Архіў

Водгукі

№ 5 (162), 31 студзеня — 7 лютага 2000 г.


 Водгукі

 

Вільня мусу, а Летува русу

Спадар Валдас Банайціс з Новай Вялейкі, вы маю спрэчку ізь Сямёнам Шарэцкім выкарысталі ў першым нумары за гэты год, каб сказаць мне, што «Вільні сталіцай Беларусі ня быць!». Вам Масква даравала Вільню, а для нас яна, кажучы словамі Натальлі Арсеньневай, гэта «ўсход крывавы й дзьдзелы, што лёс на каркі нам усклаў».

Ведаючы, што найсільнейшым нацыянальна-духовым, навуковым і эканамічным фарпостам Беларусі праз усе вякі была Вільня, Сталін гэты фарпост рашыў адрэзаць ад нацыянальнае тэрыторыі Беларусі й аддаць яе, ня хочучы рабіць моўнае памылкі, скажу — нашчадкам жмудзінаў. Ня толькі на працягу паўтысячагодзьдзя часоў Вялікага Княства Літоўскага, а і ў часе паміж войнамі Вільня была культурнай і, у пэўнай меры, палітычнай сталіцай Заходняе Беларусі. Вільня была сэрцам Заходняй Беларусі, што пампавала жыцьцядайную кроў Беларушчыны на ўсю яе тэрыторыю, аж да найдалейшых усходніх граняў Берасьцейшчыны.

А нашчадкі жмудзінаў паверылі «дабрадзею» Сталіну-Маскве, ды ня ўсе. Як пасьля 1939 году няслася да нас, беларускага грамадзтва, нядобрая вестка, нашчадкі жмудзінаў міжсобку казалі: «Вільня мусу, а Летува Русу»... Ведалі, што апэтыт «усходу крывавага й дзьдзелага» бязьмерны, ды што ня прыяцель ён жамойтам... Каб ня споўнілася б хаця наноў прароцтва «Вільня мусу, а Летува Русу»...

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

А Шалкевіча не заўважылі

Пішу Вам наконт недарэчнасьці ў нататцы «Душэўны вечар» Вінцэся Кутрынкі ў №4. Сярод пералічаных удзельнікаў імпрэзы чамусьці адсутнічае імя В.Шалкевіча, які, між іншым, вельмі і вельмі добра выглядаў побач з NRM, KRIWI і сп.Крывашэевым. Цікава, што для яго не пакінулі месца ў пераліку, хоць узгадалі ўсіх-усіх, нават дзяўчат з падпевак KRIWI. А пішу я, бо мне якраз-такі ён найбольш спадабаўся.

Анатоль Сьцебурака, Вялейка

 

Пішыце пра экстрэмізм

На мой погляд, летась самым цікавым (але не зусім удалым) атрымаўся нумар пра «Моду на экстрэмізм». Надышоў час зрабіць «Экстрэмізм-ІІ», бо нагоды ёсьць. Сумняваюся, што зараз які РНЕ-шнік скажа: «нейкі там «Белы Легіён», «леў на шчыце — чый гэта знак?» Зараз кожны павінен ведаць сваіх сяброў і ворагаў у твар.

Так што ЭКСТРЭмальных пачуцьцяў! Пасьпяховай барацьбы! Салодкай Перамогі!

Крывіч, Менск

 

Наша ці ня наша?

Я не элдэпэбэшнік, не камуніст, не пэнсіянэр і не бэпээсэмавец ці які іншы лукашыст. Я такі ж патрыёт Беларусі, як і Вы, хоць я ў Беларусі жыву нядаўна, а беларуская мова мне ня родная.

Дык мне ўсё менш падабаецца тое, як Вы пішаце аб Расеі, расейцах і ўсім расейскім увогуле. Зь некаторых артыкулаў, у якіх тэза «ах, як добра было пры Польшчы, ах, як кепска стала пры маскалёх», у Вашай газэце простаму нармальнаму беларусу можа здацца, што сапраўды, як кажуць дзяржаўныя СМІ, «калі русафобы прыйдуць да ўлады, адразу павядуць нас у панскую Польшчу».

Я сам нарадзіўся ў Маскве і вельмі люблю гэты горад, лічу сябе «масквічом», хоць аніколі не лічыў і ня буду лічыць сябе расейцам. Дык мне непрыемна на старонках сваёй улюбёнай газэты часам чытаць не абгрунтаваныя нічым абразы на адрас майго роднага гораду.

Ня блытайце патрыятызм з русафобіяй ці наадварот — палёнафіліяй. На працягу гісторыі ляхі прынесьлі нам бедаў ня менш, чым маскалі, і таму эвэнтуальная інтэграцыя з Эўропай, я спадзяюся, не азначала б інтэграцыі з «братэрскаю Польшчай». Я разумею, што, жывучы ў Беларусі і слухаючы кожны дзень адну й тую апінію з радыё, пэрыёдыкаў і «тэлебачаньня», нармальныя людзі з часам адчуваюць усё большую агіду да гэтае апініі. Але ж беражыце аб’ектыўнасьць!

Я, натуральна, ні ў якім разе не заклікаю вас замоўчваць крывавую расейскую кампанію ў Чачэніі ці гэтую клятую «іньцеграцыю», але дарма вы з такім радыкалізмам крытыкуеце савецкую эру. Гэты пэрыяд быў далёка ня самым горшым у гісторыі нашае Бацькаўшчыны. За саветаў мы ўпершыню за больш як 100 гадоў атрымалі дэ-юрэ аўтаномію, хоць і бязь Вільні і іншых зямель; упершыню за бадай 200 гадоў нам дазволілі размаўляць на сваёй мове, хоць і падрусіфікаванай. Мы зноў адчулі сябе сапраўднаю нацыяй.

Канечне, шмат пакутаў прынесла нам «радзецкая» эпоха. Была русіфікацыя, была дыктатура, былі Курапаты. Але нам нельга адмаўляцца ад савецкае спадчыны, як нельга адмаўляцца ад спадчыны Рэчы Паспалітае. Калі мы адмовімся, у вачох усяго сьвету й нашых нашчадкаў атрымаецца, што (калі не амэрыканцы, дык) РАСЕЙЦЫ перамаглі Гітлера, (калі не амэрыканцы, дык) расейцы першыя паляцелі ў космас, (калі не амэрыканцы, дык) расейцы заснавалі ААН, расейцы былі на працягу 50 гадоў супрацьвагай амэрыканскае сусьветнае манаполіі, а мы былі проста быдлам, матар’ялам, у чарговы раз ахвяраю і ў чарговы раз выкарыстаныя. Яшчэ 70 гадоў цяжкае працы, ахвяраў, крыві, жыцьцяў нашых продкаў можна будзе проста выкрэсьліць з нашае гісторыі.

Нельга дазволіць расейцам узурпаваць савецкія дасягненьні! Гэта МЫ (канечне, разам зь іншымі народамі СССР) перамаглі Гітлера, мы (канечне, разам зь іншымі народамі СССР) першыя паляцелі ў космас, і мы ж увялі войскі ў Прагу і Аўганістан. Нам нельга адмаўляцца і ад адказнасьці за савецкія злачынствы і за тое, што зрабілі нашыя суайчыньнікі накшталт Дзяржынскага, бо яны былі беларусамі, а, значыцца, і часткаю нас.

Гэта былі мы. Гэта жыцьці й лёсы нашых продкаў. Гэта наша гісторыя, наша спадчына. Гэта была наша краіна.

Барталямэюш Гарбач, <[email protected]>


Каментары

Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?20

Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?

Усе навіны →
Усе навіны

Калі ў 1979‑м «Каласы пад сярпом тваім» выйшлі па-руску накладам 100 тысяч асобнікаў, імі гандлявалі мінскія таксісты. Настолькі папулярны быў Караткевіч1

Былы вядучы АНТ схадзіў у масоўку польскага «Хто хоча стаць мільянерам» і распавёў пра ганарар3

Бясстрашнасць і адвага. Гэтыя людзі ловяць рыбу на лёдзе ў +142

ЗША атакавалі востраў Харк у Персідскім заліве. Праз яго праходзіць 90% іранскага экспарту нафты6

«Пілі каву — і раптам вайна»: як беларуска спрабуе пакінуць Ізраіль4

Хакейнага заўзятара і кіроўцу асудзілі за палітыку. Падобна, што па справе Гаюна2

Бюджэт сярэдняй мінскай сям’і складае 3 436 рублёў на месяц

ЗША паабяцалі да $10 млн узнагароды за інфармацыю пра лідараў Ірана

Самая дарагая гітара ў свеце. «Чорны Stratocaster» Дэвіда Гілмара з Pink Floyd прададзены за $14,6 млн3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?20

Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць