Мудрымі будзьце, як зьмеі

Прапановы сп.Лялькова, выказаныя ў артыкуле “Пастка нэасавецкага будаўніцтва” ў №31 ад 23 жніўня, дэструктыўныя і далёкія ад рэчаіснасьці. Напрыклад, каб ня “енчыць наконт уцечкі мазгоў, а спрыяць ёй”, трэба быць упэўненым у звышпатрыятызьме мазгавітай моладзі, у тым, што яна будзе Бацькаўшчыне з-за мяжы дапамагаць і потым вернецца. Можа, сп.Лялькоў ведае шмат прыкладаў вяртаньня ці дапамогі — я ня ведаю ніводнага.

Нічога дзіўнага ў тым няма. Хто выхоўваў у гэтай моладзі беларускі патрыятызм? Толькі ня школа. Школа як вучыла ў савецкі час любіць Расею, так і дагэтуль вучыць. А за 10 гадоў настаўнікі маглі падрыхтаваць пакаленьне калі не Кастусёў Каліноўскіх, дык у любым выпадку патрыётаў Беларусі. Гэтага ня здарылася (я прашу прабачэньня ў выдатных Настаўнікаў-адзінак, якіх сказанае ня тычыцца).

Ва ўладзе і ва ўрадзе сядзяць троечнікі – гадаванцы бээсэсэраўскай школы, якія нават ня вельмі ўсьведамляюць, што такое сувэрэнітэт, незалежнасьць краіны. Рэспубліку Беларусь яны ня надта адрозьніваюць ад БССР, інакш не стваралі б з Расеяй “адзінай дзяржавы з захаваньнем сувэрэнітэту”. Трэба ведаць і памятаць, што Расея ніколі, ні пры якай уладзе не адмовіцца ад плянаў далучэньня беларускай тэрыторыі. У Расеі няма тых, хто супраць далучэньня, – ні ва ўладзе, ні ў народзе. Пашырэньне межаў – у генах расейскіх людзей. Любой краіне, якая мяжуе з Расеяй, няпроста захаваць палітычную і эканамічную незалежнасьць: Расея можа пабамбаваць, як Грузію, можа падвысіць кошты на энэрганосьбіты, што ня самае страшнае, калі спадзявацца на сябе і жадаць волі. Беларусі цяжэй за іншых, бо да яе гістарычна большая прага з боку Расеі: жаданьне ня толькі ўплываць палітычна і эканамічна, але й далучыць юрыдычна. Бог даў беларусам такога суседа, які ім ніколі не дазволіць “спаць у шапку”. Сёньня беларусаў пабудзіў Пуцін, але пытаньне ж ня новае. Пагроза анэксіі з боку Расеі была і да заяваў Пуціна і будзе існаваць заўсёды, ня трэба аб гэтым забывацца і губляць пільнасьць.

Першы прэзыдэнт Беларусі, гадаванец савецкай школы, не ўсьведамляе сваёй нацыянальнай прыналежнасьці, не адчувае адказнасьці перад НАЦЫЯЙ, інакш ніхто б яго не прымусіў пасьлядоўна праводзіць палітыку самазьнішчэньня. Ну не дзеля ж таго ён гэта робіць, каб пры канцы кар’еры на пару месяцаў атрымаць пасаду віцэ-прэм’ера Расеі ў абмен на беларускую тэрыторыю.

Таму трэба працаваць – настаўнікам і з настаўнікамі – на будучыню краіны тут, не заахвочваць “уцечку мазгоў”, бо вяртацца “мазгам” няпроста. Зянон Пазьняк ужо немалады і патрыёт бясспрэчны, а як зьехаў у эміграцыю – вярнуцца ня можа. А моладзь зьяжджае вучыцца, там абзаводзіцца сям’ёй, гаспадаркай – усё ня так проста, як прапануе І.Лялькоў. Пабудова сеткі незалежных структураў інфармацыі, адукацыі, навукі, гандлю, прадпрымальніцтва – рэч цікавая і вельмі складаная. У асобных таленавітых арганізатараў асобныя праекты могуць атрымацца.

Галоўнае – не здаючы сваіх пазыцыяў, быць гатовым і да супрацоўніцтва, і да супрацьстаяньня з уладамі, не ідэалізуючы і не асабліва давяраючы ім, усё ж выкарыстоўваць любую сытуацыю для ўмацаваньня незалежнасьці.

Грамадзянская пазыцыя беларуса павінна быць такая, каб не станавіцца ў позу, адмаўляючыся ад усялякага супрацоўніцтва з уладай, што сябе скампрамэтавала, але й не падмануцца яе незалежніцкай рыторыкай. Трэба патрабаваць ад уладаў на любым узроўні падмацаваньня незалежніцкіх словаў рэальнымі справамі па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Пад незалежніцкія прамовы ўлады лягчэй патрабаваць ад яе выкананьня абавязкаў – абароны незалежнасьці і разьвіцьця нацыянальнага, трэба гэтым скарыстацца.

Я не прапаную пасіўнай пазыцыі. Усе сродкі, што ўжываліся беларускімі патрыётамі дагэтуль (мітынгі, пікеты, страйкі і г.д.), на жаль, яшчэ доўга будуць патрэбныя. Ня трэба разумець супрацоўніцтва як здачу чагосьці свайго, саступку ў справе беларускай адукацыі, мовы, літаратуры, музыкі, незалежнай прэсы. Тут адступаць ні ў якім разе нельга, ужо няма куды.

Супрацоўніцтва з уладай азначае – “калі вы з намі згодныя бараніць і разьвіваць беларускую культуру, эканоміку, незалежнасьць, дык і мы ня супраць вас”.

Таіса Мішчанка, Масква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0