«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў
Мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, у мінулым — набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі туз, даў вялікае інтэрв'ю расійскаму «Форбсу». У галантна сфармуляваных выразах там ён прадракае заняпад Расіі і Беларусі ў выпадку, калі цяперашні курс працягнецца.
«Людзі майго пакалення выраслі ў перыяд «адлігі» гарбачоўскай. Мы былі маладыя людзі. Калі я прыйшоў у вытворчасць (калі скончыў інстытут), літаральна праз 2—3 гады прыйшла «адліга». Пачалася арэнда, арэндныя прадпрыемствы, малыя прадпрыемствы, прыватныя», — згадвае Міхаіл Гуцэрыеў у інтэрв'ю ютуб-каналу Forbes.
А да гэтага, як адзначае алігарх, быў «час шэрых людзей», пры якім
«забівалі ініцыятыву, калі ты не быў шэрым»
«Ты мог быць шэрым, светла-шэрым. Ты мог быць шэра-карычневым. Ты мог быць шэра-зялёным, але ты абавязкова мусіў быць шэрым. Калі ты выходзіў з гэтай шэрай масы шэра-зялёных, шэрых людзей, шэра-карычневых, чырвоным станавіўся, ці белым (крый божа), ці станавіўся блакітным (колерам), то ты быў вораг гэтай краіны. Ты быў вораг гэтых людзей, якіх большасць была шэрых, [калі] трохі выдзяляўся».
«Гэта такі час быў. Час шэрых людзей, якія трымалі [краіну]. Таму краіна і развалілася», — адзначае Гуцэрыеў і згадвае, што калі ў часы перабудовы ў свае 27 гадоў пачаў займацца вытворчасцю, на яго напісалі 188 ананімак.
«На мяне пісалі. У Народны кантроль СССР, прыязджала камісія, ЦК КПСС. Пісалі ўсім, каму толькі не пісалі. Гарбачову пісалі. Камітэт народнага кантролю [СССР]. Мясцовы ўжо стаміўся правяраць. Прыходзілі камісіі, апытвалі людзей. Яны пісалі, што я злодзей, што я прайдзісвет, што я разбазарваю сацыялістычную маёмасць. АБХСС [Аддзел па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай маёмасці] гэта былі як добры дзень».
Па словах алігарха, калі ў 1988 годзе «Гарбачоў адмяніў ананімкі», ён на радасцях «напіўся, проста да бяспамяцтва».
Ён нагадвае, якім бедным і бязрадасным было жыццё ў Савецкім Саюзе: «Было тры гатункі, тры гатункі кілбасы і тры гатункі гарэлкі», а «каб выехаць за мяжу, трэба было вытрымаць прыніжальную працэдуру». Гуцэрыеў лічыць прыхільнікаў аднаўлення СССР або неразумнымі, або крывадушнікамі.
«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але жыць хочуць як сёння. Каб была каўбаса. Каб была гарэлка. Каб было адзенне імпартнае. Каб было ўсё даступна. Каб можна было выехаць за мяжу, але каб было як у Савецкім Саюзе — ільготы, датацыі. Разумееце? Піянерскія гальштукі. Гэтага ўжо не будзе».
«І калі выехалі… Па розных прычынах, па розных прычынах…»
Гуцэрыеў у мякка сфармуляваных выразах ацаніў сітуацыю ў расійскай эканоміцы як крытычную.
Так, ён прызнаўся, што ў актуальнай сітуацыі ў Расіі ён увогуле нічога не набывае. Цяпер яго кампаніі працуюць проста над тым, каб знізіць даўгавую нагрузку.
«Пры такіх стаўках нешта набываць — гэта глупства. Пры такіх курсавых розніцах у скачках курса — сёння курс 85, а праз 3 месяцы 100 — гэта смешна нешта купляць і набываць. Уся задача сёння, у перыяд такі — зніжэнне даўгавой нагрузкі. (…) Ёсць эканамічныя перадумовы да таго, каб сёння нічога не набываць».
Гуцэрыеў прызнаецца, што яго будаўнічыя кампаніі адчулі дэфіцыт кадраў. Ён між словаў намякае, што гэта звязана з вайною.
«Мы гэта моцна, яскрава адчулі на будаўніцтве. У будаўнічых кампаніях нашых. У прыватнасці ў дэвэлапменце, будаўніцтве нафтаперапрацоўчых заводаў. У нас пастаянны дэфіцыт [кадраў]. Нам даводзіцца ездзіць нават часам у іншыя краіны шукаць зваршчыкаў, шукаць там слесараў, токараў высокакваліфікаваных».
Алігарх сцвярджае, што сам адпраўляў людзей на пошукі кваліфікаваных кадраў і вымушаны быў у разы падымаць заробак: «Асабіста я адпраўляў людзей. Яны дамаўляліся і прывозілі. Прыязджалі для нейкіх пэўных работ слесары, мантажнікі і зваршчыкі. Прычым даводзілася ім паднімаць заробак і не ў адзін, і не ў два, і не ў тры разы, каб іх прывезці».
Гуцэрыеў звяртае ўвагу, што губляецца пераемнасць вопыту паміж пакаленнямі, што ў будучым будзе ўплываць на якасць работ: «Гэта вялікая праблема, якая і далей, і далей і далей будзе ўплываць, прычым вельмі моцна будзе ўплываць на якасць будаўніцтва, на тэрміны будаўніцтва, на досвед. Ён жа эмпірычны, яго трэба ж перадаваць. Старэйшае пакаленне малодшаму. Гэта павінна быць. Так было заўсёды», — адзначае алігарх і прыводзіць у прыклад тое, што цяпер у Беларусі замоўчваецца: як савецкія рэпрэсіі разбуралі эканоміку.
«У 1944 годзе, калі выселілі чачэнцаў і інгушаў, там была вялізная рымарская вытворчасць, вырабы з металу, вырабы з каменю. І калі выселілі, разаслалі ў розныя тэрыторыі Казахстана, Сібіры, Кіргізіі, Узбекістана, людзі старэйшага пакалення памерлі. А моладзь трапіла ўжо ў іншыя тэрыторыі, у іншыя культуры, нацыянальныя.
І калі вярнуліся праз 20 гадоў, немагчыма было адрадзіць. І толькі ў 1985 годзе была пастанова Саўміна Чачэна-Інгушэціі аб адраджэнні народных промыслаў чачэна-інгушскага народа. І толькі тады пачыналі. Вы разумееце, не было вопыту перадаць старэйшаму малодшаму».
Па словах Гуцэрыева, падобная сітуацыя назіраецца і цяпер: «Зваршчыкі, старэйшае пакаленне рыхтуюць малодшых, і гэта павінна ісці. І калі выехалі…
Здавалася б, зваршчык. Усе кажуць праграміст, усё кажуць начальнік, усё кажуць юрыст. Але сёння зваршчык больш каштоўны, чым юрыст і праграміст.
Гэта дакладна. Сёння зваршчык высокакваліфікаваны ў Расіі нашмат больш каштоўны і паважаны для мяне, і патрэбен мне, таму што я чалавек развіцця. Я чалавек мадэрнізацыі пастаяннай. Я чалавек прагрэсу. Я ўвесь час іду ў нагу з часам. Ва ўсім. Пачынаючы ад адзення, дызайну і гэтак далей. І каб гэта рабіць, робяць жа людзі, а не грошы. Грошы рухаюць таварныя патокі, ну а ствараюць людзі.
І гэтыя людзі павінны быць кваліфікаванымі. А іх, на жаль, сёння па розных прычынах, па розных прычынах стала менш і кваліфікацыя іх вельмі нізкая», — гаворыць ён з празрыстым намёкам на вайну і масавую эміграцыю.
«Тэлевізар палітызаваны. Нецікава глядзець навіны»
Міхаіл Гуцэрыеў асудзіў таксама цэнзуру ў СМІ.
«Тэлевізар палітызаваны. Нецікава глядзець навіны. У інтэрнэце шмат фэйкаў, шмат паскудства, якая няпраўда. І гэтаму верыць? Смешна», — наракае алігарх і заўважае:
«Увогуле, усё стала смешным. Сур'ёзных людзей знайсці, з якімі сур'ёзна пагаварыць аб сур'ёзных справах. Аб будаўніцтве новага завода ў полі, як мы будуем, коштам некалькі мільярдаў. Аб будаўніцтве бізнес-цэнтра коштам 200 мільёнаў долараў. Не засталося.
Не засталося будаўнікоў, якія такое своечасова якасна пабудуюць. Не засталося банкіраў, якія могуць: «Бяры грошы пад 25 [працэнтаў]». Загадзя ведаеш, што гэта не аддаецца пад 25. Жадаеш — бяры. У заставу давай.
«Мы гэта бачылі. І зноў паўтараецца»
І гэта ўсё робіцца смешным. Таму ў гэтай смешнай абстаноўцы я не хачу развівацца. У гэтай смешнай абстаноўцы мы зніжаем доўг. (…) У гэтай абстаноўцы ніякага развіцця няма.
Дый не садзейнічае сённяшняя [сітуацыя]. Калі не льгатаваныя, то вы нічога не можаце пабудаваць. Праблемы з чыгункай, праблемы з перавозкамі, праблемы штодзень».
У інтэрв'ю Гуцэрыеў крытыкуе планы прыняцця новых забараняльных і абмежавальных законаў і выцісканне людзей за мяжу рэпрэсіямі:
«Шмат законаў ёсць, якія абараняюць тую частку насельніцтва, якая мае патрэбу. Але забараняць, не пускаць, мы ўжо гэта бачылі, гэта прывядзе да стагнацыі, гэта прывядзе да адтоку насельніцтва думаючага, мыслячага.
Калі мы зараз пачнём далей «замежны агент».
Шмат выехала вельмі таленавітых людзей. (…) Шмат харошых, таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Але іх чамусьці выганяюць, выціскаюць. Ужо паўтарэнне вопыту. Мы гэта бачылі па савецкіх гадах. І зноў паўтараецца».
Алігарх Гуцэрыеў расказаў, як расчараваўся ў Захадзе: Пасля 2022 года я нібыта зняў шоры з сябе
Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў
Гуцэрыеў хацеў здаць Лукашэнку і Пуціна амерыканцам. У абмен на зняцце санкцый
Пратасевіч: У нас у цэху мужыкі-зваршчыкі зарабляюць па 9-10 тысяч рублёў
Каментары
П.с. Спасылачку пра зваршчыка Пратасевіча вы добра дадалі. Спадзяюся, Рома з Мішам знойдуць адно аднаго.