Здарэнні8585

Гісторыя жахлівага забойства і бясконцай любові

Студэнт БДУ забіў няверную жонку і яе каханка.

Суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю. Прысуд — расстрэл. Жыццё мамы асуджанага цяпер праходзіць у электрычцы Маладзечна-Мінск, на якой яна возіць перадачы на Валадарку, дзе Павел чакае смерці. І прашэнні аб літасці для сына.

«Масла дазволілі!»

На сталічным вакзале мы знаёмімся з Тамарай. Да нас падыходзіць хударлявая жанчына ў ружовай кофтачцы, спадніцы ды летніх туфлях. У руках — торбы з прадуктамі і адзеннем для сына. Падхапіўшы адну з сумак, мы рушым у бок турмы на вуліцы Валадарскага. «Хутчэй, хутчэй, дзяўчаты!», — Тамара хвалюецца, каб усё паспець: перадаць рэчы ў турму, а пасля сустрэцца з праваабаронцамі.

Дзівімся, адкуль у жанчыны, якой сёлета мінуў сёмы дзясятак, столькі энергіі! «Калі вырашаецца жыццё сына, мне нельга не спяшацца!» — тлумачыць на хаду.

«Газеты можна перадаць? Не? А масла?» — пытаецца яна ў акенцы ля ўвахода ў турму. Пасля радасна звяртаецца да нас: «Масла дазволілі! Дзяўчаткі, можа б вы збегалі ў краму, узялі два пачкі?»

Разабраўшыся з маслам, праводзім Тамару ў змрочны пакойчык, дзе прымаюць перадачы. Перад ёй у чарзе чалавек дваццаць.

Па чатырох артыкулах

Гродзенскі абласны суд сёлета прызнаў 23-­гадовага Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах: забойства дзвюх асобаў з асаблівай жорсткасцю, здзек з трупаў, крадзеж і яшчэ крадзеж асабістых дакументаў. Прысуд не стаў нечаканасцю — расстраляць. Беларускія суды штогод выносяць два­тры такія выракі. Пасля гэтага Еўрасаюз прымае дзяжурную дэкларацыю аб недапушчальнасці смяротнага пакарання — Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ расстрэльваюць. А родныя злачынцы б’юць у званы, спадзеючыся адмяніць выкананне прысуду. Хоць спадзеву на памілаванне няшмат.

У апошнія гады ніводнаму з «расстрэльнікаў» пакаранне не было замененае на пажыццёвае зняволенне.

Матчынаму сэрцу не вытрываць

У кожнага з забойцаў, асуджаных на расстрэл, свая гісторыя.

Павел — студэнт гістфака БДУ, які сёлета мог бы стаць выпускніком, музыка, малады сем’янін. «Не быў, не знаходзіўся, не прыцягваўся».

Тамара Сялюн запрашае нас у Вілейку — звадзіць у школу, дзе вучыўся яе сын, у мясцовую бібліятэку… А калі б час дазваляў, далібог, усю Вілейку б уздоўж і ўпоперак абышлі. Так яна хоча, каб журналісты пагутарылі з людзьмі, якія ведалі яе сына. Бо тыя не могуць сказаць пра Паўла ніводнага дрэннага слова.

«У школе быў нармальны, спакойны. Захапляўся гісторыяй, шмат чытаў. Што потым здарылася… Не дай Божа гэта асуджаць. Матчынаму сэрцу цяжка такое вытрымаць», — кажа Лілія Маслоўская, класная кіраўніца Паўла, ледзь стрымліваючы слёзы.

«Не разумею, як такое магло здарыцца. Для мяне гэта нонсэнс. Я яго памятаю зусім з іншага боку», — пацвярджае Вольга Якаўлева, настаўніца па класе баяна.

Добрую характыстыку для суда напісаў і адзін з выкладчыкаў гістфака БДУ.

Салідарнасць і абыякавасць

Сваіх двух сыноў — блізнятаў Паўла і Андрэя — Тамара нарадзіла ў 37 год. Яна позна выйшла замуж, муж быў на пяць год маладзейшы. Аднак шлюб доўга не пратрымаўся. Спачатку гадаваць дзяцей дапамагалі бацькі Тамары. Калі іх не стала, даводзілася спраўляцца самой, на заробак выкладчыцы каледжа. На дапамогу былога мужа ні тады, ні цяпер разлічваць не даводзілася.

Пенсія ў Тамары — 1,6 мільёна рублёў, большасць грошай ідзе на перадачы сыну ў турму. Цяпер прасцей: ён у Мінску, а раней трэба было ў Гродна дабірацца.

Жанчына бязмежна ўдзячна ўсім тым, хто ёй дапамагае. Калі здарылася бяда, сяброўка падарыла мабільнік. Хтосьці грошы прыносіў — «каб ездзіла да сына».

Праўда, шмат хто ў горадзе ад яе адвярнуўся. Робяць выгляд, што не бачаць — у лазні, на вуліцы. Таммара ўзгадвае, што балюча было чуць ад людзей нетактоўнае: «А гэта ў цябе здарылася?

Любоўны трохкутнік

Што ж здарылася ў адной з гродзенскіх кватэр у жніўні мінулага года, пасля чаго расплочвацца давялося ўсім — і удзельнікам канфлікта, і іх блізкім?

Павел жыў у Мінску. Там і вучоба, і праца. Каб забяспечваць і сябе, і маладую жонку Вікторыю, ён уладкаваўся грузчыкам.

Ажаніліся яны яшчэ ў лістападзе 2011. Тамара Сялюн толькі праз паўгода даведалася аб існаванні нявесткі, а пабачыць яе так і не паспела…

Знаёмыя дзяўчыны кажуць, што адносіны ў маладых не клеіліся. Паўлу зносіла дах ад кахання, а жонцы падабаўся іншы. Адносіны з мужам яна лічыла памылкай.

1 жніўня 2012 Вікторыя пакідае на старонцы «Укантакце» допіс: «Еду ў Гродна». Праз некалькі дзён Павел прыязджае на гродзенскую кватэру, каб «праверыць» жонку, і бачыць яе з іншым мужчынам. Прычым яе каханкам аказваецца… блізкі сябар Паўла. Менавіта да Аляксея і прыехала Вікторыя.

Раз’юшаны муж забівае абоіх, але не спыняецца на гэтым. Павел рэжа на кавалкі цела гаспадара кватэры і выкідае ў сметніцу побач з домам.

Ён праводзіць на месцы жахлівага забойства два дні, пасля гэтага для чагосьці забірае з сабой дакументы і… галаву Аляксея. З гэтым «трафеем» Паўла і затрымалі ў Ваўкавыску, у цягніку на Мінск.

Расследаванне справы цягнулася 5 месяцаў. Следства прызнала, што Павел Сялюн не дзейнічаў у стане афекту і ўсведамляў свае дзеянні падчас злачынства.

«У адной з газет прадстаўнік следства заявіў, што адзіны, хто ведае, што насамрэч адбылося ў дзень злачынства, гэта сам злачынца. Салідарны. Я ведаю, за што закрыты», — гэта цытата з ліста Паўла на волю.

Пад гукі чорнага металу

Каб лепш зразумець псіхалогію мужа­забойцы, трэба сказаць колькі словаў пра ягоныя інтарэсы і асяроддзе, у якім ён бавіў вольны час.

І злачынца, і ягоныя ахвяры былі прыхільнікамі цяжкай музыкі і ўдзельнікамі беларускай блэк­метал сцэны. Пад лэйблам «Morak Prod.» Павел выдаў некалькі альбомаў метал­гуртоў. Музыкі ведаюць яго па мянушках «Смутак» і «Цемрашал». Апошні дыск пад лэйблам «Морак» выйшаў, калі Цемрашал ужо сядзеў у турме.

Пэўны час ён быў рэдактарам часопіса аб славянскай экстрэмальнай музыцы «Змрок», пасля выдаваў і свой часопіс.

Са школы цікавіўся акультнымі і сатанісцкімі плынямі. Гэта дало падставы некаторым экспертам назваць забойства «сатанісцкім». Ці звярталі ўвагу сябры на яго спецыфічныя інтарэсы? Так, але думалі, што гэтыя захапленні ён перарасце.

Ягоны былы сябар Аляксей быў вядомы пад мянушкай «Кронум». Ён таксама меў свой лэйбл «Omega Prod.», вядомы на міжнароднай блэк-­метал сцэне.

Вікторыя таксама цікавілася гэтай субкультурай, дапамагала Паўлу з працай. Знаёмыя расказваюць, што яна была мастачкай.

Жнівеньскія падзеі актыўна абмяркоўваліся на адным з англамоўных форумаў, прысвечаных блэк­металу: «Шчыра кажучы, Смутак заўсёды выглядаў больш як чалавек, які ў такой сітуацыі здзейсніць суіцыд, чым прынясе шкоду іншым. Але тое, што здарылася, пацвярджае, што выгляд падманвае», — пісаў адзін з ягоных знаёмых.

«Толькі не пазбаўляйце жыцця»

17 верасня Вярхоўны суд разгледзеў касацыйную скаргу Паўла і пакінуў вердыкт суда ніжэйшай інстанцыі ў сіле. Гэта значыцца, што цяпер змяніць прысуд можа толькі Аляксандр Лукашэнка.

Тамара Сялюн пагаджаецца, што тое, што зрабіў яе сын — жудасна. Але яна ўпэўненая, што ў нашай краіне павінна быць адменена смяротнае пакаранне. Яна ўзгадвае, што яшчэ на рэферэндуме ў 1996 галасавала за адмену расстрэлаў.

«Мой сын не зацяты бандыт. Але нават самаму зацятаму я б не пажадала, каб яго забілі. Хай працуе, пажыццёва выплочвае грошы… Толькі не пазбаўляйце жыцця», — просіць яна.

Яна напісала ўсім, каму магла, у тым ліку мітрапаліту Філарэту.

Зараз яе галоўная мэта — дамагчыся, каб сына пакінулі ў жывых. «А потым?.. Які б тэрмін яму ні далі, я дачакаюся, калі яго вызваляць. Спадзяюся на гэта».

Каментары85

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі6

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным31

«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры15

Канал «Россия» расказаў, як сямейная пара расейцаў з тату на твары пакутуе ў Польшчы. А гэта беларусы, і ў іх усё добра10

«Змагацца за сваё жыццё кожны чортаў дзень». Амерыканскі рэпер вагой 220 кг выйшаў на сцэну з кіслародным балонам ФОТЫ1

Галоўчанка растлумачыў, чаму 3 студзеня не зрабілі выхадным днём

«У Грузіі няма зацэментаванай аўтарытарнай дзяржавы з жорсткай вертыкаллю». Беларус расказаў, у чым спецыфіка грузінскіх пратэстаў

Былы генсак НАТА заклікаў Украіну адмовіцца ад тэрыторый дзеля міру12

Ахоўніку ў Хойніках дапамог адбіцца ад ваўка ролік у TikTok. Міліцыянеры застрэлілі драпежніка з восьмага разу4

У Гомелі адкрылі беларускамоўны фаст-фуд15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі6

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →