Архіў

Сяргей Харэўскі Пра вусы і бараду

№ 29 (238), 16 ліпеня 2001 г.


Сяргей Харэўскі

Пра вусы і бараду

 

Неяк мой цесьць прыехаў на Пастаўшчыну з барадой. Тамака ўсе пачалі яго дакараць: “Пагаліся!” Дзед Пякарскі не стрымаўся: “Ты што, маскаль? Гэна ж адны толькі маскалі ў нас бароды носяць!” На Пастаўшчыне ёсьць стараверы, якія вылучаюцца сваёй моваю ды бародамі. Іх здавён называюць маскалямі. “Во вусы — гэта красата!” — працягваў стары Пякарскі, пагладжваючы свае — рэдкаватыя, закручаныя, як у Сальвадора Далі.

Жаданьне ўпарта стаяць на сваім — рэдкая для беларусаў рыса. Але такое пытаньне, як даўжыня валасоў ці барада, — выключэньне з правіла.

Зрэшты, наяўнасьць ці адсутнасьць расьліннасьці на твары была істотным пытаньнем праз усю чалавечую гісторыю. На мяжы XV—XVI ст. эўрапейцы пачынаюць галіцца амаль татальна. А вось расейскі Сьвяты Сынод у 1551 г. заявіў, што “без барады нельга ўвайсьці ў Валадарства нябеснае”. Нават Жыгімонт Гербэрштэйн, пасол Сьвятой Рымскай імпэрыі, мусіў адгадаваць бараду, каб трапіць у Масковію на пачатку XVI ст. У часы Рэнэсансу мода на бароды панавала і сярод нашай арыстакратыі. Не галіліся абодва Мікалаі Радзівілы, Чорны й Руды, якіх і звалі гэтак за колер іхных вялізных бародаў. Барадачамі былі Кастусь Астроскі, Іван Хадкевіч, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Леў Сапега. Бароды мелі ўсе запар Жыгімонты, уладары Вялікага Княства. Хоць наяўнасьць-адсутнасьць барады была справай цалкам прыватнай і не зьяўлялася падставаю для гвалту й забойстваў, як у Расеі за Пятром Першым. “Галаву сячы, бараду не чапай!” — малілі аб літасьці баяры свайго цара.

На мяжы XVI—XVIІ ст. у беларускім шляхецкім асяродку бароды амаль цалкам зьнікаюць. Застаюцца пышныя вусы, закручаныя на самы розны манер. На старых шляхецкіх партрэтах няма, за рэдкімі выняткамі, чыста паголеных пэрсонаў.

Мода на бароды вярнулася ў Эўропу ў сярэдзіне ХІХ ст. Валасатасьць твару сталася знакам нонканфармізму. Джузэпэ Гарыбальдзі, Лаёш Кошут, Эжэн Пат’ё. Згадайце й нашых: Сымона Канарскага, Валер’я Ўрублеўскага ці Жыгімонта Серакоўскага. Маладзенькая яшчэ, негустая барада была і ў Кастуся Каліноўскага.

...Стаміўшыся ад суседзкіх і сваяцкіх пляўкоў, мой цесьць згаліў бараду. Сказаў, што яна яго старыць. А можа й праўда, не хацеў быць падобным да маскаля. А стары Пякарскі сёлета згаліў вусы. Бяз вусаў я яго ледзь пазнаў. Ён зрабіўся зусім стары, стомлены і... звычайны. Казаў, што падпаліў выпадкова. Хоць, падазраю, і ён пачаў няёмчыцца ад свайго шляхецкага выгляду... Часы пайшлі, як Купала пісаў, не такоўскія...

 

Каментары

Цяпер чытаюць

Праз Беларусь пачалі масава пралятаць не толькі расійскія дроны, але і ўкраінскія40

Праз Беларусь пачалі масава пралятаць не толькі расійскія дроны, але і ўкраінскія

Усе навіны →
Усе навіны

Побач з Мінскам прадаюць дачу беларускага пісьменніка

«Дапамога» Калегавай запусціла новую платформу для збораў — з нулявой камісіяй. На што збіраюць першыя грошы?2

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў22

Пажары ў расійскіх партах. Што пацярпела ад удараў украінскіх беспілотнікаў3

Дырэктарка турфірмы не пазнала беларускую мову, калі віншавала з Днём яднання Беларусі і Расіі. І працягвае сябе закопваць19

«Да апошняга верылі, што атрымаем дазвол». Адмянілі яшчэ адзін музычны фестываль3

Колькі каштуе леў і дзе купіць вярблюда? Беларуска 18 гадоў таму пераехала ў вёску і завяла заасад

Украіна папрасіла прабачэння ў краін Балтыі за падзенне сваіх дронаў на іх тэрыторыі1

Пры гродзенскай трасе каля Валожына можна рэгулярна назіраць за статкам зуброў ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз Беларусь пачалі масава пралятаць не толькі расійскія дроны, але і ўкраінскія40

Праз Беларусь пачалі масава пралятаць не толькі расійскія дроны, але і ўкраінскія

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць