Васіль Быкаў.
Не антысавецкі, а несавецкі і наогул нічый экзістэнцыяліст, які разумее вайну як памежную сітуацыю, абставіны, у якіх вырашаюцца — гэта значыць якраз ніколі не вырашаюцца — праклятыя пытанні быцця. Жывы класік, якога вывучалі ў школе. «У тумане» партызаны ідуць пакараць смерцю аднавяскоўца, якога ворагі схапілі, але выпусцілі, а іншых павесілі. Ідуць не таму, што такая савецкая мараль, а таму, што такая мараль партызанскай вайны, дзе б яна ні ішла.

Але рэч нават не ў тым, што Лазніца хацеў зняць кіно, якое абвяргае гераічныя міфы Айчыннай вайны, а Быкаў, які наогул існуе ў розных з міфамі сусветах, яму ў гэтым не дапамог. Быкаў перашкодзіў: стылістыка яго прозы задае вузкі калідор інтэрпрэтацый. Здымаць паводле Быкава можна, толькі прытрымліваючыся пратаптанай ім канвы: крок направа, крок налева — расстрэл. Можна ірвануць увысь, паклікаўшы на дапамогу музыку Альфрэда Шнітке, абвастрыць да істэрычнасці, абстрагавацца да евангельскай прастаты, але збочыць — нельга.

Лазніца зняў савецкі фільм у самым добрым сэнсе слова.
Даказаў, што можна здымаць пра вайну без халтуры і цёмнага хамства, ігнаруючы кан’юнктуру. Але гэта рэжысёрская параза: у свеце стала больш на адну экранізацыю Быкава, але не на адзін фільм Лазніцы.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА3

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Праваабарончы цэнтр «Вясна» адкрыў дадатковы офіс у Варшаве4

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?21

Украіна прапаноўвала перайменаваць частку Данбаса ў «Донілэнд» у гонар Трампа7

Трамп заявіў, што не хоча падаўжаць перамір'е з Іранам і чакае бамбардзіровак3

Амерыканцы алічбавалі трафейныя дакументы са Смаленскага архіва, вывезенага нацыстамі. У ім варта шукаць і дакументы па беларускім пытанні5

Турэцкі палітык стаў мемам з-за сваіх вусоў4

У Расіі затрымалі гендырэктара самага буйнога выдавецтва «Эксмо». Шмат іх кніг прадаецца і ў Беларусі2

Студэнты ЕГУ баяцца вяртацца дадому13

Кампаніі ўкараняюць ШІ-двайнікоў супрацоўнікаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА3

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць