«Зразумела, што я ўпаў у рэчку» — старажоўскае дзяцінства Змітра Саўкі

Са Змітром Саўкам я пазнаёмілася, калі пачала збіраць матэрыялы пра мінскую Старажоўку — раён Камсамольскага возера, царквы Марыі Магдаліны і бульвара Шаўчэнкі. У гэтым раёне, на рагу бульвара і Веры Харужай, спадар Зміцер нарадзіўся, там і пражыў усё жыццё.
Саўка, падалося, быў вельмі рады распавесці пра мясціны свайго дзяцінства. Сказаў, што ніколі раней не ўзгадваў усё так дэталёва. Першы раз сустрэча не выйшла — ліў моцны дождж: «Калі Вы настойваеце, то можам прайсціся пад парасонамі…» — прапанаваў Саўка. Але мы сустрэліся ўжо ў сонечны дзень, ля кінатэатра «Кіеў».

«Гэта быў пэўны гонар — жыць на Бульвары», — расказваў Саўка.

Ён правёў дзяцінства ў доме па Веры Харужай, 35 — гэта быў адзін з першых шматкватэрных дамоў у ваколіцах. «Дамы 33 і 35 па Веры Харужай пабудаваныя кааператывамі, большасць жыхароў — навукоўцы і работнікі Акадэміі навук. Ці не трэць жыхароў — габрэі.
Цяпер я разумею, што бацькі, магчыма, недзе заахвочвалі, каб габрэйскія дзеці гулялі разам. Кіраваць намі, канечне, было складана».
Мы многа гаварылі пра адносіны мясцовых і прыезджых, стасункі паміж суседзямі розных нацыянальнасцяў. З замілаваннем Саўка ўзгадваў толькі што заселены бульвар Шаўчэнкі:
«Па цэнтры бульвара быў «габрэйскі клюб» — дзве лавы, дзе сядзелі бабкі і размаўлялі паміж сабой на ідыш.
Пасля хто памёр, а хто з’ехаў, але ў 70-я ўсё гэта ўсё яшчэ было».
Знакамітасцю Бульвара быў Дзядзя-ў-кепцы — каля аднаго з двух гастраномаў Дзядзя пастаянна прадаваў марожанае. «Гэта быў такі «дзядзя-робат», — усміхаўся Саўка, — маўклівы, дзесяцігоддзямі ён рабіў адно і тое ж. Яго, напэўна, памятаюць усе мясцовыя дзеці».
Маці
Зміцер Саўка з мамай Аўгінняй Радзівонаўнай.
Другі раз мы сустрэліся са Змітром Саўкам праз пару тыдняў — ён прапанаваў прайсці па Старажоўцы з яго мамай, каб яна таксама падзялілася ўспамінамі. Сустрэўшыся на прыпынку «Тэатральная», пайшлі да белага дома над Свіслаччу — таго, дзе раней жыла Алексіевіч. Энергічная і аптымістычная Аўгіння Радзівонаўна Саўка працуе ў гэтым доме кансьержкай, і а 8-й раніцы якраз скончыла змену.
Месцам працы Аўгіння Радзівонаўна вельмі ганарылася: «Тут жыў амерыканскі пасол, яшчэ розныя паслы, пасол Японіі, яго жонка-італьянка і яшчэ жыве пасол Таджыкістана. Амерыканцы, калі з’язджалі, нават пакінулі ліст з падзякай: «Дарагая Яўгенія Радзівонаўна!..».

Вельмі кранальна было назіраць збоку стасункі маці і сына, любоў і блізкасць у кожным слове і жэсце. Мне запомніўся расповед Аўгінні Радзівонаўны, як яна заўжды моцна ўхутвала малога сына, пастаянна баючыся, каб той не замерз — і рэакцыю сына, які з пакорай у голасе пацвердзіў: «Так, мама мяне, канечне, вельмі цёпла апранала».
Маленства
Ранні сямейны ўспамін сям’і Саўкаў — як у іх скралі каляску, пакінутую ля дзіцячай паліклінікі (цяпер у гэтым будынку магазін праваслаўнага падарунку ля царквы Марыі Магдалены).
— Мне дзядуля з бабуляй дасталі латвійскую люльку драўляную. І аднойчы, калі мы ішлі ў дзіцячую паліклініку, мама яе пакінула ля ўваходу, і люльку скралі.
— Як укралі каляску, я цябе ў ватным адзяяле панясла. І так мне было цяжко, я думала, дзе мне сесці, каб трохі адпачыць, — Аўгіння Радзівонаўна ўсё яшчэ гаворыць сваім паўднёва-заходнім дыялектам. Я чуць прайшла той масток [цераз Пярэспу]. Не памятаю, дзе мы адпачывалі, каб цябе не ўпусціць. Ты так успацеў, што ўсё прыліпла, баялася, каб не прастудзіўся. А потым я праз кладку пабегла туды, дзе цяпер Мельнікайце, там была міліцыя — напісаць заяўленне.
— Самае цікавае, што потым яе адшукалі. Выявілася, яе скраў п’яніца, у сястры якога нядаўна нарадзілася дзіця, і ён хацеў ёй гэтую люльку падарыць.
— Так, сусед з суседам пасварыліся, з-за курэй — ад аднаго да другога хадзілі куры. А сусед ведаў, што той другі каляску ўкраў і аддаў плямянніцы. І пайшоў у міліцыю і сказаў. Я ездзіла на аўтазавод забіраць каляску. У нас увосень укралі, у верасні. Так мы зіму перазімавалі без каляскі і лета, і толькі зімою, перад Новым годам, нам напісалі пісьмо: прыходзьце па каляску. Я ездзіла забіраць.
А тады ж каляску не купіць!
Купілі дзед з бабай у камісіёнцы. Рыжская каляска была.
Пра знакавую паліклініку спадар Зміцер яшчэ ўспомніў: «У паліклініцы былі такія вітрыны, шыбы якіх уяўлялі з сябе размаляванае шкло з дыдактычнымі малюнкамі і адпаведнымі тэкстамі. Ну, напрыклад, у зайца баляць зубы, і яму трэба не бедаваць, а ісці хутчэй да доктара, каб лячыць зубы.
Калі ты хацеў належным чынам гэта разгледзець, ты ўтыкаў штэпсель у разетку, запальвалася лямпачка і падсвечвала вітрыны. Я быў малы, і сам не насмельваўся, але калі з мамай хадзіў, то ўтыкаў, разглядаў. Вельмі мне гэта запомнілася».

Найчасцей на прагулку з маленькім Змітром Саўкам маці выходзіла на былыя Старажоўскія могілкі — у парк вакол царквы Марыі Магдалены: там і зацішна, і, да таго ж, часткова ўжо быў абсталяваны сквер.
— Каля «Спартака» мы хадзілі, вельмі там добра было, крыжоў там трошкі было драўляных, але мала».


Спадар Зміцер слухаў пра гэта без замілавання — для яго дарослага тое месца найперш засталося магільнікам:
— Тут было поўна помнікаў, магілы пачыналіся ад самай царквы. Нават у 80-я гады зойдзеш — і ўсё было відно.
— Так, было поўна плітаў. Я памятаю ўдаву палкоўніка, — згаджаецца маці.





Дзяцінства
Забаўкі і гульні дзецям падказвала сама Старажоўка. Зімой хадзілі на горку ўздоўж Веры Харужай — ад Крапоткіна да Бульвара. Тады гара была значна большая, і дзеці каталіся з яе на санках.
Цяпер на тым месцы вуліца і пастаянныя заторы.
Дарэчы, і крама «Сцяжынка» на Харужай, 34 называлася адпаведна рэльефу — «На горцы»: «Калі ў гастраномах на Бульвары чагосьці не было, бацькі казалі: «Схаджу яшчэ «на горку».
Улетку ўсе старажоўскія дзеці, у тым ліку Зміцер Саўка, хадзілі купацца на Камсамольскае возера.
На Канатным завулку, які спускаецца да возера ад Старавіленскага тракту, стаялі прыватныя дамы. Уздоўж іх бабулькі прадавалі пеўнікаў на палачках: жоўтых, чырвоных, зялёных. Накупаўшыся, малыя 1970-х з ахвотай «рабілі касу» гэтым жанчынам.
Па забрукаваным Старавіленскім тракце, як і цяпер, хадзілі трамваі. «Мы з хлопцамі клалі на рэйкі манеты, каб яны расплюснуліся. У мяне была адна, вельмі прыгожая, я зрабіў у ёй дзірачку і гады тры насіў на шыі на чырвонай нітцы. Пасля яна згубілася, і больш ідэі не ўзнікала».
Купаліся не толькі ў возеры — у дварах цякла (цячэ і цяпер, але па трубе) рэчка Пярэспа.
«Мы не ведалі, што гэта рэчка называецца Пярэспа. У нас яна называлася Ванючка. А поўная назва была Вялікая-Рэчка-Маці-Ванючка».
Ушыркі рэчка немалая — метраў пяць, але вельмі плыткая. У двары дома па Машэрава, 56 быў масток, а ля яго праходзіла труба, уся ў глеі.

«Я быў другакласнік, мы вучыліся ў другую змену. І вось я прапанаваў сябрам, каб яны нацягнулі вяроўку, і я, трымаючыся за яе, прайшоўся па трубе. Зразумела, што я ўпаў у рэчку. Мама дагэтуль узгадвае: памятаеш, як ты ўвесь мокры дамоў прыйшоў…»
Падросшы, тыя ж хлопцы сталі пастаяннымі наведнікамі фарфоравага заводу:
— Лазілі на «фарфарку», цягалі шарыкі, яшчэ нейкія паўфабрыкаты і прадукцыю. Але я неяк не лазіў, — усміхаўся Саўка.
— Часта работнікі хадзілі па кватэрах, прадавалі фарфор. І праз плот усе дзеці лазілі, выкінутае прыносілі дахаты. Назбіраюць і прынясуць. І Міцька прыносіў малы, — маці памятае сітуацыі іначай.

Фарфоравы завод, які тры гады таму нарэшце змаглі прадаць пад знос (хоць на гэтым усё і спынілася), быў для наваколля і нажывай, і крыніцай трывог. Аўгіння Радзівонаўна Саўка ўзгадала, як «адзін раз яны там нешта кепска выключылі, дык такі сігнал быў, людзі падумалі, што вайна — павыскоквалі з дамоў, а аказалася, яны нешта не так выключылі. Ну такая была сірэна — на ўвесь раён».
Да таго ж час ад часу фабрыку можна было «ўнюхаць»: «Увесь час не пахла, але пятніца вечар — гэта класічны час. Начальства сыходзіла, і яны тады нешта выкідалі ў паветра».
Двор
Заходзім у двор, дзе правёў дзяцінства Зміцер Саўка.
— Зусім каля нашага дома, дзе цяпер дзецкі сад, быў часны дом, ты хадзіў туды па вішні, — нагадвае маці сыну. — З дзедам дружыў. Дзед дасць вішню адну, ну больш не ўмяшчалася, ручка маленькая — ён спускацца не можа і на чацвярэньках пойдзе. Як ідзе дзед, то бяжыць за ім, дзед яму вішняў дасць. Вішня тая доўга стаяла…
Прысаджваемся адпачыць. Зміцер Саўка паказвае на ясень побач з лаўкай: «Тут была пляцоўка, дзе мы гулялі ў футбол. Гэта адзінае дрэва, якое замінала гульні, але часам тут рабілі браму.
Усе, хто жыў у гэтым двары, павінны памятаць аграмадныя таполі: была ліштва набіта, і тут выбівалі дываны. Толькі адно было такое месца. На правай таполі на вышыні метр восемдзесят быў сук, і дзеці на яго залазілі. Аднаго разу туды залез я. І ўпаў. Унізе ляжалі бетонныя пліты, там яшчэ вушы тырчалі, праўда, былі загнёныя. Раней пра гэта ніхто не дбаў: скончылася будоўля, і валяліся пліты дзесяцігоддзямі. Вось я на іх упаў, але нічога не адчуў, мне нічога не балела. Так шчасліва гэта скончылася. Гэта цяпер стараюцца дагледзець, прыбраць тэрыторыю, тады пра гэта думкі не было: збудавалі — будзьце ўдзячныя. Аднаго разу я ўцякаў ад пагоні, вельмі бліскуча сышоў, і быў вельмі задаволены. І на расслабоне не заўважыў, як зачапіў нагу аб вуха пліты. Мне потым месяцамі балела — гэта пра тое, што пліты гэтыя заставаліся ляжаць…»
Ад абмеркавання культуры будаўніцтва перайшлі да тэмы смецця:
— Кантэйнераў тады ніякіх не было, практыка была наступная: будуюць з сілікатнай цэглы дамок, і людзі скідаюць праз вакенца ў гэты капітальны цагляны дамок смецце. Была прыступка — драўляны пастамэнцік, — каб ты мог на пэўнай адлегласці выкінуць смецце.
— Ды кідалі проста каля будкі гэтай, хто туды лазіў! — махае рукой Аўгіння Радзівонаўна.
— Так, некаторыя не даходзілі, кідалі пад сцены. Потым прыязджалі смеццяры і выграбалі.
Увосень са смецця палілі вогнішчы. На вогнішчах арганічнага смецця дзеці смажылі хлеб на самаробных кіёчках.
Адным людзям была радасць — новы двор, новая кватэра. Другім тое адгукалася горам — зносілі іх спрадвечныя сялібы. Новыя жыльцы спачувалі. Аўгіння Радзівонаўна распавяла, як адзін стары з суседняга двара, калі пачалі зносіць яго дом, «так расстроіўся, што пачаў хварэць і памёр. Так не хацеў з’язджаць з дома свайго, хоць і блізка пасялілі — у суседнім доме, на пятым паверсе…»
«Тут фруктовыя дрэвы павырублівалі, раней гэтых пустак не было, — мы ідзём праз двары шматпавярховікаў. — Каб чалавек прыехаў і пабачыў, ён не пазнаў бы ніколі».
Штодзённыя цяжкасці
Зміцер і Аўгіння Радзівонаўна згадвалі пра характэрныя праблемы мінскай штодзённасці 1970-х: паходы па магазінах у пошуку прадуктаў, паездкі на працу.
«Вось тут паварот транспарту з бульвару, — Аўгіння Радзівонаўна паказала перасячэнне з Веры Харужай. — Тады ж не было ніякага метро, у аўтобус не сесці было, можна было прастаяць трыццаць хвілін раніцай — і не сесці на транспарт. Прыходзіш на прыпынак, там чарга, займаеш. А як толькі падыходзіць транспарт, усе бягуць, ніякай чаргі не саблюдаюць! Былі старыя аўтобусы-тралейбусы, і там былі пляцоўкі, можна было прычапіцца. Некаторыя маладзейшыя стаялі на рагу — не ішлі на прыпынак — і чапляліся. Але гінулі людзі… Мужыкі чапляліся, нават жанчыны чапляліся. А трамваі былі ўсе аблепленыя. Кандуктара так прыдушаць, што яна ніякіх білетаў не прапаноўвае — хаця б ёй на сваё месца!»
У дамку ў дварах (Чарвякова, 2/5) была прадуктовая крама «на Пярэспе». «Я памятаю, — кажа маці Змітра Саўкі, — як тут языкі прадавалі па рубель семдзесят. Я пастаяла і набрала языкоў. Мы іх адварвалі, скуру паздымалі і елі. Такая смаката была! Тады чэргі былі — па чатыры гадзіны стаялі. Па апельсіны па шэсць гадзін, па бананы» (экзатычную садавіну прадавалі на рагу бульвара Шаўчэнкі, там цяпер крама «Міла»).
Яшчэ адзін гастраном стаяў на скрыжаванні Даўмана і Крапоткіна, перад «Белінвестбанкам».
«Насупраць быў авашчны магазін, і там заўжды такая ўжо лужа стаяла! І сколькі п’яных ля гастранома валялася — гэта не перадаць, я столькі ніколі не бачыла! І ўдзень! Помню, дзеўка ляжыць п’яная, я думаю: напэўна, ёй плоха. Ідуць хлопцы маладыя, яны падышлі да яе, а яна як плюне на іх!»
Яўрэі
Зміцер Саўка быў яўрэем на чвэрць: бацькава мама — яўрэйка з Бабруйска. Гэтую кроў Саўка ў сабе цаніў і яўрэйскай культурай цікавіўся з дзяцінства. Разам з сябрам яны хадзілі ў адзіную ў БССР сінагогу (на скрыжаванні Крапоткіна і Камуністычнай). Усе людзі ведалі, што гэты дом — сінагога, хоць ніякіх апазнавальных прыкмет не было. «Габрэі паставілі там мінору, але ўжо ў перабудову». Унутры сінагога моцна адрознівалася ад звыклай хаты: шырокая плошча, невысокая столь. Збіралася дзядоў 20—30, сядзелі на лаўках, маліліся.
— Мы з Рыгорам туды хадзілі, — распавядае Саўка. — Рыгор — габрэй, але ён нічога пра гэта не ведаў, не ведаў, як паводзіцца. Ён ведаў, што трэба ісці ў шапцы, што дзед ходзіць у шапцы абавязкова.
— А я запрашала суседку туды схадзіць, — кажа Аўгіння Радзівонаўна, — а яна не захацела, пабаялася, што яе забяруць КГБ. То і я не пайшла, хоць я сама не баялася, — і задумаўшыся дадае: — Гэта вас пусцілі, а мяне маглі не пусціць, дарослую.
— А я думаю, за савецкім часам ніхто б слова не сказаў. Калі сінагога адчыненая — вось у суботу — заходзь хто хоча. Бо яны самі баяліся, каб не было канфлікту, скандалу, правакацый, бо іх проста б зачынілі. Гэта была адзіная сінагога ў паваенным Мінску, больш не было сінагог.
Пытаю, ці адчувалася непавага да яўрэяў, ці быў антысемітызм.
— Пабытовы антысемітызм, звычайна, быў. І сярод работнікаў акадэміі, і людзей з вучонай ступенню.
— Не, хіба сярод дзяцей, а сярод дарослых не было такога, — пярэчыць Аўгіння Радзівонаўна. — Нармальна было. Ніхто ў пад’ездзе ніколі не сварыўся. Не закрываліся. І здароваліся. А цяпер усе адзін на аднаго плюе.
Знакамітасці
Падчас шпацыраў Саўка расказваў і гісторыі з дарослага жыцця, паказваў дамы знакамітых сваіх знаёмцаў: «У наступным доме ад лазні (Харужай, 42) — кватэра Алеся Разанава.
Я хадзіў да яго, каб ён паставіў подпіс і даў накіраванне ад імя Саюза пісьменнікаў, каб я мог паехаць на вывучэнне курсу літоўскай мовы ў Віленскі ўніверсітэт».
Паказвае на дом пачатку 2000-х на вуліцы Гая: «Вось там дом стаіць на рэчцы, на Пярэспе. Тут кватэра Мікалая Чаргінца».
У адным двары з Саўкамі жыў гісторык Уладзімір Ісаенка: «Ён займаўся археалогіяй, а непрафесійна займаўся вайной. Але лепшага знаўцы гісторыі вайны не было.
Ён наўмысна афіцыйна вайной не займаўся, бо яго сям’я была вывезеная ў Нямеччыну. Пасля вайны ў Нямеччыне былі аддзелы, якія лавілі тых, хто не хацеў вяртацца ў Савецкі Саюз… Якім чынам ён вярнуўся, не ведаю, але ён напісаў успаміны, надрукаваў іх у часопісе «Arche».
Рэзкія эмоцыі Саўка дапусціў адно раз — паказваючы дом у двары па Чарвякова, дзе жыў і памёр Анатоль Сыс. «Гэта была пачвара», — усяго толькі сказаў ён.

Распытваць пра адносіны дзвюх славутасцяў было няёмка, але першы раз я пачула пра гэтага паэта штосьці, не ахутанае рамантычна-паэтычным арэолам.
Справядлівасць
Асаблівым месцам для Саўкі былі могілкі Першай сусветнай, а некалі калгасны рынак: «Для мяне гэта быў Птушыны рынак».


Саўка памятаў усю тапалогію рынку: шэрагі «Усё для рыбак»; шэраг, дзе прадавалі трусоў: шэрых, белых, у бубкі; птушыны шэраг уздоўж вуліцы Харужай, дзе прадаваліся разнастайныя папугаі і канарэйкі. У мяхах прадавалі парсюкоў, таксама коз, авечак, гусі, куры, качкі. «Тут некалі Артур Клінаў з кампаніяй купіў парася, яны яго ў мяху панеслі і выпусцілі на выбарчым участку — тады праводзіліся якраз чарговыя познесавецкія выбары».

На ўездзе ў рынак (дзе цяпер брама мемарыялу з боку Чарвякова) была ямінка, напоўненая рэчывам, праз якое трэба было праводзіць коней і ўсю жывёлу — для дэзынфекцыі. Мы пасмяяліся: якраз такую ж сістэму тады ўвялі на беларуска-літоўскай мяжы для аховы Еўропы, здаецца, ад свінога грыпу.

Калі ў 70-я змянялі цеплатрасу вуліцы Чарвякова ля рынку, адкапалі шмат костак і чарапоў салдат Першай сусветнай. Саўка расказаў, што дзеці складалі чарапы ўздоўж праезнай часткі і так пужалі рэдкіх кіроўцаў.
«У 2007 годзе, я тады якраз пачаў працаваць на «Белсаце», стала зразумела, што месца збіраюцца забудоўваць. Я зрабіў фотаздымкі, напісаў тэкст, а на наступны дзень прыехалі іншыя СМІ, tut.by зрабіў вялікі рэпартаж. І ў выніку з’явіўся мемарыяльны комплекс. Можа быць, гэта і не з мяне пачалося, але і я зрабіў унёсак. Бо павінна хоць недзе быць справядлівасць».
Каментары