Сёння раніцай, у 7:30, памёр паэт Генадзь Бураўкін. Апошнія месяцы ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Генадзю Мікалаевічу было 77 гадоў. Ён памёр у сваёй кватэры.
Пра месца развітання і пахаванне будзе вядома пазней, паведаміла «НН» кіраўнік ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.
***
Генадзь Бураўкін: «Усе ведалі, што я «кадр» Пятра Машэрава»
***
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».
З'яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.
У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, моцна паспрыяў збліжэнню беларускай эміграцыі і метраполіі.
У 1993 г. звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994—1995, быў намеснікам міністра культуры і друку.
Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газеце ў 1952. Пазней выйшлі яго кнігі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978), «Гняздо для птушкі радасці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), кніга «Выбранае» (1998).
Генадзь Мікалаевіч — аўтар многіх кніг паэзіі, песні на словы ягоных вершаў спявае не адно пакаленне беларусаў, а пад «Калыханку» Бураўкіна маленькія беларусы засынаюць ужо больш за дваццаць гадоў
Каментары