«Гэта вайна і акупацыя краіны»: у Мінску прайшоў народны сход супраць расійскай авіябазы ВІДЭА
Сёння на плошчы Свабоды ў Мінску, каля Ратушы, прайшла акцыя пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы. На яе сабралася каля 500 чалавек.
18:05
Цяпер удзельнікі сходу спяваюць «Пагоню» на словы Багдановіча. Сход скончыўся. Людзі разыходзяцца. Плошча пусцее. Палітыкі раздаюць інтэрв'ю журналістам. Акцыя скончана.
18:01
На плошчы з суседняга сабора забілі званы (там пачалася служба). Людзі пачалі маліцца, спяваюць «Магутны Божа». Частка людзей сыходзіць у касцёл, дзе мае адбыцца «Малітва за Беларусь».
Сярод удзельнікаў сходу — мастак Алесь Пушкін. З ім усе вітаюцца. Прыйшлі таксама Аляксандр Мілінкевіч з жонкай.
17.57
Слова зноў бярэ Статкевіч: «Калі б у народа была ўлада, ці дазволіў бы ён тут расійскія базы? Не! Але ў нас забралі ўладу, і мы коцімся ўніз. У народа няма ўлады».
Статкевіч запрашае ўсіх 10 кастрычніка, у 17:00, прыйсці на апошні перадвыбарчы сход у Мінску, каб вырашыць, што рабіць далей. Калі нас будзе многа, мы пяройдзем у іншае месца, кажа ён, і тады мы вырашым, што рабіць 11 кастрычніка.
Статкевіч дзякуе людзям, што прыйшлі на плошчу, а таксама называе клоўнамі тых палітыкаў, хто заклікае ісці на выбары.
17:55
Аляксей Марачкін: «Мне 75 гадоў, я прыйшоў сюды супраць баз, на мірны пратэст, а на мяне складаюць пратакол. Абсурд нейкі».
Някляеў: «Марачкін — адзін з выбітных мастакоў, найлепшы сын народа, а на яго нейкія маладзёны складаюць пратакол. Ну што гэта робіцца, людцы?»
17.47
На пытанне Сіўчыка, хто б мог стаць новым лідарам нацыі, хто б замяніў Лукашэнку, людзі скандуюць: «Мікола, Мікола».
Сіўчык выступае досыць працягла і палка. Перад ім стаяць два міліцыянеры. Урэшце ўсё сканчаецца складаннем на яго пратаколу.
17.46
На плошчы прысутнічаюць супрацоўнікі місіі АБСЕ ў Беларусі.
17.42
Слова ўзяў грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык. Кажа, што яго не было ў краіне 5 гадоў, а Беларусь за гэты час моцна змянілася.
Жанчына, якая трымае плакат «Нам трэба мірнае неба», зазначае ў каментары НН, што не жадае, каб над яе галавой лёталі вайсковыя самалёты, вось таму яна і прыйшла на плошчу.
Зміцер Дашкевіч: «Галоўнае не дапусціць, каб вайна прыйшла ў наш дом».
17.38
Статкевіч заклікае далучацца да руху Някляева.
Някляеў звяртаецца да людзей, што прыйшлі на плошчу. Ён кажа, што кожны з тых, хто прыйшоў на акцыю, можа стаць удзельнікам гэтага руху. «Дзякуй усім вам», — кажа ён. Людзі вітаюць яго: «Жыве Беларусь».
Таксама прысутныя перыдычна ладзяць абструкцыю людзям у цывільным і міліцыянерам: «Ганьба! Ганьба!» — гукаюць яны.
17:28
Някляеў абвяшчае пра стварэнне свайго руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Абвяшчаецца, што ў раду новага руху ўвойдуць экс-палітвязень Юрый Рубцоў, мастак Аляксей Марачкін, актывіст з Кобрына Алесь Мех.
Нейкі правакатар імкнецца перакрычаць Някляева. Але Уладзіміра Пракопавіча так проста не перакрычыш.
Прыйшоў хлопец з украінскім сцягам. «Я — грамадзянін Украіны, з Сумаў. Я ведаю, што Расія натварыла на маёй радзіме, і не хачу, каб гэта паўтарылася ў Беларусі», — кажа ён.
17:26
Людзі скандуюць «Не чужым вайсковым базам» і «Жыве Беларусь».
17:24
На плошчы цяпер каля 400—500 чалавек. Атмасфера не напружаная, разняволеная.
Удзельнікі ж сходу скардзяцца, што варта адысці на некалькі дзясяткаў метраў ад прамоўцаў і нічога не чуваць. Вынік таго, што ў апазіцыі канфіскуюць любое гукаўзмацняльнае абсталяванне.
17:18
З'явіўся нейкі дзіўны чалавек, які перыядычна задаецца пытаннем: «Што трэба рабіць, што трэба рабіць?».
17:17
Аляксей Янукевіч (партыя БНФ) кажа: «Мы павінны ўсе заявіць, не — расійскай базе». На плошчы каля 400 чалавек. Лунае дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў, сцягі ЕС, сцягі АГП.
Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду») заявіў, што расійская база — гэта першы крок да з'яўлення зялёных чалавечкаў, якія захопяць уладу ад выканкамаў да Мінска.
17.09
Лябедзька кажа: «Нас усіх уразіў здымак з Нью-Ёрка. Хто самы сумны міністр у свеце? Хто гэта? Гэта Макей. Мы не пачулі з вуснаў Лукашэнкі, ні з вусняў Макея пытанні аб бяспецы, што тут рабіць».
«Будапешцкі мемарандум не абараніў Украіны, не абароніць і Беларусь. Ні Лукашэнка, ні Макей, ні Коля не сказалі пра гэта ў Нью-Ёрку», — рэзюмаваў Лябедзька.
«Калі вы з'явіцеся на выбарчых участках 11 кастрычніка, то вы даяце карт-бланш на размяшчэнне вайсковых базаў. Ні ў якім разе нельга хадзіць на ўчасткі», — заяўляе лідар АГП.
17.08
Выступае Мікола Статкевіч: «Дыктатура — гэта пагроза, — кажа ён. — Дыктатура штурхае нас да глабальнай вайны. Лукашэнка — гэта вайна», — кажа ён. «Не — вайне!»
17.05
Някляеў: «Вітаю ўсіх, хто прыйшоў на пляц Волі сказаць «не» расійскім базам. Небяспека не казачная, не фантастычная. Калі б не было прыкладу Украіны, Данбаса, то можна было б казаць, што, ну што такога, ну паставяць базы. Шмат у свеце чужых баз. Але ў Крыме была расійская база, адкуль захапілі частку тэрыторыі Украіны. Калі там было такое, то чаму ў нас не можа быць такога?»
«З таго боку адкуль нас збіраюцца абараняць, на нас не нападуць. Ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не будуць на нас нападаць. Мы не павінны дапусціць».
17.01
Людзі ідуць да адваротнага боку Ратушы, як і тыдзень таму. Анатоль Лябедзька ўзяў мегафон.
Жанчына выбачаецца, што адказвае НН па-руску: «Я супраць баз, бо бачу, што адбываеццца гібрыдны захоп Беларусі, як было з Крымам. Размяшчаючы базу, мы губляем свой суверэнітэт», — кажа яна.
16.59
Зараз на Плошчы каля 200 чалавек. Шмат народу з бел-чырвона-белымі сцягамі, шалікамі. Некалькі чалавек з самаробнымі плакатамі. Прыйшоў Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Анатоль Лябедзька.
16:51
Лукашэнка быў спачатку супраць баз, кажа Някляеў, але Пуцін пазваў яго ў Сочы, цыкнуў, і ён пагадзіўся.
16.45
Прыйшоў на плошчу Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец.
Някляеў кажа: «Мы прыйшлі на плошчу, каб сказаць «не» парушэнню канстытуцыі, як напісана ў арт. 18. Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, а калі мы размесцім ваенныя базы, то мы губляем сваю нейтральнасць. Трэба каб гэтага не сталася».
Някляеў звяртаецца таксама да расійскіх журналістаў на рускай, каб лепей зразумелі: «Сітуацыя з базамі, як сусед прыходзіць да суседа з нажом»
16.40
На плошчы Свабоды пакуль знаходзіцца каля 50 чалавек. Людзі ў цывільным стаяць на выхадзе з метро і па перыметры плошчы.
Аўтобус з амапаўцамі таксама стаіць.
16:39
Хэштэг #noRussianBaseinBelarus у сацыяльных сетках выходзіць у топ-лідары.
* * *
«Гэта Рубікон»
«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай вайсковай базы можа быць падпісаная найбліжэйшым часам. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», — гаворыцца ў заяве над назвай «За Беларусь без чужых вайсковых баз».
Заяву падпісалі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка.
Далучыліся да заявы таксама сустаршыня хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец, актывісты «Маладога фронту» і прадстаўнікі беларускай жаночай партыі «Надзея».
Падпісанты заявы думаюць, што размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі замежнай вайсковай базы супярэчыць 18-му артыкулу Канстытуцыі Беларусі, згодна з якой Беларусь імкнецца да нейтралітэту.
Расійскі ўрад 2 верасня прыняў праект пастановы аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай авіяцыйнай базы. Паводле расійскага боку, пагадненне будзе «спрыяць арганізацыі супольнай аховы знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы».
18 верасня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне аб падпісанні пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі і даручыў Міністэрству абароны Расіі правесці з удзелам расійскага МЗС перамовы з беларускім бокам. У дакуменце сярод іншага гаворыцца: «Прыняць прапанову ўрада Расійскай Федэрацыі аб падпісанні пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пасля дасягнення дамоўленасці падпісаць ад імя РФ згаданае пагадненне, дазволіўшы ўносіць у яго праект, ухвалены ўрадам РФ, змены, якія не маюць прынцыповага характару», — гаворыцца ў распараджэнні Пуціна. Раней прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што пагадненне аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай авіябазы будзе падрыхтавана і падпісана ў камфортныя для Мінску і Масквы тэрміны.
Маладафронтаўцы прапаноўваюць удзельнікам акцыі узяць як мага больш бел-чырвона-белых нацыянальных беларускіх сцягоў. «Зробім 4 кастрычніка на плошчы Свабоды мора бел-чырвона-белых сцягоў!» — кажа Яўген Васьковіч.
Апазіцыя адзіная ў непрыманні намеру Расіі размясціць у Беларусі свае самалёты. «Гэта не проста нейкая фармальная авіябаза — гэта пэўны Рубікон, перайшоўшы які, назад вярнуцца будзе вельмі складана і каштаваць гэта будзе вельмі дорага. Мы бачым, чым абярнулася расейская марская база ў Крыме для Украіны і тым самым можа абярнуцца такая база для Беларусі», — мяркуе палітык Аляксей Янукевіч.
Глядзі таксама: Авіябаза? Залежыць толькі ад цябе
18 верасня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне аб падпісанні пагаднення паміж РФ і РБ на тэрыторыі Беларусі і даручыў Міністэрству абароны Расіі правесці з удзелам расійскага МЗС перамовы з беларускім бокам.
«Независимая газета» са спасылкай на свае крыніцы выказала меркаванне, што база запрацуе ўжо са студзеня 2016 г. у Бабруйску. Раней у якасці размяшчэння таксама называліся Баранавічы і Ліда.
Дэпутаты гатовы ўхваліць пагадненне за месяц
У сваю чаргу рашэнне аб авіябазе павінен ухваліць беларускі парламент, які сабраўся на чарговую сесію 2 кастрычніка. У планах заканадаўчай дзейнасці на кастрычнік разгляд пагаднення па авіябазе не пазначаны, але гэта можна ўпісаць асобным пунктам.
«Так, тэарэтычна гэта магчыма, — сказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня. — Бо працэдурна, я думаю, для ўсіх гэтых ратыфікацый, абмеркаванняў, падпісанняў месяц — больш чым дастаткова. У гэтым моц нашай улады — што рашэнні могуць прымацца вельмі аператыўна. І ўзгадненні праходзяць таксама хутка. Калі трэба, нарады непасрэдна ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Саўміне — вельмі хутка ўсё ўзгадняецца. Шчыльная супраца заканадаўчай і выканаўчай улады дазволіць у самыя сціслыя тэрміны прыняць неабходныя паперы».
Каментары