Грамадства22

Вуліца Барадуліна, якой яшчэ няма ФОТА

На даляглядзе — хаты былой вёскі Арэхава.

Вуліца, якую вырашана назваць у гонар народнага паэта Беларусі, у Віцебску толькі запраектаваная. Пакуль што тут чыстае поле. Зь вельмі цьмянымі пэрспэктывамі забудовы.

Рашэньне назваць адну з вуліц у раёне прыватнай катэджнай забудовы Арэхава імем Рыгора Барадуліна было прынята Віцебскім гарвыканкамам 25 сакавіка. У гэтай даце можна было б убачыць аптымістычны сымбалізм, калі суаднесьці яе з гістарычным Днём Волі. Аднак суадносіць даводзіцца з рэчаіснасьцю, а яна зусім не такая ўрачыста-сымбалічная.

«Вуліца Рыгора Барадуліна» запраектаваная на ўскраіне Віцебску, у раёне невялікай вёскі Арэхава, побач з могілкамі. Калісьці гэта былі вясковыя могілкі, а цяпер — гарадзкія, вялікія — на ўвесь бераг Дзьвіны. Дый сама вёска з 2004 году ўваходзіць у склад гораду.

Наглядчыца могілак нават ня можа дакладна паказаць, куды прыехаць, каб убачыць месца будучай катэджнай забудовы. Хоць сама яна якраз з Арэхава. Распавядае, што сюды 5 разоў на дзень ходзіць маршрутка, на якой можна дабрацца на працу ў горад. Пра «навасёлаў» спадарыня ня чула, яна махае рукой удалячынь і раіць кіравацца туды, дзе на даляглядзе сканчаюцца вясковыя хаты:

«Не, ніхто тут не сяліўся. Я нешта такое чула, што ніяк ня могуць выбраць назвы для вуліц. Едзьце па гэтай дарозе направа, яшчэ направа і потым налева. Там будуць палі, напэўна, там трэба будаваць. Цяпер гэтая вёска — у Першамайскім раёне, насельніцтва ня менш як 200 чалавек, 105 двароў. Двойчы на тыдзень прыяжджае аўталаўка. Але як нехта будзе будавацца тут, то і свая крама, напэўна, будзе».

Дарога да вёскі

Тут, на паўднёва-заходняй ускраіне Віцебску, вельмі маляўнічыя мясьціны — высокае ўзьбярэжжа Дзьвіны, побач батанічны заказьнік «Чортава барада». Праўда, ён выглядае занядбаным, затое вельмі цікавы для аматараў анамальных зьявішчаў — кажуць, тут такія здараюцца. А яшчэ — для аматараў старажытнай гісторыі: паводле легендаў, тут было паганскае капішча, расла дуброва, і быў у ёй дуб-волат, які лічыўся сьвятым. Яшчэ ў заказьніку бывае шмат грыбоў, мясцовыя зьбіраюць.

Батанічны заказьнік «Чортава барада».

Але для тых, хто падобную рамантыку ня лічыць вызначальным фактарам, гэты раён мала прывабны: тут няма ні інфраструктуры, ні добрага транспартнага злучэньня.

У заказьніку. Від на Дзьвіну

Апрача маршруткі № 44, якая ходзіць у вёску 4–5 разоў на дзень, можна скарыстацца іншым маршрутам: даехаць на аўтобусе да канцавога прыпынку «Рачны порт». Потым кілямэтры два ісьці ўгару ўздоўж могілак і незасеяных палёў, ператвораных у сьметнікі.

Тут і пачынаецца цэнтральная вуліца

90-гадовая спадарыня Ганна жыве на цэнтральнай вуліцы вёскі Арэхава. Вуліца так і называецца — Арэхаўская. Жыве тут з 1939 году, калі вёска пачала разбудоўвацца. Бабуля таксама спрабуе дапамагчы вызначыцца на мясцовасьці зь лякалізацыяй будучай катэджнай забудовы:

«Гэта па дарозе і пад лес туды. Гавораць, нібыта там будуць будаваць, але ці праўда, ці не — ня ведаю. Пакуль нічога тут такога няма. У адзін канец вёскі — дык там Віцебск, а ў другі — там Дзьвіна. А тут жа лясы былі, на гары сосны расьлі прыгожыя. А грыбоў колькі было! І фанэрны завод толькі сярод лесу…»

Спадарыня Ганна, карэнная жыхарка Арэхава

Спадарыня мяркуе, што катэджы будуць там, дзе цяпер поле — улева ад скрыжаваньня Арэхаўскай вуліцы з вуліцай Яснай. Аказваецца, ёсьць тут такая.

Ясная вуліца

Гэтыя мясьціны добра ведае актывіст Барыс Хамайда, ён жыве недалёка і любіць тут шпацыраваць. Аднак зьвесткі пра тое, што недзе тут будзе вуліца Рыгора Барадуліна, спадар Хамайда ўспрыняў вельмі скептычна:

«Я тут раніцай прагульваюся, штодня дзесьці з траўня і да восені. Кілямэтры 4–5 пехам хаджу. Але тут жа поле! Тут праўда сканчаецца жыцьцё — могілкі, ускраіна гораду. А вялікаму паэту трэба ўсё ж рабіць вуліцу бліжэй да цэнтру. А ў нас там Кірава, Леніна, Урыцкага, Суворава. Беларускага ж клясыка — сюды, на ўскраіну запхнулі. Я лічу, што гэта ўвогуле зьдзек! Ці хаця б вось гэтую вуліцу перайменаваць. Яна ўжо забудаваная, а што за назва — Ясная, а далей ідзе Расьсьветная… Размова ж пра беларускага клясыка, паэта! Гэта ж ня проста так! Нас забудуць, а ён павінен жыць вечна, пакуль ёсьць Беларусь і беларускі народ!»

Барыс Хамайда: Беларускага клясыка — сюды, на ўскраіну запхнулі. Гэта зьдзек!

 

Сёньня вуліца Рыгора Барадуліна — гэта пустое месца, дзе запраектаваныя 24 участкі памерам 1 гектар пад прыватнае будаўніцтва. І ўсяго на чатыры зь іх пададзеныя заявы ад ахвотных будавацца.

Колішняя вёска Арэхава, у полі за якой можа зьявіцца вуліца Барадуліна

Пляны зрабіць тут асобны раён катэджнага жытла — ужо даўнія: яшчэ ў 2013 годзе праводзілася грамадзкае абмеркаваньне праекту будучай забудовы. Але папулярным у гараджан гэтае месца ня стала.

Месца шмат, але ахвотных будавацца няма

Дарэчы, апрача вуліцы Рыгора Барадуліна, у раёне Арэхава запраектаваныя вуліцы імя Лазара Лагіна, стваральніка папулярнай казкі «Стары Хатабыч», і імя Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тараса на Парнасе». Але на сайце Віцебскага гарвыканкаму, у пераліку вольных для забудовы ўчасткаў, гэтае прозьвішча напісана па-расейску зь дзьвюма памылкамі. Што ж будзе, калі дойдзе да вулічных шыльдаў? Але загадваць так далёка не выпадае: ніводнай заявы ад ахвотных займець тут жытло дагэтуль няма.

Хто такі «Верініцын»?

Вуліца Рыгора Барадуліна, хоць у праекце, першай зьявілася ў Віцебску. Летась у ліпені на малой радзіме паэта, у Вушачах, мясцовыя ўлады абяцалі перайменаваць у гонар Барадуліна Школьную вуліцу. Але гэтага так і не адбылося. На Школьнай вуліцы стаіць хата дзядзькі Рыгора, і мясцовыя жыхары вельмі прыхільна паставіліся да ініцыятывы перайменаваньня. А ў Вушацкім райвыканкаме кажуць, што «перадумалі»: замест перайменаваньня вырашылі надаць імя паэта земляка якой-небудзь новай вуліцы ў райцэнтры. Калі гэта будзе — ніхто ня кажа. Не ўвасобілася ў жыцьцё і наданьне імені Рыгора Барадуліна вушацкай школе. Гэта другое няспраўджанае абяцаньне, дадзенае ўладамі летась. Тады на сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што ва Ўшачах гатовыя ўшанаваць памяць Барадуліна ў адказ на шматлікія звароты і просьбы жыхароў Віцебшчыны. Цяпер гэтая абвестка зьнікла з сайту аблвыканкаму.

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць6

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Усе навіны →
Усе навіны

Канстанцін Меладзэ абвясціў пра закрыццё праекта «ВІА ГРА»3

Расійскія ІТ-асацыяцыі просяць Пуціна абараніць «Лесту» ад нацыяналізацыі

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця90

На мяжы Беларусі і Украіны праходзіць найбуйнейшы абмен палоннымі ў фармаце 1000х10008

«Мы ўсе рускія». Дэпутат Дзяржаўнай думы заявіў, што мэта вайны — стварыць адзіную дзяржаву Расіі, Беларусі і Украіны25

На пажары ў Камянецкім раёне загінулі двое дзяцей

У Расіі мама папрасіла знаёмага ўтапіць сваю 12-гадовую дачку, бо тая кепска сябе паводзіла1

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць14

Схемы, па якіх дзейнічае ГБ. Выйшла расследаванне пра піцерскіх сексотаў ФСБ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць6

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць