Апошні месяц года самы багаты на карпаратыўныя вечарынкі — кожная вялікая і не вельмі кампанія імкнецца зладзіць свята для супрацоўнікаў.
На ўсіх памяшканнях, дзе патэнцыйна можна зладзіць банкет, з’яўляюцца аб’явы «праводзім карпаратывы». «Наша Ніва» даведалася пра апошнія тэндэнцыі ў няпростым свеце карпаратыўнага адпачынку.

Ад Чыкага да Шэкспіра

«Заказчыкам бракуе разнастайнасці, — расказвае кіраўнік агенцтва Jolly Fine Таццяна. — Першае, што нам кажуць: «мы хочам зладзіць што-небудзь незвычайнае». Пасля высвятляецца, што сцэнар у карпаратываў прадказальны. Вось

сёлета вельмі папулярны фармат «лаціна» — з лацінаамерыканскай музыкай і адпаведнымі строямі.
Кожны год шмат замоваў ідзе на «Чыкага» — беларусы вельмі любяць атмасферу фільма «Хросны бацька», ЗША ў 1930-я.
У якасці музыкаў болей за ўсё цэняцца выканаўцы кавераў на музыку фармату MTV».

Пра «Чыкага» ўзгадваюць і прадстаўнікі іншых агенцтваў. Прычым, як растлумачылі спецыялісты з Rent Event, кожны з заказчыкаў імкнецца да эклюзіўнасці, каб фірма-канкурэнт ці знаёмыя ўдзельнікаў не маглі б пахваліцца «такім самым» карпаратывам. Часам робяць карпаратыў у выглядзе цырымоніі «Оскар».

Тым не менш, бываюць і выключэнні. «Напрыклад, аднойчы мы рабілі сапраўды цікавы карпаратыў пад назвай «Шэкспіру і не снілася», — расказваюць у Jolly Fine. — Там мы стварылі сапраўдную тэатральную пастаноўку ў шэкспіраўскім стылі, з адпаведнымі касцюмамі. Але гэта хутчэй выключэнне: усё ж нашыя людзі схільныя да звычайных сюжэтаў».

Можна зняць і «Мінск-Арэну»

Дзмітрый Баранаў са святочнага агенцтва «Спамаш» узгадвае самы запамінальны карпаратыў: «Гэта было ў Рэчыцы, пры канцы 90-х.
Ладзіў карпаратыў уласнік рэстарана «Чорны лімон», цяпер ужо нябожчык. На свята было запрошана чалавек пятнаццаць — ягоныя родныя і блізкія. А артыстаў з Расіі было нашмат болей — Глызін, Агурбаш (тады яна яшчэ была Ялінскай), Сяроў… Яны былі вельмі здзіўленыя — нейкая Рэчыца, 300 кіламетраў ад Мінска, а тады такая завіруха на вуліцы была. У персаналу вочы на лоб лезлі».

Аднак такія святы, зразумела, патрабуюць вялікіх грошай.

«Можна зняць пад карпаратыў «Мінск-Арэну», — кажуць спецыялісты. — Звычайна там ставяць сцэну, робяць фуршэтныя зоны, задзейнічана шмат аніматараў і сам працэс дзеліцца на тры часткі: сустрэча гасцей, выступы музыкаў, пасля праграма з удзелам гасцей і выступ хэдлайнера вечара. Колькі гэта каштуе, сказаць складана, нават прыблізна. Мінімальны карпаратыў абыходзіцца ў $2500 — гэта вядучы, гук, артыст і святло».

«У паслякрызісны перыяд замоваў стала меней, — кажа Дзмітрый Баранаў. — Аднак запыты ў беларусаў сталі вышэйшымі. У 90-я набіралі пэўную колькасць беларускіх зорак і на гэтым усё сканчалася. Цяпер цікавяцца якасцю гуку, апаратурай, імкнуцца запрашаць замежнікаў, падбіраюць тэматыку. Кліенты любяць самі працаваць з сцэнаром, не ўсе ж любяць, каб імі кіравалі аніматары. Цяпер цяжка з памяшканнямі — знайсці пляцоўку на 200 чалавек ужо праблема».

Самі сабе зоркі

Каб не абмяжоўвацца выключна мінскімі агенцтвамі, мы звярнуліся ў брэсцкае «Бюро святаў». Аказалася, апошняй модай там стаў карпаратыў у аграсядзібе і на прыродзе.

«Вельмі папулярныя «камандныя» мерапрыемствы, — расказвае менеджар «Бюро» Ларыса Кіндрук. — Гэта нешта накшталт савецкай спартакіяды, толькі сучаснае: з такімі рэчамі, як скаладром.
Пайшла тэндэнцыя — людзей перасталі цікавіць простыя застоллі, ім трэба актыўна чым-небудзь займацца. На такія мерапрыемствы модна запрашаць псіхолагаў. Падчас «спартакіяды» кожны паводзіць сябе па-свойму: нехта адразу выбіваецца ў лідары, нехта псіхалагічна губляецца — за гэтым сочаць псіхолагі і на падставе назіранняў ствараюць псіхалагічны партрэт. Такое сумяшчэнне прыемнага з карысным. Ёсць і іншы папулярны від карпаратыва — «блакітныя агеньчыкі», дзе самі госці выступаюць у якасці зорак — з імі папярэдне працуюць вакалісты-прафесіяналы, акцёры і гэтак далей». Кошт такога карпаратыва пачынаецца ад 10 мільёнаў рублёў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?