Архіў

Зьміцер Падбярэскі: Сустрэнемся пасьля адзінаццаці

№ 34 (296), 13 верасьня 2002 г.

Зьміцер Падбярэскі: Сустрэнемся пасьля адзінаццаці

На другі дзень пасьля шумнага сьвяткаваньня свайго 50-гадовага юбілею Зьміцер Падбярэскі быў зволены з часопісу “Мастацтва”. Мы сустрэліся на ганку Дому друку, адкуль ён выйшаў з загадам аб скарачэньні са штату. Дзень быў сонечны, і звольнены Падбярэскі таксама ня хмурны. Зрэшты, чаго Падбярэскаму хмурыцца: з “Мастацтва” яго лёгка можна “зрэдукаваць”, а вось у мастацтве ён застанецца непазьбежна. Мы селі пад парасонікі ля “Батлейкі” і замовілі піва...

“НН”: Зьміцер, ці варта баяцца ўзросту 50 гадоў? Як Вы сябе адчуваеце ў новай даце?

З.П.: Вельмі пагана. Я, калі апрануўся і выйшаў да таксоўкі, каб ехаць туды, дзе чакалі запрошаныя, раптам падумаў: “Божачкі, зараз бы ўзяць проста пару памідоркаў, пакет пяльменяў, бутэльку гарэлкі, сесьці аднаму на кухні і клясна ўсё гэта спажыць”. Мне раптам так расхацелася туды ехаць, я падумаў — а пры чым тут я, па сутнасьці? Што такое дата? Я яе не адчуваю. Калі душа адкрытая, свабодная, пра гады не задумваешся. Узрост пачынае зьмяняць людзей тады, калі яны пачынаюць задумвацца над узростам.

 

Сустрэнемся пасьля адзінаццаці

“НН”: 20 гадоў назад Вы вялі праграму “Сустрэнемся пасьля адзінаццаці”. Гэта была візытоўка БТ, на ЦТ такой не было…

З.П.: Я не надаваў вялікага значэньня гэтаму, пакуль са мной не пачалі вітацца прадавачкі майго гастраному. Прыйшла пэўная слава і адгукаецца аж да сёньня. Мая кніжка “Саксафон Чынгісхана” выйшла дзякуючы “Сустрэнемся пасьля адзінаццаці”. Я Ірыне Халіп неяк сказаў, што шукаю грошы на выданьне. Яна паабяцала пагаварыць з адным чалавекам, а праз пару тыдняў прынесла мне канвэрт з грашыма. Аказваецца, калі той мэцэнат вучыўся ў школе, яму бацькі казалі: ня вывучыш урокаў — ня будзеш глядзець “Сустрэнемся пасьля адзінаццаці”! Ён сказаў, што Падбярэскага запомніў на ўсё жыцьцё. Я яму бязьмерна ўдзячны.

 

Саксафон Чынгісхана

“НН”: У Вашай кнізе намаляваны нейкі фантастычны сьвет начнога Менску. Няўжо гэта ўсё было ў савецкія часы — рэстараны, вар’етэ, валютныя прастытуткі, вялікія грошы?

З.П.: У кнізе апісана тое, што я асабіста бачыў альбо чуў. Быў такі асяродак! Калі нябожчык Стэф іграў у “Каменнай кветцы”, там сапраўды можна было пабачыць публіку, якая прыходзіла ня проста пагуляць, але й паслухаць. Там гралі Валодзя Ткачэнка, Барыс Бэрнштэйн, Фіма Готкін, Лёня Златкін, ну і Стэф, натуральна. Пасьля закрыцьця рэстарацыі адбываліся сэйшны ў “Юбілейцы” ці ў рэстаране “Зялёны Луг”. На той час многія музыкі працавалі ў кабаках. Гэта была ня тое што прэстыжная праца, але зараблялі добра. У 80-я існавала ў Менску Аб’яднаньне музычных ансамбляў. У яго ўваходзілі ўсе кабацкія калектывы. І раз на квартал там зацьвярджалася праграма — рэпэртуар, які ім было дазволена граць. У 1983 г. выйшла “Пастанова ЦК КПСС”, паводле якой музыкі маглі выконваць ня больш за 20% твораў, напісаных не сябрамі Саюзу кампазытараў. А людзі ж у кабаку хочуць паслухаць модныя заходнія рэчы, а іх можна выконваць толькі праз чатыры на пятую. Дык музыкі, што складалі рапарцічкі на квартал наперад, пісалі (умоўна): “Караван”, музыка Ігара Лучанка, ці, скажам, “Paint it Black”, музыка Эдуарда Ханка. Вось тады нашыя кампазытары ў масьле плавалі! Яны атрымлівалі такія аўтарскія… Я ведаю, што некаторыя зь іх раз на квартал езьдзілі па кабаках са скрыняй каньяку, каб толькі на наступны квартал музыкі запісалі іх у рапарцічку.

 

Прозьвішча дзеда па маці

“НН”: Адкуль Вашая абазнанасьць у музыцы?

З.П.: Ня ведаю. У мяне з музычнай навукай быў толькі адзін эпізод: бацькі нанялі хатняга настаўніка. А мы тады жылі ў шыкоўнай міністэрскай 4-пакаёўцы на рагу Ўрыцкага і праспэкту. У кватэры стаяў грандыёзны раяль. За год я навучыўся граць дзьвюма рукамі “Петушок, погромче пой”. Кожны прыход настаўніцы суправаджаўся складанай апэрацыяй — мяне ўсёй сям’ёй выцягвалі з-пад ложка. Выцягвалі ў пыле, ускудлачанага, саджалі за гэты раяль. За год зьмянілася некалькі настаўніц, і ўсе сьцьвярджалі, што такой лютасьці да музыкі яны ні ў кога ня бачылі. Цяпер я вельмі шкадую. Мне гэтага не стае, я не магу пісаць пра музыку як музыказнаўца. Магу пісаць на ўзроўні прасунутага журналіста.

“НН”: Хто Вашыя бацькі?

З.П.: Мой родны бацька памёр, як я ўжо скончыў унівэрсытэт — у 1975-м. Маці доўгі час адпрацавала загадчыцай аддзелу ілюстрацый у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, яна мастачка. Яе ўнучка, а мая пляменьніца Наста цяпер вучыцца ў Акадэміі мастацтваў на аддзяленьні тканін у спн.Бартлавай — нарэшце гены адгукнуліся. Дзед мой быў унікальнай асобай. У часе эвакуацыі працаваў дырэктарам опэрнага тэатру ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пасьля ўзначальваў кінахроніку Беларусі, быў старшынём радыёкамітэту. Нават месяцы тры адпрацаваў намесьнікам міністра культуры. Аднак тады ў нейкай беларускай вёсцы падчас паказу кінафільму загарэўся клюб і загінула шмат людзей. За гэта майго дзеда зьнялі з працы.

“НН”: А ці ня маеце Вы дачыненьня да славутага роду Падбярэскіх?

З.П.: Я нашу прозьвішча дзеда па маці. Гадоў зь дзесяць таму мяне адшукаў Вацлаў Падбярэскі з Гданьску, які вядзе хроніку роду Падбярэскіх і цьвердзіць, што род паходзіць з Друцкага княства. Мы з панам Вацлавам зрабілі запыт у расейскі Вайскова-гістарычны архіў. Яны даслалі дакумэнты пра трох Падбярэскіх, больш за ўсё мяне ўразіў мой (як я ўсё ж лічу) продак — палкоўнік Пятро Падбярэскі, ураджэнец Магілёўшчыны (мой дзед таксама з Магілёўшчыны), які ўдзельнічаў у задушэньні пастаўньня Касьцюшкі, за што быў узнагароджаны ордэнам. Паручнік Павал Падбярэскі быў забіты на Каўказе падчас чачэнскай кампаніі.

Пасьля я пазнаёміўся з Эдвардам Падбярэскім зь Вільні, скульптарам. Ён мне паказаў дамок, які належаў гарадзкому судзьдзю Падбярэскаму, — занядбаны двухпавярховы будынак у цэнтры старой Вільні. Кажа, калі ёсьць грошы — выкупляй. А потым я пабачыў на франтоне Збору Сьв.Пятра і Паўла ў Вільні герб Падбярэскіх, побач — гербы блізкіх суродзічаў, Пацаў. Таму я да журналіста Валодзі Паца падкаціўся — мы, кажу, з табой сваякі. І яшчэ Эдвард паказаў просьценькі будынак у клясычным стылі — палац Падбярэскіх, дзе падчас паўстаньня Каліноўскага каваліся ядры для паўстанцаў. Палацык потым быў сканфіскаваны царскімі ўладамі.

 

Джаз-фэстываль
і новая кніга

“НН”: Мо і сапраўды Вашыя карані ў Вільні. Дый Вільня Вам больш пасуе, бо Вы любіце джаз. А ці ж Менск можна лічыць джазавым горадам?

З.П.: Хутка можна будзе. На джазавыя канцэрты ходзяць вельмі прыгожыя жанчыны, а гэта першы паказьнік. Прыгожыя жанчыны наведваюць толькі тое, што заўтра стане самым запатрабаваным. У свой час на канцэртах аўтарскай песьні зьявілася шмат прыгажунь.

Менская джазавая публіка рэзка амаладзілася, і гэта падобна да таго, што мы бачым у Польшчы, Літве. На канец лістапада рыхтуецца фэстываль — такога сур’ёзнага ў Менску яшчэ не было. Я садзейнічаў таму, што Малы тэатар нарэшце прыдбаў багатага спонсара. Яны заключылі дамову, але запатрабавалі, каб на фэсьце былі сусьветныя зоркі. Малатэатраўцы, па чутках, хочуць запрасіць Чарлі Хэйдана, які апошнія 5 гадоў мянуецца лепшым кантрабасістам сьвету. Называюцца імёны Аркадзя Шылклопера, Андрэя Кандакова. А Польскі інстытут плянуе ў гэтыя ж дні запрасіць Томаша Станьку. Калі ўсё атрымаецца, Менcк можна будзе залічваць да джазавых цэнтраў Эўропы.

“НН”: Пасьля Вы напішаце новую кнігу пра джаз…

З.П.: Новая кніга ўжо практычна ёсьць. Я дамовіўся зь Юр’ем Цыбіным выдаць невялічкі зборнік пад назвай “Брыдкія аповеды”, накладам штук 500. Кніжка выйдзе на вельмі таннай падмочанай паперы з адбіткамі донцаў бутэлек, селядцоў, зь нейкімі тлустымі плямамі.

Без ланцуга

“НН”: То бок Вы цяпер будзеце адпачываць і набіраць натхненьне?

З.П.: Не. Ня думаю, што я буду адпачываць, — я ня з тых людзей. Цяпер маю час, каб выбраць, што рабіць. Адчуваў бы поўную свабоду, калі б — прабачце за калямбур — мне ня трэ было пісаць тэкстоўкі для “Свабоды” на ўвесь наступны тыдзень. З другога боку, цень шкадаваньня па “Мастацтве” ёсьць. Мы працавалі ў часопісе па 20 год. Добрая была каманда.

Хачу зрабіць тое, чаго ў беларускай культуры не было. Я пакуль ня ведаю, што гэта будзе — бібліяграфічны даведнік ці энцыкляпэдыя папулярнай беларускай музыкі. Хачу падняць матэрыял і зьвесьці ў адну кніжку ўсё ад часоў стварэньня аркестру Эдзі Рознэра. Тая ж Іра Халіп — праўнучка першага кіраўніка гэтага аркестру Юр’я Бяльзацкага. Усё — гэта ня толькі людзі, якія сьпяваюць песьні, а і людзі, якія працуюць у шоў-бізнэсе, мэнэджэры і прадусары, гукарэжысэры. Гэта трэба рабіць неадкладна. Натура сыходзіць: зьяжджаюць людзі, паміраюць людзі. Там будуць, з аднаго боку, “Песьняры”, а з другога боку — “Імпэт” і “Жыгімонт Ваза”. Тыя выканаўцы, якія пакінулі сьлед у беларускай музыцы. Падставай будзе, відаць, хоць бы адно больш-менш тыражаванае выданьне запісу. Насуперак перакананьню, што ў нас нічога не адбываецца, я бачу, як ідзе жыцьцё.

Гутарыла Сьвятлана Курс


Каментары

Цяпер чытаюць

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю10

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

Усе навіны →
Усе навіны

На Гродзеншчыне вайсковыя камісары адправіліся вучыць сялян збіраць ураджай12

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні8

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе6

Пад Віцебскам спынілі кіроўцу, які ляцеў з хуткасцю 172 км/г3

На Слонімшчыне школьнікі знайшлі 500 артэфактаў і манету XVII стагоддзя

«Намагаўся патлумачыць, што 30 літраў — мала». Беларускі айцішнік праехаўся па Расіі і падзяліўся ўражаннямі

Стала вядома, як цяпер жыве ў Расіі сям'я збеглага прэзідэнта Украіны Януковіча і як яго самога цяпер завуць2

На ўсходніх Карыбах вырашылі мяняць Лізавету ІІ на грашах не на Карла ІІІ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю10

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць