Стваральнік сайта 1863x.com сцвярджае, што яго арыштоўвалі, завялі крымінальныя справы
Пры гэтым ён па-ранейшаму захоўвае ананімнасць для публікі. «Show Must Go On», — адказвае ён.
На сайце 1863x.com з'явілася інфармацыя, што яго стваральнік з 5 мая да 4 чэрвеня правёў пад арыштам і на судова-псіхічнай экспертызе.
Супраць яго, піша ён, былі заведзеныя дзве крымінальныя справы — нібыта за распальванне міжнацыянальнай варожасці і распаўсюджванне парнаграфіі.
Заснавальнік вострага сайта 1863x.com, які часам публікаваў смелыя расследаванні, сапраўды не з’яўляўся ў сеціве месяц.
Персанаж, вядомы ў інтэрнэце як Jhon Silver, не выходзіў на сувязь з 4 мая. Гэтым жа днём датавалася ягоная апошняя публікацыя ў сацыяльнай сетцы Facebook. Ён аднавіў свае пасты пасля 5 чэрвеня.
Сайт вядзецца ягоным заснавальнікам на ўмовах поўнай ананімнасці — ніхто не ведае ні ягонага сапраўднага імя, ні прозвішча, ні выгляду. Таму Інтэрнэт з’яўляецца адзіным сродкам сувязі з ім. Праз яго ён трымаў сувязь з аўтарамі і даваў інтэрв’ю.
Ён застаецца ананімным і цяпер, хоць сцвярджае, што пасля завядзення другой крымінальнай справы пакінуў Беларусь. На пытанне «Нашай Нівы», чаму ён захоўвае ананімнасць, ён праз фэйсбук адказаў: «Show Must Go On. Праект задумваўся як ананімны ад пачатку і да канца. Таму, колькі змагу, столькі і буду падтрымліваць атмасферу».
Поўны варыянт артыкула-споведзі на 1863x.com чытайце тут.
Jhon Silver сцвярджае, што затрымалі яго супрацоўнікі МУС, калі ён ішоў на дзелавую сустрэчу ў Мінску. Справу вялі следчыя Следчага камітэта, допыты праводзіліся ў будынку Следчага камітэта па Цэнтральным раёне Мінска на вуліцы Сапёраў. Але ў Jhon Silver засталося ўражанне, што за справай стаяў КДБ, расказаў ён «Нашай Ніве».
Блогера спачатку абвінавацілі па 130 артыкуле КК РБ — распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце за гэты матэрыял на сайце 1863х.com, а таксама за іншыя артыкулы ў падтрымку Украіны на сайце. Следчыя інтэрпрэтавалі заклік «Забі «Рускі свет» як заклік да забойства ўсіх рускіх.
Jhon Silver піша, што баяўся за сваіх родных і нявесту — якую таксама шмат разоў дапытвалі, бо яна была адзіным сведкам ягонай дзейнасці. Ён прызнаўся, што ён і ёсць стваральнікам і адміністратарам сайта.
Пасля ягоных прызнанняў, запісаных на камеру, хлопца на месяц адправілі ў «Навінкі» на добраахвотную судова-псіхічную экспертызу. Там яму дазвалялі сустрэчы з роднымі і сябрамі, там ён і дазнаўся, што ягонае знікненне з сеціва заўважылі СМІ. Ён мяркуе, што розгалас у СМІ і дапамог яму.
Пасля месяца ў «дурцы» яго адпусцілі пад падпіску ад нявыездзе і з умовай, што ён не будзе публікаваць сапраўдныя акалічнасці свайго знікнення. Следчыя раілі яму выдумаць гісторыю, дзе б не ўзгадваліся беларускія спецслужбы.
Аднак пасля таго як ён аднавіў публікацыі 1863х.com, праз некаторы час супраць яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, за парнаграфію, якую знайшлі ў некаторых фотажабах — чужых, якія ён перадрукаваў з расійскага шавіністычнага рэсурсу ў якасці прыкладу расійскай прапаганды.
Пасля гэтага хлопец вырашыў пакінуць Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ва Украіне разам з жонкай. «Я вярнуся пры першай магчымасці», — кажа ён.
Праверыць сцвярджэнні 1863х.com не ўяўляецца магчымым, паколькі аўтар не раскрывае сваёй тоеснасці.
Каментары